Сама Праскоўя працавала ў мясцовай амбулаторыі, але ўжо змалку захапілася рукадзеллем.
Яе гэтаму ніхто не вучыў
– Я заўсёды глядзела, як маці вяжа рукавічкі. Запамінала. А аднойчы яна пакінула недавязаныя рукавічкі і пайшла недзе на вуліцу. Тут я вырашыла паспрабаваць сама вязаць. Захапілася… Прыйшла маці і прышлося расплятаць, каб у патрэбным месцы зрабіць вялікі палец, – дзеліца Праскоўя Паўлаўна.
Ўжо тады яна пачала спрабаваць рабіць штосьці сваё: маці вязала чорныя рукавічкі для працы, а Праскоўя – каляровыя.
Праскоўю ніхто вязаць не вучыў. Яна ўсё сама. Штосьці маці пакажа, а штосьці ў часопісах падгледзіць.
Пад час вучобы ў медыцынскім вучылішчы Праскоўя ніколі не пакідала вязаць. Так у яе з’явілася чырвоная вязаная кофтачка. Зноў такі ж, з дапамогай часопісаў.
– Гэта быў перыяд, калі я працавала толькі са спіцамі. Потым захапілася кручком. Вязала ўсё без разбору: розныя сурвэткі і шапачкі. А потым да мяне патрапіла макрамэ. Гэта пляценне з вузельчыкаў. Яго плятуць са шпагату, – расказвае Праскоўя Паўлаўна.
У вёсцы ўсе ведаюць, якія торбы і карціны пляце Праскоўя Палукошка са шпатагу. Нават шторы!
На 8 Сакавіка Праскоўі падарылі падручнік па абрэзкаваму шыццю.
– Я даўно ўжо спрабую шыць з абрэзкаў. Ніколі не вікідваю старыя, не модныя сукенкі. Там матэрыял прыгожы, і з яго атрымоўваюцца прыгожыя пакрывы, – гаворыць Праскоўя.
Не толькі для сябе, а каб і людзі паглядзелі
Праскоўя ўдзельнічала ў выствах на розных мясцовых і раённых святах.
Нядаўна ў выставачнай зале горада Століна прайшла персанальная выстава рукадзелля Праскоўі Палукошка “Всё могу в укрепляющем меня Господе”. На выставе майстрыха прадставіла свае работы і рассказала наведвальнікам пра тэхніку выканання.
Яе запрашалі і ў Белавежскую пушчу, дзе была выстава народных промыслаў, і на шматлікія абласныя выставы і святы.
– Пасля выставы ў Століне мяне запрасілі ў Пінск. Я паехала. А потым ужо прыйшло запрашэнне на абласны конкурс сувеніраў «Берасцейскі падарунак». Цяпер думаю пра тое, што патрэбна зрабіць штосьці для конкурсу, – разважае майстрыха.
Нягледзячы на тое, што работ у Праскоўі Палукошка шмат, яна кожны раз да выставы імкнеецца зрабіць штосьці новае.
Часам на выставах ў майстрыхі просяць, каб яна прадала нешта.
– Часцей за ўсё бяруць маленькія кошыкі. У якасці сувеніраў. Калі ў людзей ёсць жаданне, то навотша адмаўляць? Часам просяць зрабіць па замове. Мне не цяжка. Я люблю гэта рабіць, – гаворыць жанчына. – Шмат чаго проста падарыла.
Лаза – гэта і прыгожа і практычна
– Неяк загарэлася навучыцца плясьці з саломы і лазы. Пачала шукаць літаратуру. Там лісточак пабачыла, там кветачку, там яшчэ штосьці. Пачало пакрыху нешта атрымоўваца, хоць і крывое ды нязгрэбнае, – смяецца майстрыха. – А аднойчы быў ў нас нейкі прафесар з Польшчы. Яму спадабалася мая творчасць. А праз год ён прыехаў ужо не адзін. Ды тая яго палячка падарыла мне кнігу па саломапляценні. Вось тут ужо было дзе душы разгуляцца.
Лазы ў вёсцы хоць адбаўляй. У майстрыхі увесь гараж завалены лазой.
– Навучыца плясці з лазы было самым цяжэйшым. Спачатку не атрымоўвалася, усё было крыва… Ды і сіла тут патрэбна вялікая. Але я не адступала! Навучылася, — усьміхаецца майстрыха.
– А затым з’явіўся інтэрнэт. І тут ужо не трэба было далёка хадзіць, каб знайсці патрэбную кніго альбо часопіс. Пачала вучыцца па відэаўрокам.
– У мяне планаў з’явілася, як у Напалеона! Хочацца вярнуцца і да саломы, і навучыцца чамусьці новаму. Жадання хоць адбаўляй, а вось часу не хапае, – гаворыць Праскоўя Паўлаўна.
Але пры ўсёй занятасці, калі за дзень нічога не зрабіла, то лічыла, што дзень пражыты дарма. А калі пачынала плясці з лазы, то сядзела і да двух гадзін ночы. Лазу замачвала і патрэбна было яе выкарыстаць да таго, як яна высахне. Ды і супакойвае гэтая праца перад сном.
– Муж спачатку сварыўся. А цяпер вось сам лазу возіць, – смяецца Праскоўя. – Я ж далёка па яе не хадзіла, а ён паедзе ды добрай прывязе, якаснай.
Праскоўя гаворыць, што спрабавала і шмат чаго іншага: вышывала крэсцікам і гладзю, круціла з газетных трубачак… Але больш за ўсё ёй падабаецца плесці з лазы.
– Гэта прыгожа і карысна для здароўя! Натуральны матэрыял. Вось многія пакрываюць лакам, а я не люблю. Мне падабаецца сапраўдны колер лазы і яе водар, – расказвае Праскоўя Палукошка. — Ёсць яшчэ ж і розная лаза: тая, што зімой зрэзваецца цямнейшая, а тая, што летам, – святлейшая. Вось і спалучаю колеры, каб было яшчэ прыгажэй. Нядаўна даведалася, што яе можна і фарбаваць. Сама пакуль што не спрабавала.
Майстрыха на ўсе рукі
Аб адным толькі шкадуе Праскоўя, што няма ў яе майстэрні. Замест майстэрні – кухня. Паўсюль яе работы: кошыкі, вазачкі, шкатулачкі, карціны.
Нядаўна Праскоўя зрабіла сабе стульчык, а апошні месяц працуе над тумбачкай для абутку. Але яе марай ужо некалькі гадаў застаеца крэсла-качалка. Жаданне рабіць прыйшло ад бацькі, які быў сталяром.
– Некалі ў інтэрнэце ўбачыла крэсла-качалку і так загарэлася, што дагэтуль не адпусціла. Але ніяк не магу знайсці ні кнігу, дзе было б паказана, як гэта можна зрабіць, ні відэаўрока, – кажа майстрыха.
У майстрыхі ёсць і калаўрот, на якім яна прадзе. Канапу ў гасцёўні майстрыхі ўпрыгожвае покрыва з тых нітак, што яна сама прала. Збірала Праскоўя яшчэ і пластыкавыя бутэлькі – хацела зрабіць пальму ў агарод. Ды не склалася – муж выкінуў усе бутэлькі.
Праскоўя гаворыць, што па сваім майстэрстве яна дзесьці у класе другім-трэцім, што да дасканаласці яшчэ далёка.
– Пакуль толькі капірую, сама нічога не прыдумляю, – кажа майстрыха, – Жадання і планаў у мяне шмат. І з кожным днём іх становіцца толькі больш. Мая душа радуецца, калі штосьці зраблю. Ну вось не было нічога, а тут ужо хоць кветачка ці лісточак.
Вось такім чынам Праскоўя Палукошка знайшла прытулак для сваёй душы: праз гены і асабістае жаданне да прыгажосці.