Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння падчас дакладу па пытаннях працы беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, перадае «Наша нiва».
На нараду ў Палац Незалежнасці прыехалі прэм’ер-міністр Сяргей Румас і віцэ-прэм’ер Юрый Назараў, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава (яна таксама з’яўляецца старшынёй назіральнага савета на «Нафтане»), кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка і яго намеснік Валерый Бельскі, дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў, старшыні КДК і КДБ Леанід Анфімаў і Валерый Вакульчык, міністр замежных спраў Уладзімір Макей і старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў.
Як растлумачыў кіраўнік дзяржавы, гэта поўны склад рабочай групы, якая павінна не проста маніторыць сітуацыю ў гэтай сферы, але і прымаць меры па загрузцы беларускіх НПЗ. Яна штотыдзень праводзіць свае пасяджэнні і інфармуе Лукашэнку аб выніках працы. Кіруе рабочай групай Ігар Сергяенка.
«Я даручаў, каб разгледзелі новыя прапановы Расійскай Федэрацыі па пастаўках вуглевадароднай сыравіны. Яны паступілі ад расейцаў тры дні таму. Я так разумею, расейцы цалкам пайшлі на нашы прапановы па пастаўках нафты?» — спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік Адміністрацыі пацвердзіў гэта і паведаміў, што прапановы Расіі былі разгледжаны на пасяджэнні рабочай групы.