Дзядуля чацверакласніка з Рэчыцы Андрэя Багаткі – унікальны чалавек. А ўнікальнасць заключаецца ў яго творчай адметнасці. Павел Паўлавіч Кулік з вёскі Ніжні Церабяжоў – таленавіты мастак і скульптар, разьбяр па дрэве і будаўнік, паэт і выканаўца ўласных песень. А яшчэ гэта цудоўны муж, добры бацька і самы лепшы дзядуля.
Вось і вырашыў Андрэй разам з аднакласнікамі і настаўніцай Галінай Васільеўнай Ціпух даследаваць творчасць дзядулі Паўла. У выніку атрымалася грунтоўная даследчая праца «Прыгажосць душы майго дзядулі», якая паспяхова была прэзентавана на раённым конкурсе даследчых работ малодшых школьнікаў «Я – даследчык».
Праца Андрэя, як і творчасць яго дзядулі, высока ацэнена і стала адной з лепшых работ па выніках конкурсу. Пра тое, як узнікла ідэя аб’ектам даследавання выбраць творчасць палешука, і як вялася праца, карэспандэнт Медиа-Полесья высвятляла ў юнага даследчыка, яго настаўніцы і дзядулі.
Паэт-песеннік
Як адзначае Галіна Ціпух, калі з вучнямі было прынята рашэнне правесці даследаванне, доўга з выбарам тэмы не вагаліся. Ідэя ўзнікла адразу: ёсць такі цудоўны чалавек – чым не тэма?
– Праца вялася вельмі доўга, – расказвае Галіна Ціпух. – Матэрыял для работы старанна назапашвалі. Значную дапамогу аказала мама Андрэя, Інэса Паўлаўна. Менавіта яна перадала нам сямейныя архівы дзядулі і бабулі Андрэя – Паўла Паўлавіча і Алены Герасімаўны, а таксама матэрыялы з перыядычных выданняў, дзе ў розныя гады друкаваліся артыкулы пра Паўла Паўлавіча і яго вершы.
Нечаканым сюрпрызам для Паўла Паўлавіча Куліка стала праца ўнука, якую яму прэзентавалі ў дзень нараджэння.
– Дзед, расчуліўшыся, аж заплакаў, – узгадвае яго дачка Інэса. – А надрукаваны намі зборнік вершаў бацькі стаў для яго падарункам, якому няма цаны.
У паэтычны зборнік «Ты, зямліца мая, – паляшуцкі вянец…» увайшлі паэтычныя творы Паўла Куліка, якія друкаваліся на старонках розных перыядычных выданняў у розныя гады.
Гэты зборнік – адзін з вынікаў плённай работы пачынаючага даследчыка Андрэя і ўсіх, хто зрабіў свой уклад у такую важную справу. Пакуль ён застаецца першым і адзіным паэтычным зборнікам Паўла Куліка. Няхай ён і невялікі па аб’ёму, няхай выйшаў даволі малым тыражом, аднак для паэта ён назаўжды застанецца знакавым.
Фрагмент з даследчай працы Андрэя Багаткі:
Першыя пробы пяра адбыліся ў дзядулі яшчэ ў школе. Заўсёды не хапала часу чытаць літаратуру: у вёсцы ў кожную пару года працы хапае, вось і папрасіў дазволу пісаць сачыненні вершамі. Заўсёды атрымліваў па змесце «выдатна», а за памылкі – «добра». Першыя крокі ў складанні вершаў падтрымалі сябры. Менавіта яны гаварылі, што атрымліваецца нядрэнна, і тым самым падштурхоўвалі аўтара да ўдасканалення здольнасцей. Пісаў дзядуля і ў арміі. Калі прызвалі на перападрыхтоўку, для строю спатрэбілася песня. Звярнуліся да яго. Праз некаторы час ужо маршыравалі пад песню «Салдат запаса» на словы і музыку майго дзядулі.
Сапраўды, многія вершы Паўла Куліка (а вершаў каля дзвюх соцен набярэцца!) сталі песнямі. Напрыклад, ён з’яўляецца аўтарам слоў і музыкі гімна Столінскага раёна «Столінскі край». А яшчэ дзве песні доўгі час знаходзіліся ў рэпертуары музычнага дуэта пад кіраўніцтвам Аляксандра Велясніцкага і гучалі на многіх вяселлях, сваёй душэўнасцю і глыбокім сэнсам пранікаючы ў сэрцы слухачоў. Як кажа сам выканаўца, і цяпер па просьбах слухачоў з задавальненнем выконвае гэтыя песні. Некалькі гадоў таму ў Столінскім ГДК некаторыя з песень Паўла Куліка былі запісаны на касету.
– Як нараджаюцца вершы? – пытаюся ў паэта.
– Проста з’яўляюцца ў галаве, – кажа Павел Паўлавіч. – Вось выйду на падворак, пагляджу навокал – і верш пра вёску, пра родную зямлю ўзнікае сам па сабе.
Мастак
Прыгажосць роднай зямлі, любага сэрцу Палесся Павел Паўлавіч перадае не толькі ў вершах і песнях, але і ў жывапісе. Жывапіс – яшчэ адно з захапленняў гэтага таленавітага чалавека. Не маючы профільнай адукацыі (па спецыяльнасці Павел Кулік – аграном, аднак ніколі ў жыцці ім не працаваў), Павел Паўлавіч піша цудоўныя пейзажы і партрэты, адлюстроўваючы ў іх усе тыя вобразы, што ўзнікаюць у яго галаве.
– З дзяцінства марыў стаць ці паэтам, ці мастаком. Аднак, па парадзе бацькоў пайшоў вучыцца ў Ляхавіцкі аграрны тэхнікум. Скончыў. Аграномам не працаваў ні дня, – расказвае Павел Кулік.
Як нарадзіўся Павел Кулік, так і жыве ў Ніжнім Церабяжове. Паляшук кажа, што без сваёй малой радзімы проста жыць не можа, таму ніколі не імкнуўся куды-небудзь выехаць са сваёй зямлі. Працоўная дзейнасць Паўла Куліка заўжды звязана з творчасцю. На яго рахунку больш за сотню карцін. А на іх – родныя ваколіцы, блізкія і дарагія сэрцу людзі, самыя яркія ўспаміны маленства.
Фрагмент з даследчай працы Андрэя Багаткі:
На жывапісных палотнах дзядулі сустрэнеш і родных людзей, і знаёмы з дзяцінства стары парк, дзе да вайны сярод ліп і бяроз стаяў палац Алешы-малодшага, пейзажныя сюжэты якога дзядуля не стамляецца маляваць зноў і зноў. А сярод жаночых вобразаў асабліва мне падабаецца партрэт маёй бабулі Алены Герасімаўны. Ён займае ганаровае месца на сцяне вялікага пакоя ў доме маіх бабулі і дзядулі. Са слоў бабулі, гэтая работа таксама з’яўляецца яе любімай, таму што напісана яна была ўпотай ад бабулі і падаравана каханай ў дзень сярэбранага вяселля. На гэты партрэт можна глядзець вельмі доўга-доўга, угадваючы ў рысах рэальнай жанчыны абагулены вобраз жаноцкасці, музы.
Павел Кулік піша не толькі для сябе. Яго працу можна ўбачыць на сценах роднай школы, мясцовага Дома культуры, сельсавета, хлебапрыёмнага пункта. Ім напісаны іконы для мясцовай Ільінскай царквы, сярод якіх толькі вялікіх налічваецца 16. Пісаў іконы для царквы ў Рэчыцы, а таксама для царквы ў вёсцы Гарадзішча, што на Украіне.
– На Украіне і пісаў. Браў мальберт і ішоў цераз мяжу. Карціну перавезці было амаль немагчыма. Таму я сам накіроўваўся ў суседнюю краіну. У Гарадзішчы жыў на кватэры, там жа і пісаў, – успамінае Павел Кулік.
Скульптар і разьбяр
Як распавёў у сваёй даследчай працы Андрэй Багатка, яго дзядуля з’яўляецца аўтарам трох помнікаў у Церабяжове ў памяць аб ахвярах вайны. Гэта помнік у гонар воіна Рыгора Сталярова, помнік у гонар загінуўшых аднавяскоўцаў на франтах Вялікай Айчыннай вайны і абеліск у гонар разведчыкаў Чырвонай Арміі, зроблены ім разам з бацькам Паўлам Андрэевічам Куліком.
Фрагмент з даследчай працы Андрэя Багаткі:
Першы помнік ён стварыў яшчэ ў шостым класе, уражаны гісторыяй гібелі савецкага воіна Рыгора Сталярова ў далёкім 1944 годзе падчас ваенных дзеянняў вёсцы Ніжні Церабяжоў. Гэтую гісторыю майму дзядулі расказала яго бабуля, якая была сведкай тых жудасных падзей. Шасцікласнік, не валодаючы якімі-небудзь навыкамі ў мастацкай скульптуры і не ведаючы, як выглядаў невядомы воін, узяўся ўласнаручна стварыць помнік герою на ганаровым некропалі каля вясковай царквы. Пазней знайшліся родныя Сталярова, і на стэле, пад скульптурным бюстам, з’явіўся медальён з фотаздымкам.
Карнізы, рамы для карцін, альтанка, драўляныя скульптуры на падворку Кулікоў – справа рук таленавітага гаспадара.
Вось такія таленавітыя людзі жывуць на Столінншчыне. Таленавітыя не толькі творчасцю, як Павел Кулік, але і сваёй вучобай, стараннасцю і цікавасцю да навакольнага свету, як выдатнік з СШ №2 р.п.Рэчыца Андрэй Багатка.