Былы палітзняволены «Пікаса» з Палесся: Каб не пасадзілі, партызаніў бы дагэтуль
Яго затрымалі па справе "цюкоў" у верасні 2021 гола. Аляксандр Бабко цалкам адбыў турэмны тэрмін. Пра тое, як яго кідалі з адной вязніцы ў другую, чаму атрымаў мянушку "Пікаса", пра Ганцавічы і як знайшоў сваю “краіну для жыцця” былы палівязень распавёў "Меdia-Polesye".
Аляксандр Бабко жыве ў Вільні з канца 2022 года і працуе будаўніком. Нарадзіўся і вырас на Палессі, ў Ганцавічах. Ён з ліку тых “партызанаў”, якія былі затрыманыя па “справе цюкоў”. Ён і яшчэ 6 чалавек размалявалі на полі пад Дзяржынскам больш за 80 цюкоў з сенажом у БЧБ-колер. Але 2 верасня 2021 года група была затрыманая, распачата крымінальная справа па артыкуле “Злоснае хуліганства”. Аляксандра Бабко быў асуджаны на 1 год калоніі.
Цалкам адбываў тэрмін у турме №4 Магілёва і пакінуў Беларусь.
«Штоночы мы хадзілі партызаніць»
— У Ганцавічах зкончыў школу. Памятаю, што заўсёды тут было беспрацоўе. Пасля вучылішча, пайшоў войска. Памятаю, 25 ліпеня 2003 года знаходзіўся на губе, і тады Лукашэнка загадаў, што ўсе мусяц даслужваць столькі, колькі яны правялі пад арыштам. Я адседзеў 10 сутак – 10 сутак дадатковай службы мне і накінулі. З таго часу я ўзненавідзеў нязменнага правіцеля.
У сярэдзіне 2000-ых гадоў па запрашэнні я паехаў працаваць у Дзяржынск. І сказаў тады: такога непрыгожага горада ў Беларусі яшчэ не бачыў. Але здарылася так, што там пазнаёміўся з дзяўчынай, ажаніўся, нарадзілася дзіця…
Пазней мы развяліся, пакінуў жонцы з сынам кватэру, а сам пераехаў у Мінск. Дарэчы, маем добрыя стасункі як з былой жонкай, так і з сынам.
У Мінску жыў з жанчынай. Калі ў чэрвені 2020 года пачыналіся рэвалюцыйныя падзеі, нашыя светапогляды разышліся: ці то на жаль, а, можа, на шчасце, яна пайшла сваім шляхам, а я сваім.
У 2010 годзе глядзеў на тое, што адбываецца ў краіне, крыва-коса, не стаў выступаць. А вось ужо ў 2015 годзе я выйшаў на свой першы мітынг. Затым здарыўся 2017 год і пратэсты недармаедаў; тады сказаў, што на канапе сядзець не стану, пайшоў пратэставаць. І быў затрыманы, дарэчы.
У 2019 годзе заўважыў стрымы Сяргея Ціханоўскага, яны мяне зацікавілі. Скажу шчыра, ягоныя відэаролікі многіх людзей узнялі з канапы.
Так што да 2020 года я прыйшоў падрыхтаваны. Хадзіў на ўсе маршы, мітынгі, дваровыя сходы. Штоночы мы партызанілі (я кажу, каб не пасадзілі, то і сёння б партызаніў). Мы не спрабавалі прагнуцца адзін перад другім, проста дзейнічалі па сумленні.
Адна дзяўчына з нашай кампаніі апынулася ў цяжкай сітуацыі: яна не магла плаціць за кватэру. Я прапанаваў скінуцца і дапамагчы ёй; і ўвогуле стварыць скарбонку для ўзаемадапамогі. Дапамагаў людзям эвакуявацца з Беларусі. І адначасова працягвалі партызаніць.
Аднойчы мы вырашылі “перагарадзіць” МКАД (хаця я не пагаджаўся з прапанаваным варыянтам). Мы выйшлі на мост і вырашылі перагарадзіць яго бел-чырвона-белым сцягам. У нас ніяк не атрымлівалася замацаваць сцяг. Але тут побач праходзілі хлапчукі гадоў па 16-17, пытаюцца: што вы робіце? Што-што, сцяг хочам замацаваць. І яны прыйшлі нам на дапамогу.
Прыкол у тым, што за намі падчас акцыі назірала адна жанчына праз бінокль: калі б з’явіліся міліцыянты ці гэбэшнікі, яна мусіла даць нам сігнал лазерам, пасля якога мы мусілі ўцякаць. Калі заместа двух чалавек убачыла чацвярых, жанчына стала панікаваць. А пазней, сустрэўшыся з ёй, са смехам расказвалі, што насамрэч адбылося.
“Тапталіся па руках, ставілі крыжыкі, малявалі палоскі і кругі – як мішэнь малявалі”
— Як вы трапілі ўсё-такі на поле ў Дзяржынску, дзе вас арыштавалі?
— Аднаго дня мы вырашылі паехаць у Дзяржынск – размалёўваць цюкі. А мне чуйка падказвала, што няварта ехаць. Аднак, каб ніхто не падумаў, што я даў заднюю, пагадзіўся.
Прыехалі на поле ў Дзяржынску. Размалявалі 82 цюкі. Хаця планавалі патраціць на ўсю аперацыю 15 хвілін, мы справіліся за 7 хвілін. Той ноччу стаяў моцны туман. Я зрабіў надпісы “Жыве Беларусь!”, “08.09” – мы хацелі выказаць сваю палітычную пазіцыю. І паказаць іншым, што ніхто не здаўся і не зламаўся.

Мы вярнуліся назад да дарогі, сталі чакаць машыну, якая мусіла нас забраць. Машына была на ўмоўным месцы, але як сталі мы выходзіць на трасу, яна адкрылася і мы пачулі загад: всем стоять, работает міліція! Першая думка – нейкі жарт ці здзек. Спецпрыёмамі ўклалі на зямлю, адчуў, што на мой твар наступіла нага – у скуру ўпіваліся камяні.
Іх было вельмі шмат: і ў зялёнай, і ў чорнай вопратцы, як казалі беларусы, “аліўкі і масліны”. Потым, калі я патрапіў у Жодзіна, па турэмным радыё абвясцілі, што нас затрымлівалі спецатрадам.
Калі нас затрымалі, то адвялі на поле; тапталіся па руках, ставілі крыжыкі, малявалі палоскі, а на далонях – кругі, на патыліцах таксама сталі кругі – як мішэнь малявалі.
На маёй куртцы таксама паставілі кругі – абазначылі цэль. Адразу сталі запісваць нас на відэакамеру: хто ты? што ты? адкуль ты? Я назваўся, і сказаў усё, што патрабавалася жалобным (не бодрым) голасам.
У мяне запыталіся: а што вы тут робіце? Як толькі сказаў: гуляю, дыхаю паветрам… Выключаецца камера, двое адводзяць мяне ў бок, адзін трымаў мяне за кайданкі, а другі пачаў біць у дыхалку. Збіўшы дыханне, пару разоў заехаў у твар, ударыў у грудзі, і паўторна пачаў біць у дыхалку. Той, хто біў, прыгразіў: ты ў мяне, паскуда, будзеш да Мінска ехаць са мной. І тайскім прыёмам б’е ў маё левае калена, прааперыраванае; я пачуў трэск і адчуў, як апухае калена. А за ім і другое.
Біў з такой моцай, што падалося, быццам ногі выгнуліся дугой у іншы бок. А другі тым часам трымаў мяне за кайданкі – каб я не ўпаў. Усе балоны з фарбай закінулі мне за пазуху.
“Хі-хі: адзін ужо адыходзіць”
— Усіх затрыманых адвезлі ў Дзяржынскі РАУС і кінулі ў малпоўнік, дзе пратрымалі да раніцы. Потым паднялі наверх і пачалі дапытваць. Я пачаў касіць пад дурня і да канца настойваў на сваім. Вывозілі на аператыўны эксперымент – дык я прыкінуўся, што згубіў свой тэлефон.
У ІЧУ пыталіся, дзе жыву, працую. А я ж разумею, што ў інтэрнэце даўно прабілі, што працую будаўніком. “Дык ты вышыні не баішся? Вось хто, значыць, вывешвае сцягі на елках!” Або: хто перакрыў чыгунку ў Койданаве. Я разумею, што пад шумок усё хочуць павесіць на мяне. Круцілі і так, і сяк, а я ляплю дурня і стаю на сваім. Яны бачаць, што нічога не атрымліваецца, і вядуць у іншы кабінет. А песня ўсё тая ж.
Мяне спусцілі ў падвал, дзе пераначаваў адну ноч. Пасля гэтага перавялі ў “прэс-хату”. Там быў кубак з надпісам “Петушок” з намаляваным пеўнем – хацелі зламаць. Мне білі твар: кроў цячэ, а я не паспяваў нават адмывацца…
Пасля мяне выклікалі і загадалі ўсім зняць штаны, у тым ліку і жанчынам. А халадэча стаяла невыносная. Кажу, хоць дзяўчатам вопратку аддайце. Адзін мент і адказвае: ты за сябе перажывай. Для мяне гэта быў балючы момант.
Мне прысудзілі 9 сутак. Асуджаным са мной перадавалі перадачы (і вопратку, і ежу), а мне ніхто не перадаў – была забарона. Пасля 5 з паловай сутак мяне перакінулі ў іншую хату (нумар 6, бо прэсаўшчыкі знаходзіліся ў камеры №5), дзе я яшчэ прабыў двое сутак.
Мяне ізноў перавялі ў іншую хату, і пачалі падсаджваць “качак”.
А пасля этапавалі ў Жодзіна: у казённых спартыўных штанах і сланцах. Пакуль мяне прывезлі туды, я вельмі замёрз. Таму папрасіў хлопца—спадарожніка пазычыць запасныя джынсы, але не паспеў іх нацягнуць – секунд праз 20 ужо мусары бягуць.
У Жодзіне медык-жанчына падышла мераць тэмпературу – пісталет-градуснік паказвае 34 градусы. Я сапраўды моцна замёрз, дый дзверы яшчэ былі адчыненыя. Яна кажа астатнім мусарам: адзін адыходзіць. І ўвесь час хіхікае: падумаеш, адным болей, адным меней. Не медык, не жанчына, горш за жывёлу…
У Жодзіне у мяне забалеў зуб. Баліць і баліць: браў у хлопцаў фільтр з цыгарэтаў, і часнок прыкладваў да зуба – што толькі ні рабіў. Адзін зуб разваліўся сам. Але праз нейкі час пачынае балець іншы з другога боку – пачаліся бясконцыя бяссонныя ночы.
Прашуся да зубнога лекара – а мусарам усё адно. Я не сплю сам і не даю спаць іншым, бо ўвесь час кручуся. Пішуся на прыём да лекара, а ён не прыходзіць. У выніку ўтварыўся флюс. Не вытрымліваю, і рашаю стаць лекарам сам: разадраў дзясну пальцам… Было вельмі балюча, нават кусаў падушку ад болю. Я адчуваў, як пачынае апухаць пад вокам… Калі пачаў страчваць прытомнасць, толькі тады вызвалі «ляпілу». Уколамі знялі пухліну (недзе праз тыдзень), лекар прасвярдліў зуб – на тым усё лячэнне скончылася.
«Каб не загаварыць са слімакамі, пачынаю за імі назіраць»
— Фігурантаў «справы цюкоў» утрымлівалі каго ў Стаўбцах, каго ў Дзяржынску і Нясвіжы. Мяне і яшчэ двух чалавек адправілі ў Нясвіж. Адной раніцы прачынаюся — а ўнітаза няма. А куды ісці ў туалет? У Дзяржынску ці ў Жодзіне дзірка ў падлозе хоць была, а тут увогуле няма прыбіральні. Азірнуўся па баках, бачу, стаіць вядро. Падняў крышку – і адразу апынуўся пад газавай атакай і мусіў хутка нацягнуць кофту на нос.
У камерах увесь час было вельмі сыра і холадна, увесь час даводзілася адціскацца, хадзіць узад—уперад, каб хоць трохі сагрэцца. Гляджу, паўзуць слімакі, дык я, каб не загаварыць з імі, назіраў за іхнімі паводзінамі, каб хоць трохі забыцца, што мне холадна.
Судзілішча праходзіла ў Стоўбцах. У камеру таксама падсаджвалі “качак”. Адзін з сукамернікаў пытаецца: Саня, а колькі табе плацілі? Смяюся: мы ўсё куплялі за свае грошы: і ручкі, і фарбу… Кажа, дык я з сябрам хадзіў на акцыі – нам грошы плацілі. Маўляў, нам заплацілі 50 рублёў, якія паклалі там і там. А за што ж вам заплацілі? Дык мы дзяржалі гэты ваш сцяг. А якога колеру сцяг? Чырвона—зялёны. І ўся камера, дзе, апрача нас, сядзелі яшчэ 10 чалавек, зайшліся са смеху.
У выніку мяне асудзілі на 1 год зняволення, пасля чаго нас этапавалі ў Жодзіна.
Потым мяне этапавалі ў Магілёў, кінулі ў медыцынскую хату, бо абедзве нагі былі апухлыя. Калені балелі заўсёды. Марыў, каб хутчэй выйсці на волю і зрабіць аперацыю. Вызвалілі «па званку».
«Шансы на вяртанне ацэньваю як 50 на 50»
— У якіх умовах вы прымалі рашэнне выехаць з Беларусі?
— У турме на самым пачатку. Я вырашыў: калі мяне не пусцяць у кругасветку (не асудзяць па артыкулу 411. – МП), трэба звальваць. І чым хутчэй, тым лепш.
Пасля выхаду разумеў, што знаходжуся ў Беларусі на свой страх і рызыку. Але мне вельмі хацелася пабачыцца і пабыць з сынам. Я расцягнуў час з сынам. Адначасова працаваў, каб выязджаць з краіны не з пустымі кішэнямі. Разумеў, што з’еду не на адзін дзень, таму зрабіў новы пашпарт.
Я прыехаў у Літву 22 лістапада 2022 года. Першы час нікуды не выходзіў, нічога не рабіў, пакуль не раскумарыўся, як кажуць у турме. Потым пазнаёміўся з беларусамі, пашырыў кола сваіх кантактаў. Маю многа сяброў, з якімі пайду хоць і ў разведку.
Калі трохі ачуняў, пайшоў да беларуса – трохі папрацаў у яго на будоўлі. Раней будаваў дамы, тэрасы – працаваў з дрэвам. Але шпакляваць і штукатурыць не люблю: на працу хадзіў праз сілу.
Пазней пайшоў да другога беларуса працаваць, але ізноў штораніцы хадзіў на працу нібыта пад ружжом. У выніку знайшоў працу з драўнінай у літоўца, і зараз у яго працую.
Ужо Вільні мне зрабілі аперацыю на каленях, рэабілітацыя заняла доўгі перыяд. Прасцей кажучы, я не мог доўгі час працаваць, таму прасіў дапамогі ў грамады. І вельмі ўдзячны, што на мой заклік адгукнуліся не толькі беларусы.
— Колькі зарабляеце ў месяц? Ці дазваляе заробак зводзіць канцы з канцамі?
— Атрымліваю каля 1800 еўра ў месяц. Працую з 7 раніцы да 16, але магу падрабляць пасля працоўнага дня і па выходных. Працую за горадам, на прыродзе: лес, возера нагадваюць мне пра родныя Ганцавічы. Калі адчуваў псіхалагічны дыскамфорт, выходзіў на возера і проста крычаў. Мне дапамагала.
— Скажыце, а настальгія па Ганцавічах ці па Дзяржынску мучае? Ці гатовыя вярнуцца?
Канешне, сумую па родных мясцінах, па бацьках. Мне вельмі не хапае ганцавіцкай прыроды, нашага мясцовага балота – сапраўды сумую па родных змалку мясцінах. Ды ніхто не ведае, у тым ліку і я, што будзе заўтра ці паслязаўтра: сітуацыя ў любы момант можа змяніцца. Але сённяшнія шансы на вяртанне расцэньваю як 50 на 50. Толькі жыць там заўсёды нават не бачу ўжо сэнсу.
«Абавязкова вярнуся ў Швейцарыю»
— Нядаўна вы пабывалі ў гасцях у беларускіх палітвязняў у Швейцарыі. Паміж вамі склалася своеасаблівае братэрства?
— Гэта не проста братэрства палітвязняў, а шчырае сяброўства беларусаў: мы павінны падтрымліваць і дапамагаць адзін аднаму. З гэтага пачынаўся не толькі 2020 год, але назіралася і раней.
У Мінску сустрэцца з Вольгай Класкоўскай не атрымалася, але пазнаёміліся асабіста за мяжой, у Польшчы. У Асацыяцыі палітвязняў я сустрэўся з Ігарам Лаптановічам, ён прыязджаў на лячэнне ў Вільню. Пазней вызвалілася ягоная жонка Юлія, якой я дапамагаў адаптавацца да новага жыцця. Яны ўвесь час запрашалі мяне ў Швейцарыю, і наступіў дзень, калі я ўзяў адпачынак і паляцеў у госці.
Я начаваў у Лаптановічаў, Юлія штодня паказвала мне Швейцарыю. Ігар звазіў мяне на возера, дзе я ўпершыню спрабаваў паплыць на сабдошцы.
Па дарозе з возера зразумеў: паблізу недзе ферма. Разумею, побач недзе цюкі і пачынаю смяяцца: я праходзіў па “справе цюкоў”, з-за чаго мне далі мянушку “Пікаса”. Я з Вольгай дамовіліся, што прыеду яшчэ раз Швейцарыю і папрасім мясцовых фермераў дазволу, каб размаляваць іхнія цюкі.
Класкоўскія (Вольга і яе муж Клод) арганізавалі паездку мне ў Ліхтэнштэйн – яна стала сапраўдным падарункам не толькі для мяне, але і Ігара Лаптановіча. Па дарозе туды даведаўся, што ў гарах пабудаванае сховішча для швейцарцаў на выпадак вайны.

Па дарозе я пацікавіўся, ці хутка ўжо мяжа з Ліхтэншэйнам? А Вольга адказвае: якраз праязджаем. І прапанавала пайсці ды паставіць штэмпель, што ты знаходзішся ў Ліхтэнштэйне. Мы ездзілі ад аднаго замка да другога – я быў проста зачараваны. Дагэтуль пабываў у 10замежных краінах, але толькі там зразумеў, што Швейцарыя — ідэальная краіна для жыцця.
У аэрапорце, перад адлётам, я загадаў жаданне. Нікому пра яго не кажу, але звычайна мае жаданні збываюцца.
Чтобы следить за важными новостями, подписывайтесь на наш канал в Telegram и группы в социальных сетях: Вк, Одноклассники, Facebook, Instagram, ТикТок.