Напярэдадні адзначэння Старога Новага года невялікая палеская вёсачка Лука на некалькі дзён напоўнілася фестывальным настроем. Праходзіць “Брацкая свяча” па благаслаўленні архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана.
Настаяцель храма ў гонар Святой Тройцы ў вёсцы Гарадная айцец Віктар (вёска Лука адносіцца да Гараднянскага прыхода) звярнуўся да прысутных словамі: “Я рад сардэчна ўсіх тут вітаць, рады магчымасці павіншаваць усіх Вас са светлым святам Божага Нараджэння, і вельмі рады гэтай падзеі, якая ў нас тут адбываецца”.
Айцец Віктар распавёў, што традыцыя брацкай свячы пры царкве ў Гарадной была заўжды: “Гэтыя свечы існавалі заўжды, з любоўю да Госпада прыхажане ахвяравалі іх храму, традыцыйна свтавілі на навалецце. У асабліва ўрачыстыя моманты богаслужэння іх запальвалі”. Святар расказаў, што папярэднічала ўзнікненню гэтага фестываля. “Праходзіў у Гарадной адзін з пленэрў мастацтва ганчарнага, чалавек з Мінска заўважыў гэту свячу, пацікавіўся яе гісторыяй. Пазней з Мінска прыехала група са Свята-Елісавецінскага манастыра – здымачная група праваслаўнай студыі імя Святога Іаана Воіна. У 2011 годзе, якраз перад навагоднімі святамі, яны здымалі фільм пра Брацкую свячу. Гэты фільм быў прадстаўлены грамадскасці на Маскоўскім міжнародным фестывалі праваслаўнай культуры “Раданеж” у 2014 годзе. На ім фільм заняў першае месца ў намінацыі “Лепшы праваслаўны фільм”. Як пазней адзначыў адзін з крытыкаў гэтага фестывалю, у фільме людзі змаглі судакрануцца з ісцінай, з тым першым народным праваслаўем, прыродным, якое захавалася ў душы. Гэта высокая прэмія дазволіла нам больш поўна распавесці аб такой праваслаўна традыцыі”. Айцец Віктар дадаў, што і людзі духоўныя, і тыя, хто станоўча адносіцца да культурнай традыцыі свайго народа, свята шануе такую спадчыну: “Мы хацелі б каб аб гэтай традыцыі стала вядома, каб больш папулярным станавіўся абрад, больш духоўным станавіўся наш народ і свет, каб мы больш духоўна аб’ядналіся”.
Падтрымаў фальклорна-этнаграфічны фестываль “Брацкая свяча” Столінскі райвыканкам. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Столінскага райвыканкама Васіль Заруба ў сваім звароце да лукенцаў і гасцей фестывалю адзначыў, што “Брацкая свяча” аб’ядноўвае людзей, а традыцыя, якая працягваецца сёння, цесна пераплецена з сучасным жыццём.
“Многія нашыя навукоўцы шмат уклалі не толькі ў даследаванне гэтых звычаяў і абрадаў, а таксама давялі гэта да моладзі, да дзетак, каб людзі маглі не проста сустракацца, а быць аб’яднанымі ў веры, – адзначыў Васіль Заруба. – Спадзяёмся, што ўсе звычаі і абрады, якія былі ў нас на Століншчыне і перадаваліся з пакалення і ў пакаленне, захаваюцца: тое, што было раней, не горшае за тое, што ёсць сёння. А галоўнае сёння – духоўнасць чалавека, якая захоўваецца нашымі людзьмі і залежыць ад нас. Гэта традыцыя вырабу Брацкай свячы, якую людзі захавалі і падтрымліваюць, няхай заўсёды будзе”. Васіль Заруба пажадаў прысутным моцнага здароўя, парадку ў сем’ях і ў душах і дадаў: “Галоўнае, каб мерапрыемства стала традыцыйным для гэтай маленькай вёсачкі, і каб з кожным разам яно аб’ядноўвала большую колькасць людзей”.
Канцэртная праграма ў вясковым Доме культуры доўжылася не адну гадзіну. На фестывальнай сцэне на працягу ўсяго фальклорна-этнаграфічнага фестывалю выступілі ўдзельнікі народнага ансамбля народной музыкі «Вятліца» СШ №2 г.Століна, ансамбля “Дочкі сонца” з г.Ікшкіле (Латвія), выступалі школьнікі, удзельнікі творчых калектываў Століншчыны, госці фестывалю.
У сераду, 13 студзеня, братчыкі з Лукі зрабілі з воску Брацкую свячу ў прысутнасці вяскоўцаў і ўдзельнікаў фестывалю. Непасрэдна аб працэсе вырабу свячы чытайце на Медыя-Палессі ў бліжэйшы час.
Усяго за час работы фальклорна-этнаграфічнага фестывалю “Брацкая свяча” зроблены тры Брацкія свячы.