Галава Дзяржслужбы па надзвычайных сітуацыях Украіны (рэарганізаванае МНС) і яго намеснік затрыманыя падчас паседжання Кабміну, паведамляе «Лівий берег».
Затрыманне фактычна адбылося ў жывым эфіры — з паседжання Кабміну трансляцыю вёў шэраг украінскіх тэлеканалаў.
З залы пасяджэнняў чыноўнікаў вывелі ўзброеныя міліцыянты.
Галаву Дзяржслужбы Сяргея Бачкоўскага і яго намесніка Васіля Стаецкага абвінавачваюць у стварэнні карупцыйнай схемы тэндарнай закупкі гаруча-змазачных матэрыялаў у «Лукойл», «Альянс» і іншых кампаній па завышаных цэнах. Закупкі адбываліся праз прыватную кампанію, якая пераводзіла сродкі ў афшор Бачкоўскага і Стаецкага на востраве Джэрсі.
Па просьбе міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава Бачкоўскі і Стаецкі ужо сёння будуць звольненыя са сваіх пасад. Таксама міністр просіць аб зняцці з пасад усіх супрацоўнікаў службы, датычных да карупцыйнай схемы, у тым ліку ўсіх абласных кіраўнікоў службы.
* * *
Сяргей Бачкоўскі кіраваў Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях з 2004 года. У 2012 годзе міністэрства было рэарганізаванае ў Дзяржслужбу па надзвычайных сітуацыях і аб’яднанае з Дзяржінспекцыяй па тэхналагічнай бяспецы. З 25 красавіка 2014 года пераведзенае з падначальвання Мінабароны ў падначальванне Міністэрства ўнутраных спраў.