Яна нагадала, што сёння ў Беларусі налічваецца крыху менш за паўтары тысячы палітзняволеных. Яшчэ амаль столькі ж прайшлі праз турмы, катаванні, знявагу і вярнуліся на волю з падарваным здароўем і страчанымі гадамі жыцця. Пры гэтым рэпрэссі працягваюцца, і рэжым працягвае браць людзей у закладнікі.
“Мы імкнуліся шмат што зрабіць, каб змяніць сітуацыю — публічна і не публічна. Але рэжым не мае цікавасці ў вызваленні палітвязняў. Для Лукашэнкі людзі — гэта проста расходны матэрыял, які не мае каштоўнасці. Менавіта таму ўжо шэсць зняволеных памерлі за кратамі”, — канстатуе Ціханоўская.
Нагадаем, што 21 траўня было абранае Днём салідарнасці з палітвязнямі не выпадкова — у гэты дзень у 2021 годзе за кратамі пры няясных акалічнасцях памёр палітвязень Вітольд Ашурак.
Ціханоўская заклікае штодня шукаць магчымасці, каб вызваліць людзей з турмаў. “А пакуль яны ў няволі, мы павінны іх падтрымліваць, і павінен гэта рабіць кожны з нас. Мы — голас беларускіх палітвязняў, і нам нельга маўчаць ні дня. Мы можам быць стомленымі і разгубленымі ад таго, што адбываецца навокал. Але людзі, якія знаходзяцца за кратамі, ахвяруюць кожным днём жыцця за вольную Беларусь. І сёння мы з вамі — іх голас, іх надзея. Мы не маем права падвесці нашых герояў”, — сцвярджае яна.