Беларускія лясгасы ініцыююць забарону на наведванне лясоў, паведамляеМіністэрства лясной гаспадаркі са спасылкай на даручэнне міністра. Забарона мае быць уведзеная ў сувязі з павелічэннем класу пажарнай небяспекі на большай частцы рэспублікі. Па краіне з пачатку сезону зафіксавана 573 пажары на агульнай плошчы ў амаль 5 тысяч гектар.
На 3 жніўня наведванне лясоў забароненае па ўсёй Брэсцкай вобласці, у Буда-Кашалёўскім, Рэчыцкім, Ельскім, Брагінскім, Лельчыцкім, Чачэрскім і Кармянскім раёнах Гомельскай вобласці, Любанскім, Мінскім, Дзяржынскім і Чэрвеньскім раёнах Мінскай вобласці.
Міністэрства таксама паведамляе пра забарону ў няісным у Беларусі Старобінскім раёне — магчыма, маецца на ўвазе Старобінскі сельсавет Салігорскага раёну альбо сам Салігорскі раён. Аператыўна высветліць гэта ў «Нашай Нівы» не атрымалася.
У іншых раёнах Беларусі наведванне лясоў на 3 жніўня дазволенае.
Мінлясгас таксама выступіў з ініцыятывай аб пераносе адкрыцця сезону палявання на птушку вадаплаўную (акрамя гусей) і балотную, вальдшнэпа, вехіра, голуба шызага, перапёлку і фазана, раней запланаванага на 8 жніўня. Рашэнне прынятае ў сувязі з устанаўленнем на тэрыторыі краіны гарачага і сухога надвор’я, а таксама ў мэтах прадухілення выпадкаў узнікнення лясных пажараў.