11 декабря 2024, среда22:13

Запись

Павел Ляхновіч: “Не можа знікнуць народ, у якога такая мова”

14 октября 2014, 0:26

Пінскі пісьменнік Павел Ляхновіч прэзентаваў сваю новую кнігу-казку “Ігнась-чарадзей”, распавёў, як пісалася кніга, падзяліўся творчымі планамі. Прэзентацыя адбылася ў зале гасцініцы “Прыпяць”.

ДАВЕДКА МП:

Павел Ляхновіч нарадзіўся ў Мінскім раёне, дзіцячыя і юнацкія гады правёў на Ракаўшчыне. Скончыў Каспійскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча ў Баку. Служыў на Паўночным флоце СССР у Мурманскай вобласці. Працаваў выкладчыкам у Пінскім вучэбным атрадзе ВМФ СССР. Пасля звальнення ў 1991 годзе, працаваў карэспандэнтам у рэгіянальных газетах, трэнерам па кік-боксінгу, целаахоўнікам, на лядовых пераправах у Расіі, на будоўлях у Варшаве, Салехардзе і пад Масквой, кіраваў камерцыйнымі прадпрыемствамі. Друкаваўся ў часопісах “Дзеяслоў”, “Тэрмапілы” (Польшча), ”Абажур”, газетах “Пінскі веснік”, “Літаратурная Беларусь”, “Царква”. Аўтар зборнікаў апавяданняў “Пачатак сезона”, “Золата князёўны”, “Зялёны дуб”. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Як пісалася кніга

Твор быў напісаны семь гадоў таму спецыяльна для конкурса Імя Янкі Маўра, на якім Павел Ляхновіч заняў 3 месца. Доўгі час аўтар нідзе не мог надрукавацца. Усе выданні адмаўлялі, маўляў – гэта нефармат, дзіцячы твор.

– У рэшце рэшт з падачы Ніны Мацяш я прапанаваў гэтую казку для літаратурна-мастацкага часопіса “Тэрмапілы”, які выдаецца ў польскім Беластоку, – распавядае спадар Ляхновіч. – Ян Чыквін, галоўны рэдактар часопіса, ўзяў і надрукаваў казку. Потым быў беларускі часопіс “Верасень”, а далей выдавецтва “Мастацкая літаратура” прапанавала выдаць казку асобнай кнігай. Спачатку сумняваўся. А потым вырашыў, што гэта будзе мая маленькая цаглінка ў захаванні беларускасці. Трэба было прайсці шмат інстанцый, узгадненняў, і нарэшце сёлета кніга пабачыла свет. Накладам 2000 асобнікаў.

Аб чым кніга

Хлопчык, які жыве на хутары, вельмі хоча пагуляць з іншымі дзецьмі, а яго не пускаюць у суседнюю вёску. Таму ляжыць ён на вялікім камяні-валуне і марыць аб нечым казачным, напрыклад, пераўтварыцца ў бусла. Як высветлілася, гэты валун можа выконваць жаданні…

Для каго кніжка

– Кніжка для дзяцей ад 11 да 17 гадоў. У прынцыпе – гэта ўражанні з майго дзяцінства, – канстатуе Павел Ляхновіч. – Апісваюцца прыкладна 50-я гады мінулага стагоддзя, калі я быў малы. У твор нават увайшло некалькі эпізодаў з майго асабістага жыцця. Напрыклад, некалі ў дзяцінстве вучыўся плаваць, скінуў на беразе возера ўсю вопратку і боўтаўся ў вадзе. Нехта вельмі спрытны за гэты час скраў маё адзенне, прыйшлося бегчы дадому голым. Дык потым, нават у сталым узросце, бацькі імкнуліся мяне пракантраляваць, каб нідзе нічога не згубіў.

Літаратурныя планы

Спадар Ляхновіч кажа, што піша шмат. ”Але ў гэтай справе павінна быць натхненне, каб муза часцей наведвала”, – прызнаецца ён і дадае, што дакладна не збіраецца пісаць гістарычныя творы, бо не хоча выглядаць смешным. Ён робіць пераклады на беларускую мову з рускай і польскай моў.

Захапленні

– Нырцую за самамі і язямі ў Сыры і Прыпяці, са стрэльбаю за плячыма тапчу палескія балоты і палеткі, – гаворыць пісьменнік. – Вучу хлопчыкаў кулачнаму бою, бо разумная галава павінна быць на моцным целе. А вечарамі пішу апавяданні і граю на дрындзе  – гэта такі шчыпковы музычны інструмент, на якім, як сёння лічыцца, граюць толькі чукчы. На самой справе дрында была распаўсюджана па ўсім свеце, у тым ліку і на нашых землях. Цікава, што да нашых часоў захаваўся выраз : “Што ты трындзіш?”. Граць на дрындзе здаецца проста, але пры гэтым уваходзіш у сваеасаблівы транс.

Пра народ і мову

Часам можна чуць: “Ой, знікае беларуская мова, гіне народ, распушаецца ў расійскім свеце. Лічу, што не можа знікнуць народ, у якога такая мова. Беларуская літаратура – гэта вялікая літаратура і па аб’ёму, і па якасці. Таму кожны беларус павінен хоць нешта зрабіць, каб  захаваць гэту спадчыну да лепшых часоў. Я спадзяюся настануць для нас лепшыя часы.


Иллюстрация media-polesye.com
Снимок носит иллюстративный характер / Фото из архива Медиа-Полесья