Такія дадзеныя прывялі Медиа-Полесью у грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
Усяго ў міжнароднай кампаніі “Жывая Вясна-2016” прынялі ўдзел больш за 70.000 чалавек, звыш 4.000 з іх – беларусы.
Дзякуючы ўсім удзельнікам кампаніі, наша краіна апынулася на другім месцы сярод 55 краін-удзельніц. Першае і трэцяе месца занялі Латвія і Расія адпаведна.
На працягу ўсёй вясны ў Беларусі сустракалі прылёт пяці птушак-пасланак вясны: белага бусла, вясковай ластаўкі, звычайнай зязюлі, чорнага свіргуля і шчуркі-пчалаедкі. Свае назіранні можна было пакідаць на адмысловым сайце або дасылаць праз смс-паведамленне.
Белы бусел – бясспрэчны лідар назіранняў нашай краіны. Цікава, што сыходзячы з назіранняў усіх краін-удзельніц, у гэтым годзе перамагла зязюля, а другое месца падзяляюць вясковая ластаўка і свіргуль.
У АПБ дадалі, што ў час кампаніі ўдзельнікі дзяліліся гісторыямі сваіх назіранняў у Вясновым блогу, каля 100 чалавек прынялі ўдзел у конкурсах «Жывой Вясны». Пераможцы конкурсаў атрымаюць па пошце дыпломы, прызы і памятныя сувеніры ад АПБ.
У АПБ дзякуюць усім, хто прыняў удзел у акцыі, і спадзяюцца на тое, што летам і восенню ўсе, хто цікавіцца жыццём пярнатых, прадоўжаць птушыныя назіранні.