Дарэчы, пінская катэдра названа ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, таму ў дзень Багародзічнага свята ў ёй можна атрымаць поўны адпуст, то бок індульгенцыю – адпушчэнне Божых караў за здзейсненыя грахі.
У каталікоў у дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі існуе традыцыя прыносіць плады новага ўраджаю ў дар касцёлам, прысвечаным Божай маці. Таму пінскія вернікі неслі зёлкі, кветкі, каласы збожжа, садавіну, гародніну, каб ахвяраваць іх на патрэбы свайго храму. Пасля святой імшы звычайна адбываецца эўхарыстычная працэсія, ўдзельнікі якой урачыста праносяць зямныя дары, падрыхтаваныя на пасвячэнне.