Мэта праекта – адкрыць для вучняў свет беларускай літаратуры па-новаму, а таксама выкарыстаць магчымасці сацыяльных сетак для адукацыі.
Як паведамілі Медиа-Полесью арганізатары конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom», школьнікі 7-8 класаў з Брэсцкай вобласці прымаюць актыўны ўдзел у ініцыятыве, сярод іх ёсць і дзеці са Століншчыны. Так, сямікласнік Раман Шульжык з вёскі Радчыцк Столінскага раёна выканаў верш Якуба Коласа «Зорка».
Чытае Раман Шульжык
А сямікласнік Дзмітрый Барэйка, які нядаўна жыў у вёсцы Калоднае Столінскага раёна, а з гэтага навучальнага года жыве ў Кобрыне і з’яўляецца вучнем адной з кобрынскіх школ, прачытаў верш Якуба Коласа «Ручэй».
Чытае Дзмітрый Барэйка
Да 30 лістапада ўдзельнікі конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» запісваюць відэа, дзе яны чытаюць твор са школьнай праграмы па беларускай літаратуры. Затым змяшчаюць відэазапіс на асабістай старонцы ў Facebook, Вконтакте або Instagram c афіцыйнымі хэштэгамі праекта #чытаемзвэлком або #чытаемзvelcom. Спасылку на відэа накіроўваць на адрас [email protected].
На першым этапе праекта будуць вызначаны па 30 лепшых канкурсантаў з кожнай вобласці і горада Мінска. З лютага па красавік 2018 года пройдуць рэгіянальныя фіналы, дзе чытальнікі будуць выступаць перад журы ўжывую.
Пяцёра лепшых ад кожнага рэгіёну будуць узнагароджаны сучаснымі смартфонамі і атрымаюць магчымасць пазмагацца за перамогу ў вялікім рэспубліканскім фінале. Ён пройдзе ў Мінску ў траўні 2018 года, пераможцам конкурсу будуць уручаны смарфтоны маркі Apple.