Да ўдзелу ў паэтычнай гульні пад назвай “Верш пра каханне: конкурс на прызы “Амерыканкі” запрашаюць кніжная серыя “Амерыканка”, Майстэрня “Незалежнасці 43”, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Міжнародны паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова “Вершы на асфальце” .
Па ўмовах удзелу, патрэбна размясціць у якасці каментара да паста ў Фэйсбуку адзін свой верш на тэму кахання, а затым распаўсюдзіць гэты пост на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Для гэтага перайдзіце спачатку па спасылцы.
Сярод удзельнікаў конкурсу і паэтка са Століншчыны Ірына Ляшкевіч. Нарадзілася яна ў вёсцы Мачуль, дзе жыве і цяпер. Зараз працуе ў Мачульскай базавай школа, з’яўляецца кіраўніком узорнага дзіцячага аб’яднання аматараў фальклору “Згадка” Мачульскага сельскага дома фальклору.
З 2004 года Ірына Ляшкевіч – член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Яе творы з’яўляліся і з’яўляюцца на старонках абласных і рэспубліканскіх газет і часопісаў. І зараз яна таксама прымае ўдзел у конкурсе.
Друкуем верш Ірыны Ляшкевіч, які ўдзельнічае ў конкурсе.
Развітаецца травень калінаю белай,
І растане ў ружовай вячэрняй зары.
Да пляча прыхінуся дзяўчынкай нясмелай-
Ты ў шчаслівае лета мяне забяры.
Забяры мяне ў росы, грыбныя світанні,
У шумлівыя ліўні пад свой парасон.
Зберажы мяне, любы, і наша каханне,
Зберажы гэты лёсам расквечаны сон…
Верш Ірыны Ляшкевіч з’яўляецца фаварытам конкурсу. Каб падтрымаць яго ці верш іншага аўтара, патрэбна паставіць лайк пад абраным вершам, знайшоўшы яго ў каментарыях па гэтай спасылцы.
Як адзначаюць арганізатары конкурсу, пераможцаў вызначаць адначасова паэтычным журы і народным галасаваннем. Перамога ў народным галасаванні будзе аддадзена аўтарам тых вершаў, пад якімі збярэцца найбольш лайкаў. Паэтычнае журы вызначыць сваіх фаварытаў па рэйтынгавай сістэме. Вынікі конкурсу абвесцяць онлайн 14 лютага (Дзень закаханых/Дзень нараджэння Міхася Стральцова).
Найлепшыя аўтары вершаў пра каханне, вызначаныя журы і народам, выступяць у межах фестывалю Стральцова ў субботу, 17 лютага.