Cпрэчкі пра месца каранацыі Міндоўга – першага караля на гэтых землях, заснавальніка дзяржавы, што стала пазней Вялікім Княствам Літоўскім, – не сціхаюць ужо чатырыста гадоў.
Хістанні Стрыйкоўскага
Праблема ў тым, што крыніцы ХІІІ ст., сучасныя Міндоўгу — славянскія летапісы, нямецкія хронікі, папскія дакументы, — не ўказваюць такога месца.
Не да канца ясным яно ўяўлялася і гістарыёграфам XVI ст. Аўтар першай друкаванай гісторыі ВКЛ, паляк з паходжання і патрыёт Вялікага Княства Мацей Стрыйкоўскі, спачатку, у сваёй польскамоўнай паэме «Ганец цноты» (1574) такім месцам назваў Кернаў:
Потым ахрысціўся, Мендольф названы,
На Літоўскае каралеўства каранаваны
У Кернаве з дазволу папскага і імператарскага.
Праз два гады Стрыйкоўскі зноў вярнуўся да гэтай версіі ў паэме-хроніцы «Аб пачатках…»:
Не даў сябе Папа доўга прасіць, бо гэта было яму міла,
Што такая вялікая і слаўная дзяржава сябе ахрысціла.
Ураз карону справіў і ў Рыме пасвянцаў.
А легатам сваім да Літвы пільна яе несці загадаў.
Так яго з волі папскай укарнавалі
У Кернаве і літоўскім каралём назвалі.
Кернаў (Кярнава), што ў Віленскім павеце, паўночней літоўскай сталіцы, сапраўды быў значным племянным цэнтрам Аўкштайціі.
Дакладней, той яе часткі, якая, паводле легенды пра Палямона, была названая перасяленцамі з Рыма, продкамі літоўскай шляхты, Лістубаніяй (берагам трубаў), а ў скарочанай версіі — Літвой. У ХІІІ—XIV ст. Кернаў уяўляў сабой сістэму драўляных замкаў і размешчанае побач з імі гарадское паселішча.
Даcледаванне пахаванняў паказвае, што ў Кернаве таго часу жылі як паганцы, так і хрысціяне — славянізаваныя крывічы прасунуліся так далёка на Захад.
Крыжакі неаднаразова нападалі на Кернаў і ўрэшце знішчылі горад у 1390 г., пасля чаго ён ужо ніколі не адрадзіўся ў былой сіле. Не дзіва, што Стрыйкоўскі прысвяціў столькі ўвагі Кернаву, які часам называюць «першай сталіцай» Міндоўга.
Але ў галоўнай сваёй працы — «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» (1582), Стрыйкоўскі заявіў, што каранацыя адбылася ў Наваградку:
«Так тады Інакент, Папа… бачачы, што такая вялікая і слаўная паганская дзяржава добраахвотна прыступіла да Хрыста, зараз жа без усялякага адкладання асвяціў літоўскую карону і Мендога каралём літоўскім абвесціў, а жадаючы ўсё гэта як мага раней здзейсніць, паслаў легата свайго… Гейндрыха, які, прыехаўшы да Наваградка Літоўскага з арцыбіскупам Рыжскім і з крыжакамі прускімі і лівонскімі, Міндоўга альбо Мендока на каралеўства Літоўскае паводле звыклых цырымоній царкоўных памазаў… і з рук папскіх і імператарскіх каронай новай літоўскай каранаваў».
Сваю працу над «Хронікай…» Стрыйкоўскі пачаў пры двары князёў Слуцкіх-Алелькавічаў, яго мецэнатаў. Слуцкі двор быў тады багаты на рукапісы.
Яны не дайшлі да нашых дзён… Магчыма, у іх Стрыйкоўскі знайшоў згадкі пра каранацыю Міндоўга ў Наваградку. А
магчыма, за гэтым сцвярджэннем стаялі калі не факты з дакументаў і летапісаў, а погляды магнацкага асяроддзя,
у якім Стрыйкоўскі знаходзіў сабе падтрымку.
«У полі пад Наваградкам»
Тое, што існавалі нейкія крыніцы, невядомыя нам сёння, паказвае лацінамоўная «Гісторыя Літвы»(1650—1669), створаная Альбертам Віюкам-Каяловічам.
Гэты гістарыёграф пісаў: «З вялікім ушанаваннем прыняў паслоў [Міндоўга] [Папа] Інацэнт IV, а карону паслаў праз Гейндрыха… Той з арцыбіскупам Рыжскім у полі ў Наваградку (бо ў Наваградку не было такіх вялікіх храмаў) па звыклым абрадзе каранавалі новага караля».
Гэтая дэталь пра поле пад Наваградкам — вельмі цікавая. Яна сведчыць, што Віюк-Каяловіч базаваўся не толькі на паведамленнях Стрыйкоўскага.
Хоць першая частка кнігі Каяловіча ўтрымлівае пераважна пераказ «Хронікі…» Стрыйкоўскага, з якой гістарыёграф XVII ст. выкінуў самыя фантастычныя звесткі.
«Наваградскую версію» паўтарае яшчэ адзін помнік XVII ст., Густынскі летапіс: «У тое ж лета вялікі князь літоўскі Міндоўг каранаваны быў на каралеўства Літоўскае ў Наваградку, за блаславеннем Папы Інацэнта…» Крытыкі «наваградскай версіі» адзначаюць, што
Густынскі летапіс — помнік тэндэнцыйны. Ён створаны ва Украіне, і сімпатыі ягоных стваральнікаў — на баку праваслаўя. Таму, маўляў, яны і «выступілі» на баку Наваградка.
З іншага боку, Густынскі летапіс часткова базаваўся таксама на крыніцах, невядомых сёння.
Рэзідэнцыя — месца каранацыі — сталіца
Але ўжо ў канцы XIX ст. погляды пра месца каранацыі Міндоўга падзяліліся.
Частка расійскіх гісторыкаў давярала паведамленням Густынскага летапіса.
Польскі ж гісторык Ляткоўскі лічыў Наваградак адным з найважнейшых цэнтраў Міндоўга, але не мог сабе ўявіць там каранацыі, бо ў той год адбыўся паход Данілы Галіцкага ў Панямонне.
Але ж той паход быў зімой, бо, паводле летапісаў, яцвягі не змаглі прыйсці на дапамогу Данілу з прычыны вялікага снегу. Каранацыя ж Міндоўга, нібыта, адбылася ўлетку, на Пятра.
Пасля выхаду ў свет прац Міколы Ермаловіча дыскусіі ўспыхнулі з новай сілай. Указанне таго ці іншага месца каранацыі Міндоўга дае падставы для рознай інтэрпрэтацыі ранняй гісторыі ўсяго Вялікага Княства. Але ў гэтых дыскусіях часам блытаюцца розныя паняцці: рэзідэнцыя Міндоўга — месца каранацыі — сталіца. Месца каранацыі, як сведчыць еўрапейская гісторыя, зусім не абавязкова павінна супадаць са сталіцай. Дый
ці можам у тагачасных умовах мы казаць пра сталіцу ў сучасным сэнсе слова — як месца размяшчэння цэнтральных органаў улады і кіравання?
Экзатычная версія з Вільняй?
У сучаснай літоўскай гістарыяграфіі пазбягаюць канкрэтызаваць месца каранацыі.
Але дзве экзатычныя версіі там з’явіліся. Стваральнік першай, археолаг Урбанавічус, лічыць, што каранацыя адбылася ў Віленскім кафедральным касцёле. Гэта версія заснавана на інтэрпрэтацыі вынікаў раскопак на тэрыторыі Ніжняга замка ў Вільні і паведамленняў так званай «Хронікі Рывіуса», складзенай у пачатку XVIII ст.
Урбанавічус называе рэшткамі язычніцкага капішча дзве лесвіцы невядомага прызначэння, знойдзеныя падчас раскопак, і лічыць, што менавіта тут знаходзіўся паганскі алтар, знішчаны Міндоўгам перад сваім хрышчэннем і каранацыяй.
Так напісана ў «Хроніцы Рывіуса», хоць і без пазначэння месца. Магчыма, тыя сходы пад Віленскай катэдрай і можна датаваць ХІІІ ст., хоць ёсць сумневы. Але слядоў Міндоўга на іх няма, дый
«Хроніка Рывіуса», як паказалі даследаванні літоўскіх гісторыкаў, была скампіляваная вядомым аматарам містыфікацый Тэадорам Нарбутам.
«Віленская версія» застаецца прывіднай.
Найноўшая ж версія належыць Томасу Баранаўскасу і грунтуецца на атаясамленні Летовіі з граматы Міндоўга Нямецкаму ордэну ў 1253 г. («дадзена ў Летовіі…») з гарадзішчам на рацэ Латава на поўначы сучаснай Літоўскай Рэспублікі.
Версія гэтая базуецца на падабенстве назваў. Але ж у лацінска-нямецкай транскрыпцыі ХІІІ ст. Літва і называлася Летовіяй. А шлях супастаўленняў назваў старажытных і сучасных — вельмі небяспечны.
Яшчэ для абгрунтавання сваіх версій Баранаўскас выкарыстоўвае граматы 1260 і 1261 г., вядомыя як сфальсіфікаваныя.
Мы бачым, што літоўская гістарыяграфія ў цэлым скептычна ставіцца да «наваградскай версіі», але і «віленская» выглядае вельмі экзатычна. У такой сітуацыі сур’ёзным гісторыкам з Вільні прасцей проста ўхіляцца ад вызначэння месца каранацыі.
Такім чынам, застаюцца два «прэтэндэнты» на месца каранацыі Міндоўга, вызначаныя яшчэ ў XVI ст., — Кернаў і Наваградак.
І гістарыяграфічная традыцыя XVI—XVII ст. указвае на Наваградак. Гэтую традыцыю заклаў Мацей Стрыйкоўскі. На што ён абапіраўся — нам не вядома. Але з’яўленне «наваградскай версіі» наўрад ці можна лічыць валюнтарысцкім актам гістарыёграфа XVI ст. у эпоху, калі адбывалася фармаванне шляхты як адзінага палітычнага правамоцнага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага.
Наваградак, адзін з найважнейшых цэнтраў перыяду ўзнікнення дзяржавы, стаў сімвалізаваць адзін з ідэалагічных слупоў гэтага палітычнага народа.