24 ноября 2024, воскресенье07:01

Культура

Першая беларуска ў гісторыі атрымала Нобелеўскую прэмію. Сем фактаў пра Святлану Алексіевіч

8 октября 2015, 15:42

«За свае поліфанічныя творы, помнік пакутам і мужнасці нашага часу», — гаворыцца ў фармулёўцы Нобелеўскага камітэта.

Сёння ў Стакгольме абвешчана імя новага лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Гэта беларуска Святлана Алексіевіч. Выхадцы з Беларусі атрымлівалі Нобель раней, але беларуска, грамадзянка Беларусі — упершыню. Таму 8 кастрычніка — гістарычны дзень для Беларусі.

Выратавалі жыццё ўкраінскія манахіні

Святлана Алексіевіч нарадзілася ў 1948 годзе ва ўкраінскім Івана-Франкоўску.

Яе бацька — беларус, вайсковец-лётчык, маці — украінка.

«Мая ўкраінская бабуля заўсёды мне казала, што я мушу любіць Украіну. Усё дзяцінства яна мне расказвала пра Галадамор, які гэта быў кашмар».

Алексіевіч расказвала, што гісторыя яе жыцця пачыналася з таго, як дактары сказалі, што яна не выжыве. «У мяне быў рахіт. Маці нічога не магла купіць на базары. Сябры бацькі перакінулі яго нейкім чынам праз сцены манастрыра, і ён прыйшоў да настаяцельніцы. Ён папрасіў, каб выратавалі дзіця. Настаяцельніца доўга думала, пасля сказала, каб жонка прыходзіла штодня, мы будзем выдаваць паўлітра казінага малака».

Дзевяць троек у атэстаце

У 1961 годзе сям’я Алексіевічаў пераязджае ў Петрыкаўскі раён Беларусі.

Бацька — Аляксандр Яўхімавіч — становіцца дырэктарам Капаткевіцкай сярэдняй школы. Гэта самая глуш Палесся. Маці таксама працавала настаўніцай. Цікава, што ў гэты самы ў школе вучылася Ніна Мазай — будучая віцэ-прэм’ерка БССР.

Выдатніцай Алексіевіч не была. У адным з інтэрв’ю яна прызнавалася, што скончыла школу аж з дзевяццю «тройкамі». Выдатна было толькі па літаратуры і гісторыі. Алексіевіч кажа, што асаблівай сімпатыі да школы яна ніколі не мела, а хацела хутчэй вырвацца ў вялікі свет.

Папрацавала ў раёнках і настаўніцай

Кабул, 1988 год. Падчас працы над кнігай «Цынкавыя хлопчыкі».

Пасля школы Алексіевіч працавала карэспандэнтам нараўлянскай раёнкі «Прыпяцкая праўда». Працавала настаўніцай нямецкай мовы ў Мазырскім раёне. У 1967 годзе паступіла на журфак БДУ. Пасля яго сканчэння была размеркаваная ў бярозаўскую раёнку «Маяк камунізму». Ад 1976 года працавала ў мінскіх газетах і літаратурных часопісах.

Моцны ўплыў на творчасць Алексіевіч аказаў Алесь Адамовіч і кнігі «Я з вогненнай вёскі», «Блакадная кніга», што з’явіліся з ягоным удзелам. Менавіта Адамовіч запачаткаваў у Беларусі жанр, дзе змешваліся літаратура і журналістыка. Алексіевіч называла Адамовіча сваім настаўнікам і пайшла яго дарогай.

«З тысячы галасоў, кавалачкаў нашага быту і быцця, словаў і таго, што паміж словамі я складваў не рэальнасць (рэальнасць недасягальная), а вобраз… Вобраз свайго часу. Тое, як мы яго бачым, як мы сабе ўяўляем. Я складваю вобраз сваёй краіны ад людзей, якія жывуць у мой час. Я хацела б, каб мае кнігі сталі летапісам, энцыклапедыяй амаль дзясятка пакаленняў, якія я заспела і разам з якімі іду», — так Алексіевіч ахарактарызавала сваю творчасць.

Два гады выдавецтвы мурыжылі яе кнігу «У вайны не жаночае аблічча».

Набор яе першай кнігі «Я з’ехаў з вёскі» рассыпалі ў тыпаграфіі.

Толькі з крызісам Савецкага Саюза яе кнігі змаглі паўнаварта дайсці да чытача.

Хавала Арлова

Намеснік дырэктара Ліцэя імя Якуба Коласа Лявон Баршчэўскі кажа, што Алексіевіч была адной з першай, хто стаў на абарону ліквідаванай навучальнай установы. «Калі нас выгналі ў падполле, то Алексіевіч дапамагала грашыма на арэнду памяшканняў, ахвяравала частку ўласнай бібліятэкі, удзельнічала ў сустрэчах».

Алексіевіч ніколі не была звязаная з палітычнай апазіцыяй, але ўвесь час дапамагала грамадзянскай супольнасці.

Таксама Баршчэўскі кажа, што за доўгі час знаёмства ніколі не чуў ад Алексіевіч нічога абразлівага ў бок беларускай мовы. «Усё гэта лухта, што яна супраць усяго беларускага».

Літаратар Уладзімір Арлоў расказаў незвычайную гісторыю, як яму ў жыцці дапамагла Святлана Алексіевіч. «Пасля майго выступу на Дзядах 1988 года, да мяне пачаў заходзіць міліцыянт Сальнік. Ён склаў два запар пратаколы за пражыванне ў Мінску без прапіскі. Мне гразіла дэпартацыя па месцы прапіскі ў Полацк. У гэтай сітуацыі на дапамогу мне прыйшла Святлана Алексіевіч».

Жыллёвыя ўмовы пісьменніцы дазвалялі прапісаць у сябе Арлова. Алексіевіч падала дакументы ў камунальныя службы. Дзякуючы гэтаму Уладзімір Арлоў захаваў працу ў «Мастацкай літаратуры», а таксама застаўся ў Мінску.

Цэніць Станкевіча і Федарэнку

Святлана Алексіевіч шмат чытае беларускай літаратуры. Мала што праходзіць міма яе.

«Я люблю тое, што мяне адкрывае, я люблю сапраўдныя рэчы… Напрыклад, «Любіць ноч — права пацукоў» Юрыя Станкевіча. Я помню, што калі гэта прачытала, я ахнула. Я ўбачыла добра зробленую рэч», — казала Алексіевіч.

Алексіевіч таксама адзначала Андрэя Федарэнку за ягонае апісанне вёскі.

Сёлета, калі «Наша Ніва» надрукавала дзённік Андруся Горвата — мінчука, які пераехаў у вёску, гэта так уразіла Святлану Алексіевіч, што яна даслалі ў палескую вёску бандэроль з кніжкамі.

Не атрымала ніводнай прэміі ў Беларусі

Пісьменніца абласканая міжнароднымі літаратурнымі прэміямі. Напрыклад, толькі за апошнія гады яна атрымала прыз чытацкіх сімпатый на самай прэстыжнай прэміі Расіі «Вялікая кніга», прэмію імя Рышарда Капусцінскага ў Варшаве, званне афіцэра ганаровага ордэна мастацтваў і літаратуры Французскай Рэспублікі, французскую прэмію Медычы, прэмію саюза нямецкіх кнігагандляроў. Ад канца 90-ых яе рэгулярна ўзнагароджваюць на Захадзе, а вось ніводнай прэміі ў Беларусі яна так і не атрымала.

Дарэчы, у расійскіх СМІ з года ў год качуе адна і тая ж памылка, што Алексіевіч жыве ў Еўропе. Не, яна вярнулася ў Беларусь і апошнія гады жыве ўзімку ў Мінску, а цёплай парой — на лецішчы каля вытоку Іслачы. Праўда, пры гэтым шмат падарожнічае, сустракаецца з чытачамі ва ўсім свеце.

Устала на абарону Украіны і еўрапейскіх каштоўнасцей

Ад пачатку вайны на Данбасе Святлана Алексіевіч адразу заняла ясную пазіцыю. Яна не сароемеецца называць калектыўным вар’яцтвам тое, што сёння робіцца ў Расіі. Яна заклікае расійскіх інтэлектуалаў не маўчаць у гэтай сітуацыі, не баяцца выказваць сваё меркаванне. 

«Пуцін — не палітык. Пуцін — кадэбэшнік. І тое, што ён робіць, гэта правакацыйныя рэчы, якімі звычайна займаецца КДБ», — гэта таксама словы Алексіевіч.

У нядаўнім інтэрв’ю «Нашай Ніве» Святлана Алексіевіч сказала: «Мы маем справу з рускім нацыяналізмам, які вельмі небяспечны. Мне вельмі шкада, што ён паражае і таленавітых людзей, як той жа Прылепін. Дай бог, каб мы ацалелі ў гэтым рускім нацыяналізме». «Беларусь можа выратавацца толькі, калі павернецца ў бок Еўропы», — дадала яна.

Апошнім часам у расійскіх СМІ прайшлі хвалі цкавання Святланы Алексіевіч.


На суде во время дачи показаний рядом с девушкой была собака, которая была предоставлена судом для эмоциональной поддержки жертвы. Скрин видео: france3paca / YouTube
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: pravo.by
Фото использовано в качестве иллюстрации media-polesye.com