12 ноября 2024, вторник01:56

Запись

Пінскія інваліды-калясачнікі падтрымалі сябра, які судзіцца з Нацыянальным аэрапортам “Мінск-2”

2 декабря 2013, 7:19

28 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёна г.Мінска разглядалася справа Яўгена Шаўко супраць Нацыянальнага аэрапорта "Мінск-2". Прадмет разбіральніцтва заключаецца ў тым, што яго, інваліда, з парушэннямі нормаў даставілі да самалёта, што пагражала яго жыццю і здароўю, а таксама нанесла маральную шкоду.

Старшыня Рады пінскай гарадской арганізацыі інвалідаў-калясачнікаў Алена Макарчук у сваім відэазвароце распавяла пра свае пакуты пры карыстанні паслугамі мінскага аэрапорта.

Год таму дзяўчына лётала па запрашэнні партнёрскай арганізацыі ў ЗША і сутыкнулася з непаразуменнем супрацоўнікаў мінскага аэрапорта: “Яны спачатку не ведалі, што са мною рабіць. Хвілін 40 раіліся аб нечым, а потым выклікалі машыну хуткай дапамогі і на ёй павезлі мяне да самалёта. Перад трапам мяне перасадзілі ў нейкі зэдлік на колах і панеслі на борт. Мне было вельмі страшна, бо на гэтым зэдліку не было ніякіх рамянёў бяспекі, і я баялася зваліцца з яго. А потым, калі цябе нясуць на руках, гэта падкрэслівае тваю бездапаможнасць. Гэтыя людзі не разумеюць, што такім чынам яны зневажаюць маю чалавечую годнасць…Цікава, што калі я вернулася на радзіму, беларусы спыталіся, ці можа, я хоць крыху магу рухацца і сама паціху вылезу…

У аэрапорце нямецкага Франкфурта-на-Майне не ўзнікала ніякіх пытанняў, там ёсць адмысловы пад’ёмнік, які паднімае ці апускае інваліда ў ягонай калясцы. Падобныя прыстасаванні ёсць і ў амерыканскіх аэрапортах. У цывілізаваных краінах ніхто не робіць трагедый са стасункаў з інвалідамі – там да іх ставяцца як да звычайных грамадзян, а гэта вельмі важна”.

Сябра пінскай арганізацыі інвалідаў-калясачнікаў Валерый Цімакін распавёў, што прыкладна гадоў 20 таму лётаў праз аэрапорт “Мінск-2” ў Нямеччыну, дык з тых часоў нічога там не змянілася. Напэўна карыстаюцца тым самым зэдлікам на колах.

Відэазварот Алены Макарчук меркавалася праглядзець як сведчанне ў час судовага разбіральніцтва  (падобныя звароты даслалі сябры Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў з усёй Беларусі), аднак суд адхіліў гэтую прапанову, прызначыў экспертызу крэслаў, з дапамогай якіх у аэрапорце дастаўляюць інвалідаў. На гэты час у судзе абвешчаны перапынак.


Папа детей Максим
Фото использовано в качестве иллюстрации, 101-roza.moscow