30 мая юрыст з Кіраўскай вобласці Яраслаў Міхайлаў паведаміў на сваёй старонцыў Facebook, што за месяц да гэтага паскардзіўся на здымак Ксеніі Сабчак у Instagram. У ім тэлевядучая пазіравала ў царкоўным адзенні для абрадаў (рызе), галаўным уборы і накладной барадзе. Здымак з’явіўся ў сеціве яшчэ 30 красавіка.
Сабчак сцвярджала, што фота было знята ў працэсе падрыхтоўкі рэпартажу для выдання «Сноб». Што гэта быў за рэпартаж, пакуль не вядома.
На думку Міхайлава, у дзеяннях Сабчак бачыцца склад злачынства, прадугледжанага артыкулам 148 крымінальнага кодэкса РФ «Парушэнне права на свабоду сумлення і веравызнанняў». Па гэтым артыкуле журналістцы можа пагражаць да 300 тысяч расійскіх рублёў штрафу або абмежаванне волі тэрмінам на год.
«Сабчак перайшла межы дазволенага і прадэманстравала сваё грэблівае стаўленне да асноў Рускай праваслаўнай царквы як апоры Рускага свету», – лічыць Міхайлаў.
На думку ж Сабчак, яе фотаздымак нікога не абражае. Пра гэта яна напісала ў сваім акаўнце ў Twitter.
«Я толькі не разумею, чаму маё сціплае фота — абражае, а фота тоўстых мужчын, абвешаных золатам і «Брэге» — уплывае дабратворна», – адказала яна.
Па яе словах, адзенне святара прадаецца ў фірме «Карнавальныя касцюмы».
«Вернікаў не кранае, што барада і залаты прыкід прадаюцца ў фірме «Карнавальныя касцюмы»? Можа іх таксама судзіць, як прадаўцоў «забароненкі»?» — піша Сабчак.
Яна таксама адмаўляе, што дадзеная справа мае дачыненне да веры як такой.
«І якое НАОГУЛ гэта ўсё мае дачыненне да Веры? Не верыць у тое, што гэтыя людзі – стаўленікі Божыя, яшчэ не значыць НЕ верыць у Бога», — выказалася вядучая.