На канферэнцыю “Традыцыйны фальклор у сучаснасці” з’ехаліся прадстаўнікі абласцей рэспублікі, Мінска, прысутнічалі госціі са Смаленска.
На канферэнцыі Ірына Ляшкевіч выступіла з дакладам, у якім акрэсліла сучасны стан традыцыйнай культуры на вёсцы. На прыкладзе сваёй вёскі Мачуль Ірына Ляшкевіч звярнула ўвагу на тое, як спалучаецца ў сённяшняй вёсцы сучаснае і мінулае, што людзі атрымалі ў спадчыну і якім чынам зберагаюць гэта для нашчадкаў.
– Вёска не толькі карміліца і працаўніца ад веку – гэта наш асяродак духоўнага багацця. Яна сама шукала і працягвае шукаць шляхі да духоўнага ўдасканалення, да спатолення сваёй душы ў патрэбе прыгожага і светлага, да стварэння імгненняў шчасця і радасці ў шэрай будзёнасці. І няхай яна ў нечым страчвае сваю архаічнасць… – сказала ў сваёй прамове кіраўнік “Згадкі” і сучасная вясковая жанчына. – І добра, што паляпшаюцца ўмовы жыцця і ў вёску імкліва пранікаюць сучасныя сродкі камунікацыі. Але, як неаднаразова гісторыя паказвала чалавецтву, нельга рухацца наперад, зруйнаваўшы пад сабою зямлю, забыўшыся пра векавыя здабыткі культуры і мудрасць сваіх продкаў.
Ірына Ляшкевіч падзялілася ўражаннямі ад навукова-практычнай канферэнцыі:
– Калі выступленні прадстаўнікоў метадычных цэнтраў былі насычаны статыстыкай, а яна, паверце, уражвае (са 120 фальклорных калектываў вобласці палова – дзіцячыя, 55 з найменнем “узорны” і “народны “, а чатыры калектывы з найменнем “заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”), то выступленні кіраўнікоў калектываў – гэта бясцэнны вопыт і тытанічная праца розных па ўзросту, адукацыі, тэмпераменту людзей, але апантанымі агульнай мэтай захавання сваёй культуры.
– У мяне склалася галоўнае ўражанне, што там, на Віцебшчыне, ды і не толькі, усе працуюць на фальклор, на яго захаванне, працуюць гадамі і маюць вынік. І ў гэтым зацікаўлены як установы культуры і адукацыі, так і раённая ўлада. Ёсць проста цудоўныя кіраўнікі калектываў з неверагоднай энергетыкай! – сказала Ірына Ляшкевіч. – Такі абмен вопытам паміж абласцямі вельмі карысны, бо мы жывём у адной краіне, а варымся ў культуры толькі свайго рэгіёна, сваёй вобласці. А што па-за межамі не ведаем.