6 красавіка дырэктару газеты “Белорусы и рынок” Канстанціну Залатых далі 4 гады калоніі агульнага рэжыму. Справу палітвязня з сакавіка ў закрытым рэжыме разглядаў Мінскі гарадскі суд (суддзя — Алена Шылько). Яго прызналі вінаватым у “распальванні варожасці”, “абразе Лукашэнкі”, “абразе прадстаўніка ўлады”, а таксама ў “перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў”.
Залатых затрымалі 18 траўня 2022 года пасля ператрусу ў рэдакцыі газеты. Спачатку ён быў у жодзінскім СІЗА, а з пачатку жніўня 2022 года — ў СІЗА-1 на Валадарскага ў Мінску. Следства сцвярджае, што медыяменеджар парушыў закон, калі сам, без правядзення агульнага сходу акцыянераў, унёс змены ў статут ЗАТ “Медыярынак” і выключыў са складу заснавальнікаў двух замежных грамадзян, а затым зарэгістраваў новы статут. Акрамя таго, у справе ёсць некалькі эпізодаў з размяшчэннем каментароў у сацсетках, якія закранаюць афіцыйных асоб і Аляксандра Лукашэнку.
У чэрвені мінулага года праваабаронцы прызналі Канстанціна Залатых палітвязнем.
У снежні 2022-га газета “Белорусы и рынок”, адно з апошніх незалежных выданняў у Беларусі, спыніла выхад пасля 32 гадоў працы.