Твор напісаны ў стылі антыўтопіі — гэта своеасаблівае разважанне аўтара пра адносіны ў грамадстве, дзе няма здаровай канкурэнцыі, дзе ўсё існуе толькі ў адным экзэмпляры.
Два лёсы: пісьменнік без чытачоў і кароль без падданых — сустракаюцца ў філасофска-інтэлектуальнай размове, якая ані па законах жанру, ані па законах жыцця не мае шанцаў скончыцца чымсьці звычайным.
Ролі агучвалі легендарныя Віктар Манаеў, Аляксандр Падабед, Георгій Маляўскі і Ігар Дзянісаў.
Аўдыёспектакль створаны ў супрацоўніцтве з падкаст-праектам «3 акт». Гэта некамерцыйная беларуская ініцыятыва, якая займаецца стварэннем аўдыёспектакляў паводле класічнай і сучаснай драматургіі ў фармаце падкастаў.
Сёння а 19:00 «Купалаўцы» будуць чакаць вас на сваім ютуб-канале, а таксама на старонках праекта «З акт».