Журналіст Сяргей Навумчык прыводзіць у сябе ў Фэйсбуку цытату: »Прыхільнік «русского мира» піша: «В Белоруссии наши люди есть везде: в армии, внутренних войсках, КГБ».
Гэтыя людзі па камандзе з Крамля гатовыя забяспечыць інкарпарацыю Беларусі ў РФ, мяркуе Навумчык.
«Беларусы, якія ваююць у АТА — адзіныя, хто мае вопыт баявых дзеяньняў у сучасных умовах і хто здольны рэальна абараніць Беларусь» у выпадку спробы Расіі захапіць Беларусь, мяркуе Навумчык.
Ён прыводзіць прыклад Украіны, дзе сілавыя структуры былі няздольныя супрацьстаяць агрэсіі, і першыя месяцы рэальны супраціў спробам захопу тэрыторый на поўдні і ўсходзе краіны аказвалі толькі добраахвотніцкія патрыятычныя структуры.
Выказванне Навумчыка па-новаму ўспрымаецца пасля ўчарашніх і пазаўчарашніх навін пра затрыманне хлопцаў, якія падазраюцца ў маляванні патрыятычных графіці ў Мінску, і пра «перакрыццё канала вярбоўкі» беларусаў для ўдзелу ў абароне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.
Калі браць юрыдычны бок, беларускае заканадаўства прадугледжвае крымінальную адказнасць за наёмніцтва ў замежных краінах.
Калі браць аспект палітычны, людзі з патрыятычнага крыла лукашэнкаўцаў часта намякаюць, што галоўнае для Беларусі сёння — ніякім чынам не справакаваць Расію на ўмяшанне, не дапускаць, каб Масква палічыла, што ў Беларусі фарміруюцца сілы, варожыя яе інтарэсам. «Калі мы недзе падставімся, з намі разбяруцца яшчэ хутчэй, як з Украінай», — у фармулёўцы самога Лукашэнкі. «Пазбегнуць нападу, стаўшы сябром патэнцыйнага агрэсара» — так можна сфармуляваць гэтую канцэпцыю.
А што вы пра гэта думаеце? Абмяркоўвайце ў каментах!