Як адзначае начальнік Столінскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Літвінка, птушкам патрэбна дапамога, калі зямля пакрыта снегам: “З-за снежнага пакрова пярнатым цяжка знаходзіць для сябе корм. Таму добра, калі людзі могуць ім дапамагчы, падкарміць іх. А вось калі на зямлі няма снегу, то птушак лепш не падкармліваць”.
Лепшы корм для вераб’іных – насенне сланечніка. Можна зрабіць сумесь: насенне сланечніка, проса і авёс. Не страшна, калі якога-небудзь з гэтых кампанентаў няма.
Сініцы і дзятлы з задавальненнем ядуць несалёнае сала. Яго можна нанізаць на цвічкі, забітыя па краях кармушкі, падвесіць у сетачцы або на дроціках прымацаваць да галінак дрэў. Вераб’і, зелянушкі, попаўзні любяць ласавацца арахісам.
Падкармліваць птушак на працягу халадоў заклікае грамадскае аб’яднанне “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Акрамя таго, у аб’яднанні просяць далучыцца і да штогадовых зімовых падлікаў птушак. Каб прыняць удзел у гэтай акцыі, дастаткова 16 ці 17 студзеня (можна і на працягу двух дзён) падлічыць віды і колькасць птушак на вашай кармушцы і даслаць дадзеныя ў АПБ адным з наступных спосабаў:
- запоўніць электронную форму на сайце (форма адкрыецца 16 студзеня);
- напішыце ў АПБ паведамленне на Facebook ці ВКонтакте;
- напісаць паведамленне на [email protected].
“Мы запрашаем усіх дзяліцца сваімі ўражаннямі і фотаназіраннямі ў сацыяльных сетках і па электроннай пошце. Хто ведае, можа менавіта ваша назіранне стане сапраўдным птушыным адкрыццём?” – запрашае да ўдзелу ў акцыі “Птушкі ля кармушкі” яе каардынатар Карына Салавей і абяцае, што самыя цікавыя і адметныя фотаздымкі будуць адзначаны прызамі.
Сярод удзельнікаў акцыі, якія паведамяць свае лічбы адным з прыведзеных спосабаў, АПБ разыграе 10 значкоў з птушкамі, якія часцей за іншых наведваюць кармушкі: зелянушка, гіль, палявы і дамавы верабей.
Фота: Птушкі на кармушкахУ аналагічнай акцыіі ў студзені 2015 года пачаставацца на кармушкі, зробленыя беларусамі, завіталі птушкі 25 відаў. Разнастайнасць корму вабіць мноства птушак да вашай кармушкі.