Перад мітынгам адбылося ўскладанне кветак да гарматы і памятнага знака ў гонар 65-й гадавіны вызвалення Століна ад нямецка-фашысцскіх захопнікаў.

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ветэраны працы занялі пачэсныя месцы на плошчы Леніна. Насупраць іх – прадстаўнікі ўлады і дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў: горад Скапін (Расія) і горад Ікшкіле (Латвія).

На свята прыехалі ўдзельнікі міжнароднага ваенна-патрыятычнага коннага паходу Масква-Берлін, прысвечанага 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Кіраўнік паходу – унук камандзіра 415 стралковай дывізіі, якая вызваляла горад Столін, Павел Машчалкоў.

Старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі павіншаваў усіх прысутных са святам. З асобымі словамі ён звярнуўся і да ветэранаў, і да моладзі. Рыгор Пратасавіцкі адзначыў, што з кожным годам Столін становіцца больш культурным і прыгожым.
Ён жа ўручыў граматы людзям, якія сваёй плённай працай умацоўваюць дабрабыт роднай зямлі. Узнагароды атрымалі жывёлавод Валянціна Сямігасціцкая, цеставод Алена Крушэўская, настаўнікі Вольга Навумовіч і Генадзь Басавец, дырэктар УП “Століноптгандаль” Мікалай Вабішчэвіч, машыніст бульдозера Аляксей Бык, машыніст Уладзімір Ярмоліч, аператар машыннага даення Ганна Кудласевіч, загадчык амбулаторыі Сяргей Сухадольскі, калектыў Столінскага краязнаўчага музея.
Ушанавалі доўгажыхара горада: 92 гады споўнілася самай старэйшай жыхарцы Століна Анастасіі Гліняніцы. У пачатку ліпеня ў сям’і Пешка з’явілася на свет яшчэ адна дачушка. Не засталіся па-за ўвагай юбіляры.


Напярэдадні свята заключылі шлюб Раман і Анастасія Слаўгародскія, 25-годдзе сумеснага жыцця адзначаюць Міхаіл і Іна Сазановічы, 50 год сумеснага жыцця – Уладзімір і Вера Гашчукі. Віншавалі шматдзетную сям’ю Міхаіла і Галіны Белавусаў, якія выхоўваюць чацвёра дзяцей.
Падвялі вынікі конкурсаў па добраўпарадкаванні горада. Граматы ўручылі пераможцам агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый сярод арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў, за лепшы санітарны стан і азеляненне сярод пад’ездаў шматкватэрных жылых дамоў і прыватных гаспадарак. Узнагародзілі лепшага работніка Столінскай ЖКГ Святлану Нікончык, за шматгадовы актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні горада Століна — Столінскае райспажыўтаварыства, за грунтоўны ўклад у добраўпарадкаванне райцэнтра – калектыў Столінскай ЖКГ.


Ветэраны, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, госці і жыхары райцэнтра ўсклалі карзіны з кветкамі да брацкай магілы воінаў і партызан.

Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых.

Свята працягваецца ў гарадскім парку, на сцэнічнай пляцоўцы, на стадыёне ФСК “Камунальнік”, ля берага ракі. Выстава сельскіх Саветаў раёна, выступленні самых маладых выканаўцаў Століншчыны і гасцей з суседняга раёна, выставы раённага краязнаўчага музея, цэнтраў творчасці, дэгустацыя прадукцыі прадпрыемстваў, кансультацыі з медыцынскімі работнікамі, катанне на балотаходзе і шмат іншых забаў ў святочны дзень падрыхтавалі для людзей.



Вядучыя ўрачыстага мітынгу — Іна Філановіч і Валерый Шуркала, рэжысёр святочнай праграмы — Кацярына Сакалова.
Святкаванне Дня Незалежнасці і Дня горада завершыцца ўрачыстым салютам.







































