Прыкрае непаразуменне! У гутарцы з БАЖ сябры і калегі расказваюць пра ягоныя выдатны музыкальны слых, любоў да вясковага жыцця і дабрачынную дзейнасць, аб якой да апошняга часу амаль ніхто не ведаў.
«Адразу не скажаш, што гэта адкрыты і вясёлы чалавек»
Калі блізкія пачынаюць распавядаць пра Алеся Любенчука, інтанацыі адразу ж мяняюцца — голас становіцца больш бадзёрым, аднак пасля з’яўляюцца настальгічныя ноткі.
— А вось ягоныя эмоцыі не заўсёды можна было зразумець па твары, — расказвае журналіст Зміцер Міцкевіч. — У Алеся добрае пачуццё гумару, ён любіць пажартаваць, але адразу не скажаш, што гэта адкрыты і вясёлы чалавек. Яго трэба спярша пазнаць, даведацца і тады будзе зразумела, з кім насамрэч маеш справу.
Алесь Любянчук нарадзіўся ў Пінску, і палешуцкі код, як кажуць сябры, адбіўся на рысах характару: у добрым сэнсе слова упарты, сціплы і заўсёды гатовы дапамагаць іншым.
— Паляшук з хітрынкай! — з такім эпітэтам пагаджаюцца нашыя субяседнікі.
Ён адразу пачаў працаваць журналістам і зразумеў: маё! Прафесійнае жыццё бачыў праз аб’ектыў відэакамеры. Аднак мала хто ведае, што ён таксама — выдатны фатограф.
— Самыя мае любімыя здымкі Нёмана зрабіў менавіта Алесь, — прызнаецца тэлевядучая Кацярына Ткачэнка, якая знаёмая з ім на працягу 15 гадоў. — Як таленавіты чалавек, ён захапляецца жыццём ва ўсіх праявах: вельмі любіць прыроду, паходы, байдаркі. А яшчэ выдатна ездзіць вярхом!
«Быў бы першай скрыпкай»
У Алеся Любенчука абсалютны слых. Ён файна грае на гітары. Часта шкадаваў, што няма часу займацца, але ж галоўным інструментам для яго заўсёды была скрыпка.
— Якраз трынаццаць гадоў таму святкавалі яго дзень народзінаў, — працягвае Кацярына Ткачэнка. — Прыдумалі незвычайны падарунак. Паклалі ў футляр саламяную скрыпку. Калі ён адкрыў, то вельмі здзівіўся: «А я ж падумаў, што зараз вам сыграю!»
Па словах сябраў, музыка грала вялікую ролю для Алеся Любенчука. Калі чуў фальшывыя ноты ў вулічных бэндаў, заўсёды звяртаў на гэта ўвагу.
— Здаецца, у жыцці ён таксама адчуваў фальш. Ён ніколі ні перад кім не выдыгаў. Такі ў яго характар, — дадае Кацярына Ткачэнка. — А калі б стваралі музычны гурт з журналістаў, то ён напэўна быў бы першай скрыпкай.
«Рабілася добра ад таго, што свет стаў крыху лепей»
Яшчэ адна малавядомая рыса журналіста — яго рэлігійнасць. Усе, хто яго добра ведае, адзначаюць: гэта сапраўдны хрысціянін, царква грае ў жыцці Алеся Любенчука вялікую ролю.
— Ён дапамагаў людзям, у якіх не так шмат грошай, — узгадвае Зміцер Міцкевіч. — Не праз фонды, а наўпростава. Збіраў рэчы для шматдзетных сямей ці тых, хто апынуўся ў кепскім фінансавым стане. Але ніколі не расказваў аб гэтым. Ведалі толькі блізкія людзі.
Здаецца, Алесю Любенчуку падабалася бачыць, калі яго дапамогай карысталіся, і яму рабілася добра ад таго, што свет стаў крыху лепей.
— У яго моцная эмпатыя, — пацвярджае Кацярына Ткачэнка. — Ён вельмі шмат каму дапамагае, але не афішуе, не выкладае здымкі ў сацсетках. Сапраўдны хрысціянін. Гэта не проста словы, а ягоны жыццёвы стрыжэнь.
Рэпарцёр пастаянна ездзіў па вёсках, арганізоўваў паездкі, знаходзіў інфанагоды для сюжэтаў.
— Ён ведае шмат людзей, у якіх багаты культурны бэкграўнд. Шукае, што варта паказаць, на што звярнуць увагу. Да таго ж чуе шмат гісторый у царкве і па-за ёй. Гэта вельмі дапамагала ў працы, — заўважае Зміцер Міцкевіч.
Журналістыка на паўзе, але…
Апошнім часам Алесь Любянчук жыў у вёсцы на Гарадзеншчыне. Займаўся аднаўленнем гістарычна-культурнай спадчыны, арганізоўваў рачныя сплавы на чоўнах, дапамагаў дзецям-сіротам. Рэпарцёр вымушаны быў паставіць журналістыку на паўзу.
— Канешне, адысці ад прафесіі было цяжка. Журналістыка дапамагала яму выконваць персанальную місію. З аднаго боку Алесь папулярызаваў беларускую культуру, з другога — паказваў праблемы, — лічыць Зміцер Міцкевіч.
У траўні 2022 года Алесь Любянчук быў затрыманы. Яго абвінавацілі паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса — «стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім». Ужо праз тры дні пасля першага пасяджэння (у кастрычніку мінулага года) суддзя Алена Ананіч прызнала рэпарцёра віноўным і пакарала 3 гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Спроба абскардзіць рашэнне плёну не мела.
Ва ўмовах інфармацыйнай ізаляцыі некаторыя звесткі з-за кратаў усё ж прасочваюцца. Цяпер сябры лічаць за лепшае не распавядаць нічога лішняга.
— Галоўнае, што не губляе бадзёрасці духа, чытае кнігі і спрабуе вакол сябя наладзіць побыт, як заўжды гэта рабіў, — кажа Зміцер Міцкевіч.
Блізкія журналіста лічаць, што той ведае пра хвалю падтрымкі палітзняволеных, якая не спыняецца.
Нагадаем, што БАЖ ініцыяваў марафон па падтрымцы зняволеных супрацоўнікаў медыя. Да яе далучыліся рэпарцёры і праваабарончыя арганізацыі ў многіх краінах свету. Адзін з партрэтаў, з дапамогай якіх нагадваюць пра беларускую бяду, — Алеся Любенчука.
Акцыя ў Вільні, травень 2023 года. Фота: БАЖ
А ўмоўнай хроснай нашага калегі стала Наталі Обервейс, чаліня дэлегацыі Люксембурга на канферэнцыі па будучыні Еўропы. Гэта таксама дазваляе падтрымліваць увагу да нашай агульнай праблемы.
— Лукашысты хочуць зламаць людзей, ператварыць іх у жывёл. Аднак з Алесем гэта зрабіць не атрымаецца, — упэўнены Зміцер Міцкевіч. — Ягоныя прага для жыцця, палесская хітрынка і разуменне, што ён на баку дабра, дадуць сілы пераадолець такія перашкоды.