2 марта 2026, понедельник12:30

Персона

Літаратар з Пінску Ціхан Чарнякевіч: Эмігравала большая частка крэатыўнага класа

2 марта 2026, 8:26

Падзеі 2020 года і наступныя рэпрэсіі супраць медыяў і трэцяга сектара паставілі крыж на кар’еры ў роднай краіне літаратара, ураджэнца Пінску Ціхана Чэрняковіча. Застаўшыся без працы, прыняў рашэнне з’ехаць у Літву. За два гады самастойна вывучыў літоўскую мову, і цяпер, у дадатак да літаратурнай і навуковай дзейнасці, займаецца перакладамі з літоўскай на беларускую. «Медиа-Полесье» пагаварыла з пісьменнікам пра беларускую літаратуру (на радзіме і ў выгнанні), эміграцыю і родны Пінск. 

 

Ціхан Чарнякевіч нарадзіўся 22 студзеня 1986 года ў Пінску. Скончыў факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура. Журналістыка» (2008), магістратуру і аспірантуру пры ім. У 2003-2005 гадах вучыўся ў Беларускім калегіюме па спецыяльнасці «Філасофія. Літаратура».

Працаваў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Маладосць», на Радыё Свабода, быў прэс-сакратаром Саюза беларускіх пісьменнікаў.

З 2023 года жыве і працуе ў Літве. Працуе галоўным рэдактарам сайта bellit.info і прэс-сакратаром Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў.

 

«З’ехаў амаль увесь крэатыўны клас – не толькі літаратура»

— Ціхан, Вы нядаўна вярнуліся са «Стральцоўскага фэста» (фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова), які прайшоў у Варшаве. Паводле ацэнак удзельнікаў, фэст аказаўся адным з найлепшых. У чым яго адметнасць?

— Па-першае, фэст адрозніўся геаграфіяй: чатыры гады мы праводзілі яго ў Літве, а тут упершыню вырашылі рушыць на Варшаву. Атрымалася няблага: у Польшчы жыве шмат чытачоў, дый пісьменнікаў намнога больш, іх прасцей запрасіць на фэст. Казалі, што на фестываль прыехалі чытачы з Швейцарыі, з Галандыі. Не ведаю, чаму ім праблемна прыехаць у Літву, але па публіцы мы атрымалі яўны плюс. Дый праграма была вельмі кампактная. Як каардынатар «Вершаў на асфальце», я атрымаў нямала добрых водгукаў.

— Такое ўражанне, што разам з эміграцыяй пісьменнікаў усе галоўныя літаратурныя падзеі таксама аказаліся ў выгнанні (выдавецтвы, фэсты, прэміі). Што засталося ад беларускай літаратуры ў самой Беларусі?

— Усё сумна насамрэч: выдавецтваў амаль не засталося, праводзіць фестывалі і сустрэчы вельмі складана, амаль немагчыма. Часам камусьці ўдаецца арганізаваць лекцыю ці сустрэчу, але гэта разавыя акцыі. Літаратары, канечне, ў Беларусі ёсць, у тым ліку выдатныя, але друкавацца і выступаць ім няпроста.

— То бок, беларуская літаратура сапраўды аказалася ў эміграцыі?

— Не толькі літаратура – ледзь не ўвесь крэатыўны клас з’ехаў. Не ведаю, ці зможа хто памераць эмігрантаў у працэнтах, але, па-мойму, добрыя дзве траціны культуры апынуліся за мяжой: мастакі, музыкі, пісьменнікі, рэжысёры, акцёры…

— Між тым, мінінфармацыі адсправаздачылася, што ў 2025 годзе ў Беларусі надрукавалі больш за 18 мільёнаў асобнікаў кніг. З 7 тысяч найменняў — 982 выдадзеныя на беларускай мове агульным накладам больш за 18 мільёнаў асобнікаў. Гэта многа ці мала?

— З аб’ектыўных прычынаў мне цяжка меркаваць: я не бачыў дэталёвай раскладкі. Падазраю,  большасць надрукаванай літаратуры – замовы расійскіх выдавецтваў, выкананыя беларускімі паліграфістамі. Гэтым і запаўняюць кніжны рынак, які яшчэ застаўся. Не сакрэт, што большасць кніг у беларускіх кнігарнях на рускай мове. Добра, калі беларускія кнігі ў гэтым масіве складаюць адзін да дзесяці. А з таго, што выдаецца па-беларуску, вялікую долю найменняў складаюць падручнікі для школы і розныя метадычныя брашуркі, якія друкуюцца агромнымі накладамі, бо школ шмат.

Калі казаць пра мастацкую літаратуру (раманы, зборнікі вершаў), то там зусім іншая карціна. Я сачу за дзяржаўнымі выдавецтвамі, якія засталіся («Мастацкая літаратура», «Беларуская навука»), але яны друкуюць мізэрную колькасць новых твораў літаратуры. Калі б дзяржава выдавала штогод хаця б 10 новых зборнікаў вершаў і 10 новых раманаў па-беларуску, то гэта адразу б усе заўважылі. Вы пра іх чулі? Я не.

«Не трэба дзяліць літаратуру на эміграцыйную і не эміграцыйную»

— Што сабой уяўляе беларуская літаратура за мяжой? На вочы трапілася лічба: у замежжы працуюць каля двух дзясяткаў беларускіх выдавецтваў…

— Я б не дзяліў літаратуру на эміграцыйную і не эміграцыйную. Проста ўся беларуская літаратура апынулася ў новых умовах. Яна ўсё тая ж самая, якой і была 5—10 гадоў таму, тыя ж самыя аўтары, трохі дадалося новых маладых літаратараў. Выдавецтвы таксама засталіся тыя ж, што і дзесяць гадоў таму, за апошнія пару гадоў з’явіліся і зусім новыя выдавецтвы: Gutenberg Publisher, «Мяне няма», «Хохрот Мінск», «Скарына». Ды і «Камунікат» перастаў быць толькі бібліятэкай і актыўна выдае кнігі, пералік можна доўжыць.

Выходзіць шмат перавыданняў, у тым ліку класічнай літаратуры – пад 40 пазіцый. Сайт bellit.info, які я рэдагую, кожны год робіць рэйтынг ста лепшых кніг. А на мінулыя Каляды мы зрабілі ТОП-150, таму што сапраўды было пра што гаварыць па-за «сотняй».

Сур’ёзныя праблемы ў дзіцячай літаратуры і ў кніжнай графіцы, бо вельмі дорага выдаваць – такія кнігі патрабуюць каляровага друку, затраты выходзяць у некалькі разоў вышэйшыя. Але ў асноўных жанрах: паэзія, проза, дзіцячая літаратура, пераклад, штогод выходзіць па 30—40 кніг, — літаратуры хапае, за год прачытаць немагчыма. У цэлым, і някепска, нармальны працэс, хаця па мерках Літвы ці Польшчы лічбы сумныя: там у дзясяткі разоў больш тэкстаў выходзіць. Але пісьменнікі там «прачынаюцца ранкам у сваёй краіне».

— Тэматыка і якасць беларускай літаратуры змянілася пасля эміграцыі?

— Пытанне, хутчэй, філасофскае: хто ацэньваў тэматыку 2019 года ў параўнанні з 2026 годам? Калі браць агульныя тэндэнцыі, то цяпер больш выходзяць эсэістычных твораў, аўтабіяграфічных, пішацца аўтафікшн – пра той досвед, які людзі займелі ў апошні час. Напрыклад, тры чвэрці пераможцаў прэміі Гедройца пісалі эсэістыку ці аўтафікшн у параўнанні з прыдуманай літаратурай. Відавочна, расказаная гісторыя як жанр крыху здае пазіцыі. Але я не назваў бы гэта праблемай, хутчэй, гэта новы павеў у нашай літаратуры: рэальнасць стала такой абсурднай, што хочацца запісаць яе, пакуль яна не знікла.

— Кажуць, беларусы ў эміграцыі сталі больш чытаць беларускай літаратуры…

— Для аналізу трэба мець дакладныя лічбы на руках, а іх ніхто не дасць – гэта сур’ёзныя дарагія даследаванні, якія ніхто не робіць. Сацыялогія досыць складаная рэч і амаль нерэальная для беларускай дыяспары ў цяперашніх умовах. Тое, што беларускай мовы стала больш, відавочна: больш людзей піша па-беларуску, гаворыць на роднай мове, адпаведна, калі нават і не купляюць кнігі, то ведаюць пра іх існаванне і аўтараў з навінаў. Думаю, у параўнанні з пачаткам 90—ых сёння склалася зусім іншая сітуацыя. Як пісаў Сяргей Дубавец, тады можна было прачытаць усё, што выдадзена па-беларуску, а цяпер гэта проста немагчыма. Тое ж самае і з людзьмі: калі ты прыходзіў на прэзентацыю нейкай кнігі, то ўсіх прысутных ведаў у твар. Цяпер гэта нерэальна: з’явіліся новыя людзі, чыю рэакцыю на той ці іншы твор цяжка спрагназаваць.

Вядома, усё змянілася. Але не магу сказаць, што ўсё «загінаецца». Відавочна, што беларуская культура ўсё яшчэ важная для людзей, для атаясамлівання сябе з беларускай мовай, гісторыяй, культурай – дагэтуль беларуская кніга адыгрывае важную ролю для чалавечай ідэнтычнасці.

— Якія 10 беларускіх кніг вы параіце прачытаць кожнаму беларусу? Ці маеце вы асабісты рэйтынг?

— Такія пытанні, па шчырасці, ставяць мяне ў тупік. У кожнага беларуса свой унікальны чытацкі бэкграўнд. Я наогул цяпер больш чытаю па-літоўску ды па-польску, таму што ўцягнуўся ў гістарычную навуку, і стараюся не ўваходзіць у журы літаратурных прэмій, дзе раней шмат часу аддаваў на чытанне беларускіх кніг. Таму і экспертыза мая крыху «прасела». У нас вельмі моцная школа перакладу: усё, што выходзіць перакладнога ў незалежных выдавецтвах, можна смела купляць, нават не гледзячы на прозвішчы аўтараў.

Па прозе і паэзіі ўсё суб’ектыўна: немагчыма ўгадаць, што каму падабаецца. Я б параіў пачаць з 10—30 абсалютна рандомных беларускіх кніг, якіх вы яшчэ не чыталі, а там ужо сфармуецца ваш уласны чытацкі запыт на тэму, жанр і стыль, з’явяцца свае сімпатыі і антыпатыі.

— Вы ведаеце і перакладаеце з чатырох моў: украінскай, літоўскай, польскай і англійскай. Гэты багаж дастаўся вам ад педуніверсітэта Максіма Танка?

— Не, усё вучыў самастойна. Літоўскую вывучыў ужо ў Літве. Але філалагічная вывучка дае магчымасць больш—менш спакойна ставіцца да чытання на замежных мовах. З польскай і ўкраінскай, здаецца, увогуле палова беларусаў не мае ніякіх праблемаў. З літоўскай, вядома, інакш, бо гэта зусім іншая моўная група, з беларускай слаба карэлюе. Але гэта таксама цікавы досвед: літоўская культура была цалкам закрытая, а тут адкрылася тысячам беларусаў.

Цяпер перакладаю літаратуру выключна з літоўскай, а з польскай і англійскай хіба архіўныя дакументы для навуковай працы. Вось акурат год таму выйшла анталогія сучаснай літоўскай паэзіі «Горад на гары», я пераклаў ладную частку гэтай кнігі, працэнтаў 40 — Андрэй Хадановіч, над астатнімі тэкстамі працавала яшчэ некалькі перакладчыкаў.

«Атрымлівалі на конкурс маладзёвай паэзіі сотні заявак з аднаго Пінска»

— Вы скончылі факультэт беларускай філалогіі і культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура. Журналістыка». Трэба разумець, вы яшчэ са школы вырашылі пайсці ў журналістыку?

— Я думаю, у школе мяне больш цікавіла літаратура і мова, але трошкі займаўся і журналістыкай на хвалі кампаніі 2001 года. У дадатак да ўсяго, валанцёрыў у некалькіх недзяржаўных арганізацыях. Напрыклад, мы праводзілі штогадовыя Дні беларускай і шведскай паэзіі ў Пінску разам з фатографкай Марыяй Сёдэрберг, паэтам і перакладчыкам Дзмітрыем Плаксам. Дзякуючы шведскай амбасадзе, меўся кантакт з гарадскім кіраўніцтвам, і мы маглі працаваць легальна (тады яшчэ гэта дазвалялася). Потым да праекту падключыўся тагачасны амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан. Шведы запрашалі сваіх аўтараў, а мы, адпаведна, беларускіх. Атрымаўся маштабны міжнародны літаратурны фэст у Пінску, хто толькі да нас не прыязджаў!

Тамсама, на Днях, праводзіўся кубак моладзевай паэзіі: першым прызам была паездка ў Швецыю. Безумоўна, з’ездзіць хацелі многія, таму прыходзілі сотні заявак з вершамі, прычым з аднаго толькі Пінска.

А пасля паехаў вучыцца ў Менск. І там працягваў пісаць вершы, рабіў пераклады. Затым пачаў пісаць крытыку і доўгі час працаваў менавіта як крытык, то бок займаўся гісторыяй літаратуры, літаратуразнаўствам і пісаў рэцэнзіі на новыя кнігі… Гадоў 10 крытыка была маім асноўным заняткам. Усё астатняе адышло на другі план.

— Калі адбылася вашая пераарыентацыя з літаратуры на журналістыку? Ці, дакладней, спалучэнне журналістыкі з літаратурай – ужо падчас навучання ў магістратуры і аспірантуры, а затым і Беларускага калегіюма?

— Першую газетку «З-пад парты» я зрабіў у 2001—м, яшчэ ў школе, калі навучыўся вярстаць у PageMaker, потым ва ўніверсітэце пяць гадоў вярстаў розныя факультэцкія газеткі. Але, канечне, хацеў заставацца ў сваёй прафесіі: у філалогіі, у літаратуры. Каб гэтую мэту асягнуць, было дзве магчымасці — ісці ў літаратурную рэдакцыю ці ў Акадэмію Навук. Акадэмія мяне трохі палохала сваёй акадэмічнасцю, таму пасля аспірантуры  адрабіў «працадні» размеркавання ў «Маладосці», а пасля выйшаў на вольны хлеб: спачатку ў ПЭН, а потым у незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў. На сайце СБП працаваў да ягонага закрыцця.

А з 2023 года ў Літве заснаваўся Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, куды мяне запрасілі прэс-сакратаром, галоўным рэдактарам праекта bellit.info і каардынатарам Школы маладога пісьменніка. Так атрымалася, што цяпер я збольшага адмініструю і арганізую, чым пішу. Рады вяртанню да перакладаў, крыху больш атаясамліваеш сябе з уласна літаратурнымі тэкстамі.

Зрэшты, цяпер яшчэ заняўся вывучэннем беларускай прысутнасці ў Вільні.

— Якія напрамкі культуры вы зараз даследуеце?

— Асноўны напрамак – міжваенная культура Беларусі. У аспірантуры я пісаў дысертацыю пра БДУ 1920—ых гадоў, пра літаратурныя плыні, тэарэтыкаў літаратуры, розныя дыскусіі, звязаныя з тагачаснымі пісьменніцкімі праблемамі. А пасля пераезду ў Літву стаў займацца заходнебеларускай культурай 1921—1939 гадоў: палітыкамі, перакладчыкамі, журналістамі, паэтамі, настаўнікамі.

Зараз збольшага займаюся вывучэннем гісторыі Віленскай беларускай гімназіі, складаю біяграфічны даведнік выпускнікоў, а таксама даведнік архіўных дакументаў і публікацый у перыёдыцы. Шмат часу праводжу ў архівах. Віленская беларуская гімназія з’яўлялася ў міжваенны час эпіцэнтрам беларушчыны. Праз яе прызму можна шмат што зразумець і ў нашай эміграцыйнай сітуацыі 2026 года.

«У Мінску я сядзеў без працы, а ў Літве змог самарэалізавацца»

— Як апынуліся ў эміграцыі?

— У Літву я прыехаў у 2023 годзе.

У ліпені 2021 года ліквідавалі Саюз беларускіх пісьменнікаў, як і сотні іншых грамадскіх арганізацый ды рэдакцый. Сайт заблакавалі. Некаторы час не меў працы, а потым з’ехаў, бо нічога немагчыма было толкам рабіць. Для мяне асабіста гэта стала вялікім выклікам, бо акурат хацелася штосьці рабіць – публічнае. А ў Мінску гэта было практычна нерэальна. І цяпер стала толькі горш.

— Прафесійная незапатрабаванасць і стала галоўнай прычынай вашага ад’езду?

— Безумоўна. Усіх жа ліквідавалі. На дзяржаўныя літаратурныя рэдакцыі я наглядзеўся падчас размеркавання, ніякіх ілюзій наконт тамтэйшых парадкаў не было. Пісаць у стол, працуючы ў «Еўраопце», не хацелася таксама. Вырашыў, што ў Літве я знайду лепшае прымяненне сваім кампетэнцыям. Так і адбываецца.

— Ці абжыліся трохі ў новай краіне?

— Як усе, напэўна. Маю пэўную легалізацыю. Праўда, не ведаю, як доўга ў адносінах да беларусаў гэта будзе працягвацца. Таму я, як і ўсе, на птушыных правах.

— Значыць, літоўскую мову пачалі вучыць, прыехаўшы ў Літву?

— Так. Трошачкі  вучыў яшчэ ў Мінску, збіраючыся выязджаць. Відаць, яшчэ напрыканцы 2022 года купіў падручнік у букіністычнай кнігарні, пачаў чытаць, зубрыць словы. Наагул вывучыць літоўскую мову, напэўна, немагчыма, яе можна толькі працягваць вучыць: перакладаць слоўцы, запамінаць, слухаць радыё, музыку, чытаць навіны – паступова да кожнай замежнай мовы прывыкаеш. Потым варта пераходзіць да мастацкай літаратуры, якая пішацца значна складанейшай мовай, канечне. Цікавіцца навінамі краіны, у якой ты жывеш, абсалютна неабходна. І гаварыць на яе мове. Гэта рушыць шмат якія бар’еры, у тым ліку псіхалагічныя.

— Сёння беларускія пісьменнікі ў эміграцыі не аб’яднаныя пад адным дахам?

— Пад адным дахам і няварта ўсіх аб’ядноўваць. Няхай будзе шмат дахаў, дамоў і вуліц. Ёсць арганізацыі, якія працуюць на тое, каб літаратурны рух развіваўся: гэта і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, і Беларускі ПЭН, Фестываль «Прадмова», Асацыяцыя выдаўцоў, іншыя ініцыятывы, якія ладзіць варштаты, семінары, сустрэчы. Многае робіцца аднаасобнымі высілкамі канкрэтных людзей. Я б і не хацеў, каб існавала толькі адна арганізацыя для пісьменнікаў – гэта было б вельмі дзіўна.

«Я высока стаўлюся толькі да Пінска — і больш ні да якога горада ў свеце»

— Калі апошні раз наведвалі Пінск?

— За пару дзён да ад’езду, у чэрвені 2023 года. Пасядзеў з бацькамі, развітаўся, пагуляў па ўзбярэжжы. Пінск – гэта горад, які пастаянна прыцягвае да сябе. Цяпер збіраю старыя фотаздымкі, шукаю дакументы, кніжкі пра Пінск. Ведаю некаторых пінсказнаўцаў, калекцыянераў, з якімі падтрымліваю добрыя стасункі. З аднакласнікамі, са старымі прыяцелямі з даўніверсітэцкіх часоў пачаў шчыльней кантактаваць пасля пераезду. Мы сустракаемся, успамінаем Пінск – для нас гэта горад №1. Для кожнага пінчука ён заўсёды будзе №1.

— А чым Пінск прыцягальны? Што ў ім асаблівага?

— Гэта горад, дзе мы нарадзіліся і выраслі, з ім звязаны ўсе ўспаміны за першыя паўтара—два дзясяткі гадоў, якія мы пражылі там. Вядома, гэта горад вялікай гісторыі, але для мясцовых – гэта школа, сябры, вуліцы, каханні, рака, прагулкі па горадзе, падарожжы з намётамі, паездкі па Палессі. Мой бацька працаваў слесарам-газавіком, таму часта браў мяне на раён, мы ездзілі па вёсках, часам лавілі рыбу ці збіралі грыбы.

Усе мае дзядулі і бабулі жылі ў горадзе, таму я цалкам быў прывязаны да Пінска, і доўгі час нікуды не выязджаў. У Пінску  памятаю кожную вуліцу і магу спакойна аднавіць у памяці любы паварот, памятаю, дзе што знаходзіцца.

Як з’ехаў у Мінск у 2003 годзе, вельмі часта гараваў, калі ў горадзе нешта зносілі. Я рэгулярна прыязджаў, а горад мяняўся: зносілі старыя будынкі, мянялі планіроўку вуліц, штосьці «рэстаўравалі» да непазнавальнасці. Можа, для каго і не, а для мяне вялікай трагедыяй стаў знос старых апораў даваеннага маста. Нядаўна прачытаў пра знос буслінага гнязда на плошчы і выразанне старых дрэваў каля касцёла. Успрымаць гэта без болю немагчыма, але добра, што можна хаця б прачытаць пра гэта, знаходзячыся на адлегласці.

Дарэчы, з пачатку 2000—ых мы сябравалі з Васілём Мацкевічам, карэспандэнтам «Медиа-Полесья», які памёр праз каранавірус. Васіль быў добрым, шчырым і глыбокім чалавекам. Гэта адзін з першых удараў 2020 года, які я вельмі цяжка ўспрыняў.

У горадзе засталося многа блізкіх людзей, дый сам Пінск мне вельмі дарагі. Хаця нехта можа сказаць: маленькі стары горад і савецкія мікрараёны – нічога адметнага. Але калі ты там нарадзіўся, то такога ніколі не скажаш: кожны будынак пра штосьці нагадвае.

Моцна сумуеце?

— Безумоўна. Гэта дом. Было б бяспечна – паехаў бы заўтра ж. У цяперашняй культуры шмат менчукоў, таму многа высокага стаўлення да Менску, аднак для мяне ён, пры ўсёй павазе і ўдзячнасці, чужы. Такое стаўленне я маю толькі да Пінска – і больш ні да якога горада ў свеце.

Вільню я таксама люблю, і ўдзячны ёй, але ўсё-такі гэта не тое.

Хацеў бы бываць у Пінску – як мага часцей, як мага больш, наведваць бацькоў, якім ужо нямала гадоў. Прыязджаць і хадзіць па мясцінах свайго дзяцінства. Але пастаянна жыць там я наўрад ці змог бы: няма дзе працаваць. Па маёй спецыяльнасці там і раней не было асаблівай працы. Але, можа, нешта зменіцца ў будучыні?

Чтобы следить за важными новостями, подписывайтесь на наш канал в Telegram и группы в социальных сетях: Вк, Одноклассники, Facebook, Instagram, ТикТок.


Фото носит иллюстративный характер/ Фото: severpost.ru
Анна Курис. Фото: ПЦ «Вясна»

Полешуки