Званне “Ганаровы паляшук” прысвойваецца людзям, якія ўнеслі вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларускага Палесся, а таксама захаванне і папулярызацыю этнакультурных традыцый гэтага рэгіёна.
“Я, як беларус, як паляшук, гаржуся гэтым званнем, – кажа па-церабліцку Іван Піліпавіч. – Гэто вельмі вяліка ўзнагарода для мяне”.
Сярод лаўрэатаў разам з Іванам Піліпавічам – Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, генеральны дырэктар нацыянальнага парка “Прыпяцкі” Сцяпан Бамбіза, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі Міхаіл Фінберг. Дарэчы, з ім Івану Піліпавічу ўжо даводзілася стаяць поруч падчас атрымання ўзнагароды.
Разам з дыпломам кожнаму лаўрэату ўручаны бронзавая статуэтка палешука і слуцкі пояс. “То ж такая ж узнагарода! Токо ж князья Радзівілы паясы насілі. Вот цяпер урэмя прыйшло, што і я магу яго насіць!”, – гаворыць майстар.
Сёлета рэзчык па дрэве Іван Супрунчык стварыў скульптуру ў гонар Дар’і Домрачавай, кубак да Чэмпіянату свету па хакеі.
“Незразумела, што зараз у свеце робіцца, – кажа на пытанне Медыя-Палесся наконт таго, над чым зараз працуе майстар. – Вось і падыходжу да сваіх работ па-філасофску”.
Даведка:
Іван Піліпавіч Супрунчык – народны майстар Беларусі, член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, дырэктар Цэнтра драўлянай скульптуры вёскі Цераблічы Столінскага раёна.
Нарадзіўся 23 кастрычніка 1942 года ў в.Цераблічы Столінскага раёна Брэсцай вобласці.
У 1980 годзе скончыў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. З 1969г. – бібліятэкар Церабліцкай вясковай бібліятэкі. Са снежня 2007г. – малодшы навуковы супрацоўнік музея драўлянай скульптуры в.Цераблічы.
У 2001г. атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.
У снежні 2009г. за вялікі асабісты ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Столінскага раёна”.