Пачынаючы з 2003 года, мне давялося паўдзельнічаць у якасці кандыдата на розных узроўнях – на мясцовых і парламенцкіх выбарах, а на прэзідэнцкіх – быць даверанай асобай.
Як і любое вялікае злачынства, выбарчыя фальсіфікацыі пачынаюцца з дробных рэчаў. Хачу сказаць, што на выбарах 15 гадоў таму сумлення ў вачах сябраў камісій было больш. Калі я ў 2008 годзе падыходзіў развітацца з камісіяй, бо мяне забіралі ў войска падчас выбараў, жанчыны з камісіі плакалі і прасілі прабачэння. А чым далей – тым горш. Нават ужо не гучала запаветнае “Ну вы же понимаете…”.
- Склад выбарчых камісій
Напачатку мы верылі ў казку пра справядлівыя выбары. Сумленна збіралі подпісы, падавалі заявы, каб трапіць у камісіі. Ніводная заява не была задаволеная. Мы з сябрамі зразумелі, што трапіць у камісію немагчыма. Найбольш баяліся нас падпускаць да падліковых камісій. Хаця чым мы маглі б нашкодзіць?
Адзіным метадам хоць нейкага кантролю за выбарамі засталося назіранне. Але з кожным годам быць назіральнікам на выбарах станавілася ўсё цяжэй.
- Датэрміновае галасаванне і каруселі
Напачатку мы нават не разумелі, навошта людзей заганяюць на датэрміновае галасаванне. Прыблізны “план” датэрміновага галасавання – 30% выбаршчыкаў павінна прагаласаваць да дня асноўнага галасавання. Здаецца, гэта не крытычна? Але не забываемся на матэматыку: яўка на выбарах рэдка перакрочвае 60%, таму тыя 30% – гэта ўжо палова галасоў. І ўжо не важна як хто прагаласаваў – старшыня камісіі застаецца увечары сам насам са крыняй і са сваім сумленнем.
Звычайна ўкідваюць не ўсе галасы за патрэбнага кандыдата. Мая версія – яны проста дадаюць пачак “правільных” бюлетэняў.
- Спіс выбаршчыкаў
Важны інструмент фальсіфікацый – спіс выбаршчыкаў. Апраўдваючыся абаронай персанальных дадзеных, да яго не даюць нават блізка падыйсці назіральнікам. І вось чаму: частка людзей там увогуле не існуе, частка ніколі не прыходзіць галасаваць і туды можна смела чыркануць подпіс.
А калі камісіі пашанцавала і незалежных назіральнікаў няма на датэрміновым галасаванні, можна смела пакаваць патрэбныя бюлетэні ў скрыню. Вочы баяцца, але рукі робяць.
Многія гатовыя пацвердзіць, што бачылі насупраць свайго прозвішча нечый подпіс, калі прыйшлі галасаваць. Гэта значыць, што сістэма дала збой – на яго яўку не разлічвалі і бюлетэнь ад яго імя ўжо ўкінуты.
- Асноўны дзень галасавання
Калі назіральнікі прысутнічаюць ўвесь час і лічаць колькасць людзей, якія увайшлі, махлярскія камісіі выкарыстоўваюць іншыя метады. Напрыклад, карусель. Знаёмыя ці калегі, а то і прафесійныя карусельшчыкі заходзяць каб прагаласаваць. Каб хоць неяк змагацца з гэтым, трэба мець добры зрок і памяць. Заўважыць іх можна па тым, што яны адразу ведаюць да якога століка падыходзіць, стараюцца хутка схапіць бюлетэнь і як мага хутчэй сысці. Мая дзяўчына была назіральнікам і прыкмеціла, як жанчына ўжо 3 раз ішла галасаваць, кожны раз апранаючы іншую вопратку. Мне давялося ўмяшацца, а жанчына ўцякла.
Затым я заўважыў, як прыйшла галасаваць дзяўчынка – яе маці сядзела ў камісіі. Але я памятаў (яшчэ па працы у сельскім клубе), што тая дзяўчынка наўрад ці мае 18 гадоў. Хуценька праверыў яе профіль у сацыяльных сетках і праўда. Ёй было сорамна, а яшчэ больш сорамна павіна быць яе маці – уцягваць дзяцей у падман.
- Падлік галасоў
Калі камісіі ўдалося ўкінуць бюлетэні і калі назіральнікі не лічылі колькасць людзей – лічыць галасы можна смела. Нават для паказухі імітаваць справядлівы падлік.
Але калі фальсіфікацыі не ўдаліся, у асноўны дзень прыйшло людзей нашмат больш чым укінутых 30% на датэрміновым – камісіі ідуць на адчайны крок. Любымі метадамі хаваюць падлік галасаў, становяцца спіной, а то і правакуюць незалежнага назіральніка, каб выгнаць з участка.
Да гонару Лунінецкіх супрацоўнікаў міліцыі, у двух выпадках на розных участках калі нашага назіральніка спрабавалі выгнаць – міліцыянт рэагаваў спакойна і адмовіўся ад патрабаванняў старшыні камісіі выгнаць назіральніка.
Бывалі і абсурдныя выпадкі. Вось, напрыклад, кадр з падліку галасоў на ўчастку ў «Спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву Лунінецкага райвыканкама» на выбарах у 2012 годзе (фота уверсе). Заўважце, што у асноўнай колькасці бюлетэні складзеныя ўчвэрць. Прорэзь у скрыні маленькая, не згорнуты аркуш паперы проста не пралазіць у шчыліну. А са скрыні выпала роўная пачка паперы. У камісіі спачатку не зразумелі абсурднасць сітуацыі, але калі мой брат пачаў рабіць здымкі – кінуліся камечыць аркушы і спрабаваць прагнаць яго з участка.
З кожным годам інструменты фальсіфікацый станавіліся больш прафесійнымі і жорсткімі. Часам, нават проста не лічылі, агучвалі падрыхтаваную загадзя лічбу. Мне казалі некаторыя сябры камісій, што часам нават іх лічбы з улікам фальсіфікацый не задавальнялі вышэйстаячую камісію, і ім прыходзілася запісваць іншыя і падаваць наверх.
А на гэтых выбарах нават проста назіраць за выбарамі было немагчыма.
Але рана ці позна праўда выходзіць у свет. Я ганаруся тымі людзьмі ў родным Лунінцы, Мікашэвічах і усіх вёсках, хто не пабаяўся не толькі прагаласаваць, але і падтрымаць свой голас. Хопіць ужо баяцца. Мы вартыя лепшага.
Фальсіфікацыі – гэта не проста маніпуляцыі з лічбамі – гэта лёсы людзей і цэлага народа.