Арт-студыя PRAS вырашыла працягнуць трэнд на вышываныя рэчы, якія апошнім часам сталі надта папулярныя. Новы праект атрымаў назву «Вышышына» – размова ідзе пра гумовы пратэктар для ровараў, які пакідае на зямлі адбітак арнамента. Кампанія ўжо прадставіла свае эскізы і шукае праз афіцыйны сайт інвестараў для масавага выпуску.
Як паведамляе творчая каманда, спроба стварыць яшчэ адзін арыгінальны «вышываны» тавар — гэта жаданне «несці беларушчыну ў масы».

«Традыцыйная вышыванка і гістарычная пагоня ў адным флаконе — старажытны арнамент на колах жалезнага каня. На экалагічна чыстай гуме пад адмысловым прэсам па запатэнтаванай тэхналогіі выплаўлены арнамент — «Знак сонца з крыжыкам», — так апісвае сваю задуму студыя PRAS.
Па словах дызайнераў праекта, на шыне можна заўважыць сімвал квітнеючай зямлі і нівы, «які прыгожым адбіткам кладзецца на нашу родную зямельку падчас пакатушак, шматкрозь падвышаючы яе ўрадлівасць».


Цікавы адбітак пратэктар зможа пакідаць і на зямлі, і на снезе.
Арт-студыя PRAS займаецца найперш web-дызайнам, прыкладным праграмаваннем, камп’ютарнай графікай і сучаснай інтэрактыўнай рэкламай.






































