Пайшоў з жыцця вядомы доктар, легенда медыцыны Станіслаў Туркоўскі

Станіслаў Станіслававіч Туркоўскі, у мінулым урач акушэр-гінеколаг, памёр 20 кастрычніка.

Шмат добрага хочацца сказаць пра гэтага чалавека. Але больш яскрава ён распавёў пра сябе сам у інтэрв’ю, якое даў аўтару гэтых радкоў перад сваім 75-гадовым юбілеем, у 2010 годзе.

Інтэрв’ю друкуецца без скарачэнняў (першакрыніца – газета «Информ-прогулка», дзе аўтар – Святлана Гарда – працавала ў той час).

«Жаночы» доктар з «вачыма» на пальцах

Ён ніколі не думаў пра гонар і славу, але яго прозвішча на слыху ўжо амаль пяць дзесяткаў гадоў. Ён рабіў унікальныя аперацыі: адным дарыў надзею спазнаць найвялікшае шчасце мацярынства, другіх літаральна выцягваў з таго свету. Ён і сам у нейкім сэнсе унікальны, бо за 47 гадоў працы дапамог з’явіцца на свет недзе 39 тысячам немаўлят. Праз яго рукі, рукі ўрача акушэра-гінеколага, ў літаральным сэнсе прайшло тры пакаленні жанчын. Пры гэтым усё жыццё ён кахаў адзіную – сваю жонку.

Яго “універсітэты”

На самай справе станавіцца “жаночым” доктарам, як ласкава называлі яго, Станіслаў Туркоўскі не збіраўся. Але, відаць, так было наканавана лёсам.

Нарадзіўся ён 17 студзеня 1935 года ў мястэчку Сваятычы Ляхавіцкага раёна. Бацька ў 39-м, пакінуўшы маладую жонку з дзіцём, пайшоў у войска, больш кармільца жывым не бачылі. Маленькага Стасіка, ён так і застаўся адзіным сынам у маці, дапамагала глядзець яе малодшая сястра. Цётка была для хлопчыка “дарэктарам”, вучыла грамаце. У школу ён пайшоў ажно ў чацвёрты клас. Было складана, бо рускай мовы наогул не ведаў – толькі польскую і беларускую.

У 1949 годдзе, пасля васьмі класаў, Станіслаў паступіў у Баранавіцкую фельдшарска-акушэрскую школу, а ў 1953 – у Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Дарэчы, прымаць дакументы ў інстытут у хлопца не хацелі – не было пасведчання аб сканчэнні школы. Прыйшлося дабівацца дазволу на здачу экзаменаў у інстытут у Міністэрстве аховы здароўя. Дазволілі, але скептычна папярэдзілі: усё роўна не здасі… А ён здаў. І стаў студэнтам лячэбнага факультэта.

Станіслаў Станіслававіч і сёння памятае прозвішчы інстытуцкіх выкладчыкаў і нават тое, на якія пытанні даводзілася адказваць на экзаменах, на якія тэмы пісаць сачыненні. Фенаменальная памяць.

З першага курса пачаў зарабляць. Першая “пасада” – качагар у Міністэрстве сельскай гаспадаркі. Потым быў санітарам, а з сярэдзіны трэцяга курса ўладкаваўся медсястрой у экстранна-аперацыйны блок 3-й клінічнай бальніцы. Тут працаваў да атрымання дыплома і, як сам гаворыць, шмат чаму навучыўся. Наогул жа, у яго планах было пакарыць хірургію.

Стаў гінеколагам, бо не было стаўкі хірурга

Пры размеркаванні Станіславу Туркоўскаму паказалі кропку на карце – вёска Сінкевічы Лунінецкага раёна. Упіраўся, ехаць не хацеў. Але ж 14 верасня 1959 года прыбыў на месца. З урачом, які працаваў да яго, – Міхаілам Аляксандравічам Пугачам – сустрэліся яшчэ па дарозе, у цягніку. Той распавёў, што жыць маладому спецыялісту прыйдзецца ў прыбудоўцы да амбулаторыі. Наогул жа, умовы такія, што ні свету, ні дарогі, пясок ды блохі.

Працы для маладога доктара было шмат. Як раз успыхнула дыфтэрыя. Гэта стала сапраўдным выпрабаваннем, бо паміралі дзеткі. Ён жа ўмеў рабіць усё: роды прымаць (у год іх было каля 120), раны зашываць…

Пасля года працы ў вёсцы прывёз сюды жонку. Дарэчы, з Тамарай пазнаёміліся на радзі-ме Станіслава, куды дзяўчына прыехала па размеркаванні пасля педінстытута.

У Сінкевічах адпрацаваў 6 гадоў, да таго, як атрымаў назначэнне на пасаду намесніка галоўнага ўрача райбальніцы. Паколькі вакантнай стаўкі хірурга не было, яму прапанавалі практыкаваць акушэрам-гінеколагам.

“Кіраваць – не для цябе, а вось у акушэрстве далёка пойдзеш”, – заўважыў неяк кіраўнік установы Мікалай Кулік. І ў 1967 годдзе Станіслаў Станіслававіч Туркоўскі ўзначаліў акушэрска-гінекалагічную службу раёна. На гэтай пасадзе бяссменна працаваў да самай пенсіі. А потым яшчэ 12 гадоў заставаўся ў медыцыне.

“Вочы” на пальцах

Так, як Станіслаў Станіслававіч, пра сваю работу, можа распавядаць толькі па-сапраўднаму адданы ёй чалавек.

– Вы рабілі аперацыя, лекавалі, прымалі роды, – разважаю падчас нашай гутаркі. – Усё ж такі, што прыносіла найбольшае задавальненне?

Ён адказвае імгненна, не задумваючыся:

– Бачыць вочы жанчыны, якая толькі што нарадзіла. У іх адлюстроўваецца ўвесь свет… Разумееце, акушэрства – гэта майстэрства, – дзеліцца суразмоўца, гінекалогія – рамяство. Самыя цяжкія аперацыя – акушэрскія. Кожныя роды – непрадказальныя. Жанчынай падчас родаў трэба кіраваць. Ну, крычыць на чым свет стаіць, нельга супакоіць. Здаецца, не шкада, няхай бы выплёсквала эмоцыі, але ж акушэр разумее: скрычыцца – тужыцца не будзе. Па-ўсякаму было: і па галаве пагладжу, і пажартую, а на кагосьці – і пасваруся. Не без гэтага. Прычым, ведаеце, ні адна ж не крычыць, калі муж пад вокны прыйдзе! Адна парадзіха неяк выказала: “Вы жорстка прымаеце роды… Але ўсё роўна да Вас прыйду”. Траіх так і нарадзіла ў мяне…

– Усе прызнавалі: Вашы аперацыі былі унікальныя . У чым жа ўсё ж такі сакрэт Вашага прафесійнага майстэрства?

– Шмат чытаў спецыялізаванай літаратуры. У мяне яе стосы. Заўсёды пасля складаных родаў прыходзіў дадому і ўпэўніваўся па кнігах, ці ўсё зрабіў правільна. Да таго ж я – ляўша: дзе не дастану правай рукой, дапамагу левай. І яшчэ: у блізарукіх людзей больш развіты слых і пачуццё дотыку. У мяне “вочы” на пальцах.

– Шчасце мацярынства – найвялікшае шчасце. Сёння ёсць метад ЭКА, які дае на-дзею нарадзіць і ў безнадзейных выпадках…

– Так, жанчына перш за ўсё павінна быць маці. А ўжо потым будаваць кар’еру, здабываць матэрыяльныя каштоўнасці. Сёння часта як адбываецца? Зацяжарала жанчына, як гаворыцца, па маладосці і бяжыць на аборт, апраўдваючы сабе тым, што няма кватэры і ўсялякіх там каштоўнасцяў. Купляюць кватэру, мэблю, машыну… А потым зацяжараць не атрымліваецца. Прыходзіцца прадаць усё, што набывалі, каб зрабіць ЭКА. Каштуе такое апладатварэнне дорага, а гарантый на паспяховасць ніхто не дасць. Таму ў першую чаргу – дзеці, а ўсё астатняе нажывецца. І адно дзіця – таксама не дзіця. У Беларусі ж 75% сем’яў з адным дзіцём.

Апошнім часам усё больш родаў праходзіць пры дапамозе кесаравага сячэння. Гэта апраўдана?

– Раней на 1.500-1.600 родаў было 30-35 “кесаравых” і то – па паказчыках. У мяне жалезнае меркаванне: дзіцё павінна адчуць стрэс родаў. Даказана, што людзі, народжаныя звычайным шляхам, больш загартаваныя. Праўдзіва заўважана: кесарава сячэнне аднойчы – кесарава сячэнне заўсёды.

– Як ставіцеся да партнёрскіх родаў?

– Адмоўна. Вы б, напрыклад, хацелі б, каб муж бачыў, як Вы родзіце?

– Не.

– Вось. І я лічу, што глядзець на жанчыну ў час, калі яна так мучыцца, мужчыне няма чаго. Лепш зазірнуць у яе вочы пасля…

Станіслаў Станіслававіч, праз Вашы рукі “прайшла” неймаверная колькасць жанчын. Прызнайцеся, ці гля-дзелі хоць на адну не як доктар, а як мужчына?

– Ніколі. Заўсёды кахаў толькі жонку, захоўваў вернасць ёй усё жыццё… А вось сярод спадарожнікаў маіх пацыентак раўніўцаў хапала. Такім мужчынам заўсёды казаў: “Супакойцеся, дзе вы шукаеце задавальненне, я – работу”.

– А што для Вас жаночая прыгажосць?

– Прыгажосць – форма, дабрыня – змест. Часамі ёсць адно, няма другога. А вось калі форма і змест спалучаюцца – гэта цудоўна. Наогул, жанчын трэба штодзённа шанаваць. Яны экспансіўныя, моцныя духам. Без іх – аніяк…

Ці сніцца Вам праца?

– Не. Толькі прыходзяць на памяць трагічныя выпадкі. Думаю, аналізую, ці можна было іх пазбегнуць. Аднойчы, калі ўжо ў Лунінцы працаваў, выклікалі мяне ноччу на далёкі хутар. Зіма, дарогу занесла. З “хуткай” перасеў на трактар. Не даехалі метраў сто да хаты, чуем – галашэнне даносіцца. Трактарыст кажа: “Вы тут ужо не патрэбны”. Заходжу ў хату і бачу: шасцёра дзяцей з нованароджаным і маці – мёртвая… Акушэрка позна схамянулася, што сама не здолее прыняць роды… Смерць парадзіхі, і не па маёй віне, для мяне станавілася асабістым горам.

– Усё жыццё Вы працавалі не ў лепшых умовах. У новым радзільным аддзяленні хацелася б яшчэ папрацаваць?

– Клікалі. Але ж сваё я адпрацаваў. Няхай маладыя вопыт набываюць. Прыгожае аддзяленне, добра абсталяванае. На адкрыцці, куды мяне запрашалі, пажадаў калегам паболей работы, як у тыя часы, калі ў раёне было па 2.200-2.300 родаў у год.

– Хто з Вашых паслядоўнікаў найбольш Вам дарагі?

– Вучыў усіх сённяшніх гінеколагаў, акрамя маладых, што толькі прыйшлі … Аднойчы я прыняў неданошанага хлопчыка, весам кіло дзвесце. Хутка была патрэбна кроў. Паколькі мая група супадала, зрабілі прамое пераліванне… Хлопчык вырас, стаў акушэрам-гінеколагам (смяецца). Па крыві, мабыць, перадалося. Гэта Святаслаў Яначкін. Ён вельмі добры ўрач.

З удзячнасцю

Станіслаў Станіслававіч канчаткова пайшоў на адпачынак тры гады таму. Ад суму па жонцы, каханай і надзейнай сваёй спадарожніцы, шчыміць сэрца. Але ён стараецца быць бадзёрым і нават, як і раней, застаецца жартаўніком. Найвялікшая яго радасць – 12-гадовая ўнучка Ганначка, адзіная дзяўчынка сярод чатырох унукаў. Яна часцей за ўсіх бывае ў дзядулі. Абодва сыны, Ігар і Генадзь, а таксама абедзве нявесткі – урачы. Ці пойдзе нехта з унукаў па слядах дзядулі і бацькоў, Станіслаў Станіслававіч прарочыць не адважваецца. “У кожнага свой лёс”, – лічыць ён.

Зараз у яго шмат часу, каб чытаць і перачытваць любімыя творы Коласа, Караткевіча, Міцкевіча, ён з лёгкасцю цытуе вытрымкі на памяць. “Пан Тадэвуш” у арыгінале на польскай мове – адна з любімых кніг. Выпісвае шэраг перыядычных выданняў, вядзе падшыўкі.

Яшчэ аддушына для Станіслава Станіслававіча – спорт. Прызнаецца: “За ўсё жыццё толькі аднойчы быў на бальнічным, калі аперацыю на апендыцыт зрабілі”. Ніколі не трымаў у руцэ цыгарэту. Тры разы на тыдзень ён ходзіць у спартыўную школу займаца цяжкай атлетыкай. “Зараз крыху нагрузкі збавіў, – смяецца, – 75 усё ж такі!”

Калі на развітанне пытаюся Станіслава Станіслававіча пра найвялікшае пажаданне для сябе ў юбілей, ён гаворыць: “Ведаеце, я – максімаліст, таму – як будзе, так будзе…” На секунду ён задумваецца, а я сачу за яго вачыма, у якіх, за тоўстым шклом акуляраў, загараюцца вясёлыя іскаркі. І раптам са шчырасцю дадае: “Ну, нядрэнна было б дачакацца праўнука ці праўнучкі… Прыкласці родны маленькі камячок да сэрца…”

Памяць пра легендарнага доктара застанецца ў тысячах сэрцаў.

Поделиться

Последние новости

Какая погода на последней ноябрьской неделе?

На Полесье на рабочей неделе по ночам около нуля, а днём со знаком плюс.

10 часов назад

Samsung готовит смартфон с тремя экранами – такой пока есть только у “китайцев”

На данный момент единственной компанией, выпустившей так называемую "трикладушку", является Huawei.

10 часов назад

Можно ли быть готовым к рождению ребёнка и как это проверить

Сколько бы книг о детях вы ни перечитали, ожидание и реальность могут не совпасть.

12 часов назад

Россияне способны полностью оккупировать Донецкую область: военный спрогнозировал сроки

Захватчиков не нужно недооценивать, подчеркнул врио командира взвода роты "Гонор" батальона "Волки Да Винчи".

12 часов назад

9 простых советов, как не набрать лишний вес в новогодние праздники

Эти приемы помогут насладиться веселым временем года и не набрать лишних килограммов.

13 часов назад

Как диагностировать рак на ранней стадии, рассказали онкологи

Несколько простых действий помогут выявить опасную болезнь заблаговременно, что, по статистике, многократно увеличивает шансы на…

14 часов назад