Сярод амаль двухсот нумароў, заяўленых на конкурс, журы патрэбна было адабраць самыя лепшы. І вось выканаўцы такіх 22 нумароў, што былі выбраны журы ў час папярэдніх праглядаў, выступілі на адной сцэне ў Століне.
Вакальныя і харэаграфічныя нумары, выступленні інструменталістаў, вядучых убачылі гледачы, што прыйшлі ў нядзелю ў парк.
Старшыня журы, дырэктар Столінскага раённага метадычнага цэнтра Алена Дубойская, падкрэсліла:
– Кожны год павялічваецца колькасць юных выканаўцаў, якія жадаюць прыняць удзел у конкурсе «Зоркі Палесся». Кожны год на Століншчыне мы адкрываем новыя таленты. І вельмі прыемна, што цікавасць да конкурсу з кожным годам толькі расце.
Арганізатары плануюць зрабіць канцэрты фіналістаў раённага конкурсу «Зоркі Палесся» ў населеных пунктах Століншчыны. А яшчэ сярод планаў на будучае – запрасіць да ўдзелу ў конкурсе выканаўцаў з суседніх са Столінскім раёнаў.
Фіналісты атрымалі ўзнагароды аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама, спецыяльны прыз ад раённай газеты «Навіны Палесся».
Арганізатары конкурсу сучаснага эстраднага мастацтва – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.