Категории: Происшествия

Маці супраць трансплантолагаў: Органы важней за жыццё?

Справу Ларысы Паланевіч адкрывалі, закрывалі і адкрывалі зноў шмат разоў. Па ёй было праведзена чатыры медычныя экспертызы. Высновы гэтых экспертызаў прадказальныя: ніякіх парушэнняў у дзеяннях медыкаў не знойдзена. Але...

Некалькі месяцаў таму да нас звярнулася Ларыса Паланевіч, прадпрымальніца і наша чытачка з Дзяржынску, з просьбай расказаць пра яе гісторыю, каб «ведалі людзі». Яшчэ раней пра сваю бяду спадарыня Ларыса напісала і за свае грошы выдала кнігу, якая называецца «Супрацьстаянне». У ёй — трагедыя маці, якая згубіла сына. Гэта кніга — супрацьстаянне жанчыны, маці, і сістэмы аховы здароўя Беларусі. І гэта — спроба папярэджання для ўсіх, хто з гэтай сістэмай сутыкнецца.

У 2011 годзе яе сын-матацыкліст Іван Паланевіч разбіўся ў аварыі. Праз 12 гадзін у рэанімацыі дактары канстатавалі смерць мозга. Вінаватым у ДТЗ Стаўбцоўскае ДАІ прызнала нябожчыка — не сачыў за інтэнсіўнасцю руху, парушыў рэжым хуткасці… Аднак падчас знаёмства з вынікамі праверкі Ларыса Паланевіч заўважыла ў справе паведамленне аб выняцці ўнутраных органаў для трансплантацыі.

«Супастаўляю час — і хала­дзее ўнутры. Атрымліваецца, што органы ў цябе вынялі адразу пасля нашага сыходу з бальніцы», — напісана ў кнізе…

З гэтага пачалося супрацьстаянне Ларысы Паланевіч і сістэмы трансплантолагіі Мінздароўя Беларусі.

Прэзумпцыя згоды: дараванне грахоў?

Пабачыўшы такое паведамленне, Ларыса кінулася да дактароў. Як, на якой падставе, чаму яе сына «разабралі» на органы, нават не паведаміўшы пра гэта яго бацькам? Спадарыня Ларыса паспрабавала азнаёміцца з медычнай карткай сына. У бальніцы картку ёй паказаць адмовіліся. Тады яна папрасіла дакумент, згодна з якім аперацыя па выняцці органаў праводзіцца без згоды родзічаў. Такую інструкцыю таксама не знайшлі, але знайшлі медкартку сына. І толькі тады, у прысутнасці Ларысы, у дакуменце пачалі запаўняць графу «родзічы». Ларыса прасіла паказаць пратакол смерці сына — дакладней, пратакол смерці мозга. Зноў — адмова. А на пытанне, хто прымае асноўнае рашэнне пра забор органаў, ёй паведамілі, што задача медыкаў бальніцы — патэлефанаваць на кругласуткавы нумар, што ў іх ёсць патэнцыйны донар. І ўсе далейшыя пытанні вырашаюць трансплантолагі.

І Ларыса Паланевіч пачала разбірацца. З 2007 года ў нашай краіне дзейнічае «прэзумпцыя згоды»: быў прыняты закон, паводле якога, калі асоба пры жыцці не паведаміла, што ні пры ніякіх абставінах не жадае быць донарам, то лічыцца, што яна такую згоду дала. Шмат хто выказаў занепакоенасць на падставе магчымага злоўжывання з боку медыкаў.

Іх праз СМІ супакойвалі: злоўжыванні немагчымыя. У абавязковым парадку робіцца электраэнцэфалаграма, і калі на ёй ёсць прамая лінія, то няма сумневаў — мозг памёр. Да таго ж, пасля першага кансіліуму адбываецца другі, і толькі тады, калі абодва зробяць выснову пра смерць мозга, пра наяў­насць патэнцыйнага донара ставіцца ў вядомасць рэанімацыйная брыгада. І нават нягледзячы на «прэзумпцыю згоды», калі родзічы патэнцыйнага донара прысутнічаюць у рэанімацыі, у іх у абавязковым парадку пытаюцца, ці даюць яны сваю згоду на донарства.

Пра гэта ўсё было шырока напісана ў газетах, калі тая «прэзумпцыя згоды» ўводзілася ў дзеянне. Ларыса Паланевіч звярнулася па тлумачэнне да галоўнага пазаштатнага трансплантолага Мінздароўя. Адказ ёй прыйшоў просты, паводле якога, галоўнае — «прэзумпцыя згоды», а энцэфалаграма, то бок дакументальнае пацвярджэнне смерці мозга, неабавязковая і носіць рэкамендацыйны характар!

На самай справе, як лічыць Паланевіч, другі кансіліум адбываецца за некалькі гадзінаў да забору органаў, калі неаказанне медычнай дапамогі ўжо зрабіла сваю справу…

Такі адказ даў падставы спадарыні Ларысе патрабаваць праверкі законнасці выкарыстання яе сына ў якасці донара. Паралельна пачала праводзіцца праверка Мінздароўя, якая высвятляе, што Ларысе Паланевіч адмовілі ў азнаямленні з медычнай карткай сына і іншымі дакументамі таму, што яна… папрасіла пра гэта вусна, а не пісьмова!

Тады жанчына пісьмова звярнулася ў медыцынскую ўстанову — і ёй дазволілі азнаёміцца з медкарткай сына. Азнаямленне адбывалася ў кабінеце галоўнага ўрача пад пільнай увагай медработнікаў. Фатаграфаваць дакументы ці здымаць з іх копіі катэгарычна забаронена: можна толькі перапісваць вытрымкі з іх ад рукі.

Кансіліум, які невядома ці быў

У пасведчанні аб смерці ў якасці яе прычыны напісана: «размазджэнне чэрапу». Але дыягназ яе сына — закрытая чэрапна-мазгавая траўма. Пры правядзенні аперацыі канстатуецца, што косткі чэрапа цэлыя, тое самае ў рэнтгенаграме — «косткі чэрапа без структурных і арганічных пашкоджанняў». І пасля аперацыі дыягназ: «Закрытая чарапная траўма»…

Маці з бацькам загінулага ці не кругласуткава дзяжурылі ля рэанімацыйнай палаты, дзе быў іх сын. А ў медычнай картцы запіс: «Родзічы не ўстаноўленыя». Узнікае пытанне: калі ў справе «ўсё чыста», навошта хлусіць? Каб родныя не маглі адмовіць у донарстве?

У той жа час сваю праверку закончыў Следчы камітэт. Ларыса як зацікаўленая асоба атрымала доступ да матэрыялаў праверкі.

І тут — зноў шок. Не высветлена, хто з’явіўся ініцыятарам кансіліуму па смерці мозга. Цікава, што «начны» рэаніматолаг, які назіраў за яе сынам, здаў дзяжурства, папярэдне зрабіўшы прызначэнне яму лекаў на сем дзён. Нягледзячы на гэта, паводле папераў, першы кансіліум па канстатацыі смерці мозга ў Івана Паланевіча сабраўся а 8-й гадзіне раніцы і праходзіў з 8 да 10 гадзінаў. Пры гэтым удзельнікі кансіліуму не маглі сказаць, чым была выкліканая яго неабходнасць, і нават не памятаюць, колькі ўрачоў у гэтым кансіліуме ўдзель­нічалі! 

Па інструкцыі, яны павінны сабрацца разам і галасаваннем зацвер­дзіць смерць. А па дакументах высвятляецца, што ўрач-неўролаг, якая абавязкова (!) павінна была ўдзельнічаць у кансіліуме, у той жа час… праводзіла абход пацыентаў. Уласнаручна запісваючы ім у медычныя карткі рэкамендацыі. Дык ці быў той кансіліум увогуле?

Тым часам Ларысе Паланевіч адмовілі ва ўзбуджэнні справы на падставе дадзеных судова-медычнай экспертызы. Але яна дамаглася адмены гэтай адмовы. Справа была адкрытая наноў.

Паралельна высветліліся абставіны другога кансіліуму, які нібыта таксама быў праведзены. Згодна з графікам працы, у двух з трох дактароў другога кансіліуму ў той дзень былі выходныя. А трэці, рэаніматолаг, у час кансіліуму быў на аперацыі ў якасці анестэзіёлага! Атрымліваецца, другога кансіліуму таксама не было?

І самае галоўнае. «Кандыцыянаванне» патэнцыйнага донара — увод яму прэпаратаў, якія захоўваюць органы (і пры гэтым пацыенту спыняецца медычная дапамога, то бок, яго жыццё ўжо не ратуюць) пачалося ў 8 гадзін раніцы. Нават да таго моманту, як прайшоў першы (!) кансіліум, які дае згоду на прызначэнне новых лекаў.

Пытанні без адказу

Справу Ларысы Паланевіч адкрывалі, закрывалі і адкрывалі зноў шмат разоў. Па ёй было праведзена чатыры медычныя экспертызы. Высновы гэтых экспертызаў прадказальныя: ніякіх парушэнняў у дзеяннях медыкаў не знойдзена.

Але з усіх гэтых хаджэнняў па пакутах Ларыса Паланевіч вынесла адно. У нашай краіне вельмі шырока прадстаўленыя магчымасці для выняцця органаў. Але вельмі вузкія магчымасці пераканацца ў тым, што чалавек, якога рыхтуюць да донарства, сапраўды ўжо не жывы.

Усе чатыры экспертызы не далі адказаў на тыя пытанні, якія хвалявалі і дасюль хвалююць Ларысу Паланевіч.

Згодна інструкцыі Мінздароўя, камісія па ўсталяванні факту смерці мозга павінна выключыць уздзеянне на арганізм донара алкаголю і наркотыкаў. Бо медыкі ж не ведаюць, у якім стане да іх паступіў чалавек: магчыма, ён патрапіў у аварыю якраз у стане наркатычнага альбо алкагольнага атручвання. І хаця інструкцыя прадугледжвае такі аналіз, у выпадку з яе сынам, на момант прыняцця рашэння пра выняцце органаў, толькі ўзялі аналіз крыві на алкаголь. Але вынікаў гэтага даследавання яшчэ не было. Да таго ж, медыкі самі ўводзілі пацыенту наркаўтрымліваючыя прэпараты.

Выключыць прыём наркотыкаў за гэты час магла таксікалагічная экспертыза, але яна… не праводзілася! Чаму?

У складзе кансіліуму па смерці мозга абавязкова павінен быць неўролаг альбо нейрахірург. У момант кансіліуму неўролаг праводзіла ранішні агляд, пра што ўласнаручна распісалася ў картках хворых. Ці ўдзельнічала яна ў кансіліуме?

Дыягностыка смерці мозга прадугледжвае выключэнне «патэнцыйна зваротнага стану», які можа выклікаць прыкметы, падобныя да прыкметаў смерці мозга — напрыклад, кома. На момант агляду ўзровень глюкозы ў крыві пацыента быў 24,62, што адназначна трактуецца як эндакрынная кома. Дык мозг памёр ці ўсё ж магла быць эндакрынная кома?

Падчас другога кансіліуму двое дактароў, якія ў ім удзельнічалі, мелі выходныя, а адзін — знаходзіўся на аперацыі.

Ну і зноў жа кандыцыянаванне донара пачалося а 8-й раніцы. Як толькі скончыў змену той рэаніматолаг, які прапісаў пацыенту лекі на 7 дзён. І за дзве гадзіны да вынясення вердыкту пра смерць мозга.

Зыходзячы з вышэйсказанага, ці можна наўпрост сцвяр­джаць, што чалавек, у якога ўзялі органы, сапраўды памёр?

Толькі абарона

— Я не супраць транспланталогіі, — тлумачыць Ларыса Паланевіч. — Адзінае — трэба мець хоць нейкую ступень абароны. Таму што гэта таксама людзі, яны таксама хочуць жыць. У чым уся прычына? Прычына ў тым, што кожнай бальніцы даводзіцца план па донарах, і яны абавязаныя яго выконваць. Я нават не падавала ў суд на медыкаў бальніцы, якія не аказвалі дапамогу майму сыну, таму што яны пешкі ў вялікай гульні. Чаму пайшлі такія нестыкоўкі ў дакументах? Таму што задача медыкаў — па іх жа словах, — ім кажуць, вы толькі патэлефануеце, астатняе зробяць іншыя людзі. Медыкі ў бальніцы нават не ведаюць, што за прэпараты прывозяць, ім даецца толькі схема ўводу гэтых прэпаратаў. І што яны могуць зрабіць? Яны пасля званка фактычна паступаюць у поўнае распараджэнне трансплантолагаў і выконваюць іх указанні. Таму няма нармальных кансіліумаў, нічога… А самім медыкам гэта не трэба, гэта для іх толькі дадатковая нагрузка, грошай за гэта яны не атрымліваюць.

Сын Ларысы загінуў у 2011-м годзе. Чатыры гады маці збірала дакументы, капіявала матэрыялы справы, перапісвалася з урачамі.

— Самае страшнае, што ніхто з тых лекараў, з якімі я размаўляла, мне ніводнага разу не сказаў: «Вы не маеце рацыі, вы не так разумееце»… Усе ўсё разумеюць. Можа быць, ён, мой сын, і быў ужо нежывы. Але калі чалавеку ў такіх складаных абставінах не аказваецца медычная дапамога, і галоўным робіцца здароўе органаў донара… Яго ж не лячылі, а 8-й раніцы яму адмовілі ў медыцынскай дапамозе — без кансіліуму, калі яшчэ не было заключэння пра смерць галаўнога мозгу, — са скрухаю кажа Ларыса Паланевіч.

Выпадак ці палітыка дзяржавы?

Колькасць дарожна-транспартных здарэнняў у нашай краіне скарачаецца, асабліва са смяротным зыходам. Тым не менш, у 2014 годзе Беларусь уваходзіла ў дзясятку еўрапейскіх краінаў па гібелі людзей у ДТЗ. У мінулым годзе ў ДТЗ у краіне загінуў 581 чалавек. Гэта — без уліку «няшчасных выпадкаў на вытворчасці».

На жаль, няма статыстыкі, колькі з гэтых загінулых міжволі сталі донарамі. І па колькіх з іх маглі ўзнікнуць тыя ж пытанні, як і пытанні Ларысы Паланевіч.

Самой спадарыні Ларысе вядома толькі адно: беларуская транспланталогія жыве і квітнее. Яна нават здолела зрабіць немагчымае — даведацца, каму перасадзілі пячонку яе сына. Гэта — грамадзянка Украіны, якая зрабіла ў нас аперацыю на платнай аснове. 23 мая яна стала ў чаргу па органы, а 30 мая гэты орган ёй ужо знайшлі…

«Натуральна, гэта накіраваная палітыка дзяржавы. Тут замяшаныя грошы, і немалыя. Ніхто і ў страшным сне не мог прыдумаць, што мы будзем прадметам гандлю органамі. У прэсе нам адказныя чыноўнікі кажуць, што ніколі такога не будзе. На справе ўсё інакш», — лічыць Ларыса Паланевіч.

Пазаштатны трансплантолаг Міністэрства аховы здароўя Анатоль Ус у адным інтэрв’ю запэўніваў: «За грошы трансплантацыя органаў праводзіцца не будзе ніколі. Гэта нецывілізаваны метад вырашэння праблемы»…

Каб не паўтарылася…

«Новы Час» спрабаваў узяць каментар з гэтай нагоды ў Міністэрстве аховы здароўя. Больш за месяц таму мы адправілі ў гэтую ўстанову запыт у электронным выглядзе з чарнавіком артыкула праз форму для электронных зваротаў на іх сайце. Аднак ніякай рэакцыі на яго ці хаця б пацвярджэння, што Мінздароўя атрымала наш ліст (альбо не атрымала яго), нам даслана не было. Не атрымалася таксама і датэлефанавацца ў прэс-службу Мінздароўя.

Варта дадаць, што Ларыса Паланевіч сама неаднаразова звярталася ў тое ж Мінздароўя, каб атрымаць адказы на свае пытанні. Пісала ў міністэрства і дамагалася адказу на свае пытанне столькі, што ёй прыйшоў ліст: «Вашы звароты разглядацца не будуць, перапіска з вамі спыненая». Яна спрабавала патрапіць на прыём да міністра аховы здароўя — ёй адмовілі на падставе таго, што яна ў «чорных спісах» па скаргах. Спадарыні Ларысе давялося звяртацца ў суд, каб абскардзіць адмову ў прыёме. Яна гэты суд выйграла і на прыём да міністра патрапіла.

Але нават на гэтым прыёме яе папрасілі пакінуць пісьмовую скаргу. І на тую скаргу ёй прыйшла чарговая адпіска. Праўда, за подпісам міністра…

Два гады спадарыня Ларыса праз свой боль пісала кнігу пад назвай «Супрацьстаянне». У ёй — не толькі аўтарскі тэкст, але і набор дакументаў, якія дэ-факта пацвярджаюць: чалавека пазбавілі жыцця, хаця яго, магчыма, яшчэ можна было ўратаваць.

Кнігу Ларыса выдала ў Смаленску за свой кошт: беларускія тыпаграфіі яе друкаваць адмаўляліся. І зараз раздае яе ўсім, хто цікавіцца ці павінен цікавіцца гэтай праблемай.

«Я проста хачу, каб ніколі ні з кім гэта не паўтарылася. Я хачу, каб іх даглядалі, іх лячылі. Каб, калі ёсць падставы падазраваць смерць галаўнога мозгу — гэта было ясна, зразумела. Хай кожны прымерыць сітуацыю на сябе… Пры сучасным узроўні развіцця медыцыны ўсё гэта лёгка робіцца, зараз шмат апаратуры, практычна можна зафіксаваць, што мозг памёр… Была б зроблена энцэфалаграма — не было б прэтэнзій. «Вось, глядзіце, матуля, мы зрабілі энцэфалаграму, сігналаў няма, мозг памёр. Не зносіць жа яму гэтыя органы на той свет, хай яны паслужаць іншым людзям». Але, калі няма ніводнага выразнага доказу смерці мозгу, калі ўсё схавана, завуалявана, ідзе фальсіфікацыя, — пра што можна казаць?» — зазначае Ларыса Паланевіч.

P.S.: Мы, як і Ларыса Паланевіч, таксама не супраць трансплантолагіі, якая ратуе жыцці тысячам людзей. Але таксама хацелася б мець упэўненасць у тым, што невыразныя фармулёўкі інструкцый ці яшчэ якія чыннікі не ёсць падставай для злоўжыванняў у гэтай сферы. Хацелася б быць упэўненымі, што ні цябе, ні тваіх блізкіх не «разбяруць на органы», замест таго, каб выратаваць.

Магчыма, пасля публікацыі гэтага артыкула мы атрымаем каментар Міністэрства аховы здароўя.

Поделиться

Последние новости

Журналиста “Медиа-Полесья” Евгения Николаевича, который четыре года назад освещал акции протеста в Пинске, будут судить

Евгений Николаевич в 2020-м году дважды был судим по административным статьям и отбывал "сутки". После…

10 часов назад

Как построить крепкие отношения: 7 ключевых шагов

Начало отношений — это важный этап, который закладывает фундамент для их будущего развития. Крепкие и…

13 часов назад

В Столине прошла облава – задержано как минимум 5 человек

Приближенный к ГУБОПиК телеграм-канал опубликовал видео задержания как минимум пятерых мужчин в Столине.

14 часов назад

Родители, уклоняющиеся от обязательств перед детьми, заключены под стражу в Ивановском районе

Прокуратура Ивановского района приняла решение о применении строгой меры пресечения в виде заключения под стражу…

14 часов назад

Ученые предложили новый метод лечения самого распространенного рака костей: новый материал уничтожил 99% клеток остеосаркомы

Ученые из Университета Астона предложили новый метод лечения остеосаркомы — самого распространенного рака костей. Исследователи…

15 часов назад

Новые изменения в торговой отрасли. На адаптацию дали два месяца

В Беларуси пересмотрели список товаров, которые обязательно должны быть в продаже. Новшества предусмотрены постановлением Министерства…

15 часов назад