Юрыст Беларускай канфэдэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў Алена Яськова лічыць уключэнне «Граніту» Міжнароднай арганізацыяй працы ў спіс нядобранадзейных прадпрыемстваў заканамерным:
«У 2004 годзе былі вынесеныя рэкамэндацыі МАП па выпраўленні становішча з правамі незалежных прафсаюзаў. У асноўным гэтыя рэкамэндацыі не выкананыя. Было паседжанне Адміністрацыйнай рады МАП і зноў прыняты вельмі жорсткі дакумэнт па Беларусі. І ёсць наступная вельмі жорсткая мера – гэта 33 параграф Статуту МАП. Паводле яе МАП можа прымаць усялякія меры, нават да таго, каб звярнуцца да іншых краінаў з просьбай аб эканамічным уздзеянні…»
Увядзенне эканамічных санкцый з ініцыятывы Міжнароднай арганізацыі працы, кажа спадарыня Яськова, было аднойчы – у дачыненні да М’янмы. Алена Яськова не выключае, што ў будучыні такі крок можа быць зроблены і адносна Беларусі.
Кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч кажа, што звольненыя з прадпрыемства актывісты дагэтуль шукаюць працу або ездзяць на заробкі. Уладкавацца на дзяржаўную працу, кажа Алег Стахаевіч, звольненым актывістам досыць праблематычна:
«Генадзь Паўлоўскі робіць кіроўцам-міжнароднікам. Віталь Пашэчка ездзіць у Расею… Мікалай Карышаў – у пошуках, пакуль на падпрацоўках. Жонка Анатоля Літвінкі прайшла камісію ў сетку прадуктовых крамаў… Паехала ў Лунінец у аддзел кадраў афармляцца, і яе там „адфутболілі“… Наша дзяржава не зацікаўленая ў людзях, якія маюць сваю пазыцыю, сваю думку».
Алег Стахаевіч кажа, што рабочы рух на «Граніце» пайшоў на спад, а кіраўніцтва прадпрыемства і дагэтуль выклікае сябраў незалежнага прафсаюзу на гутаркі, прапануючы рабочым, каб адмаўляліся плаціць складкі. Многія рабочыя адышлі ад пратэсту пасля таго, як на прадпрыемстве паднялі заробкі, кажа прафсаюзны лідэр.