«Перад пачаткам змены майстры ходзяць на «аператыўку» — нешта накшталт кароткай планёркі. І вось сёння наш майстар прыйшоў з «аператыўкі» і кажа, што ім давялі, каб усе, хто жывуць у інтэрнатах, прагаласавалі датэрмінова, будуць правяраць», — кажа Андрэй, рабочы ліцейнага цэху (поўнае імя і кантакт ёсць у Рэдакцыі).
Ён таксама жыве ў інтэрнаце. Але сам сёлета галасаваць увогуле не збіраецца. Наступстваў не баіцца.
«Напэўна, кантраляваць гэта будзе загадчыца — будзе хадзіць па паверхах, прасіць, каб прагаласавалі», — кажа Андрэй.
Па яго словах, на выбарах-2010 загадчыца хадзіла па пакоях інтэрнату, заклікала галасаваць датэрмінова, але гэта не было спушчана зверху кіраўніцтвам, як сёлета.
Дарэчы, ў сакавіку 2015 года паведамлялася, што ў інтэрнатах МТЗ жыве больш за 2,5 тысячы чалавек (без уліку дзяцей).
Паводле закона, змушаць да галасавання забараняецца. Між тым перад кожнымі выбарамі прыходзяць сотні паведамленняў пра змус галасаваць датэрмінова. Для чаго людзей гоняць на датэрміновае галасаванне? Двух варыянтаў адказу тут быць не можа…