7 ноября 2024, четверг11:36

Культура

Гродзенцы прапануюць увекавечыць у сваім горадзе Бону Сфорцу

11 июня 2019, 12:53

Пачаўся збор подпісаў пад петыцыяй  да гродзенскіх уладаў аб усталяванні помніка каралеве польскай і вялікай княгіні літоўскай Боне Сфорца, якая, на думку аўтараў, пакінула значны след у гісторыі горада.

Аўтары петыцыі аргументуюць сваё патрабаванне тым, што Бона Сфорца зрабіла важны ўнёсак у развіццё Гродна. У прыватнасці канстатуецца, што менавіта пры ёй праводзіліся “працы па брукаванні вуліц, уладкаванню гарадскіх водных сістэм, у прыватнасці ачыстка калодзежа на цэнтральнай плошчы, рамантаваўся галоўны каталіцкі храм горада, так званая Фара Вітаўта”.

Падкрэсліваецца, што паводле прывілеі каралевы і вялікай княгіні горад атрымаў герб з аленем Святога Губерта, якім карыстаецца дагэтуль.

Пералічваючы іншыя добрыя справы Боны Сфорцы, аўтары петыцыі лічаць, што яе памяць можна ўшанаваць у выглядзе гарадской скульптуры ў поўны рост на адной з цэнтральных вуліц горада, альбо памятнай шыльдай на будынку былога кляштара Святога духа, пабудаванага паводле прывілей каралевы і вялікай княгіні.

Аўтары петыцыі лічаць, што заслугі Боны Сфорца перад Гроднам параўнальныя з тым, што зрабіў для горада кароль Польскі і Вялікі князь Літоўскі Стэфан Баторый.