Прайдзіце яго па спасылцы, каб дапамагчы высветліць колькасць грамадзян Беларусі, якія хацелі б атрымаць новы беларускі пашпарт.
НАЦЫЯНАЛЬНЫ ПАШПАРТ БЕЛАРУСІ
Гэта ўнікальны праект праязнога дакумента, які будзе выдавацца без удзелу афіцыйных органаў дзяржавы грамадзянскай прыналежнасці.
❗Удзел у галасаванні для тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, можа быць небяспечным.
Распрацоўкай дызайну пашпарта займаліся спецыялісты Геральдычнай Рады. У дызайне выкарыстана нацыянальная сімволіка і каларыстыка, а таксама выявы найбольш значных архітэктурных будынкаў і збудаванняў Беларусі. Ва ўльтрафіялетавым выпраменьванні – выява стылізаванай карціны М. Шагала “Над горадам”.
СТАРОНКІ
Як будуць выглядаць старонкі глядзіце на гэтым відэа
Якія шанцы на прызнанне?
Паўнавартасны ўзор пашпарта будзе прадстаўлены ў ЕК, які адтуль ужо будзе перададзены краінам-сябрам ЕЗ з прапановай разглядзець пытанне аб прызнанні дакумента ў адпаведнасці з іх унутранай працэдурай.
Наяўнасць прызнання канкрэтнай дзяржавы будзе азначаць, што пашпарт будзе прымацца пры перасячэнні яе дзяржаўнай мяжы, для атрымання яе ўязной візы і для іншых дзеянняў, уласцівых для звычайнага пашпарта.
Для забеспячэння станоўчага рашэння аб прызнанні АПК будзе праводзіць перамовы з урадамі. Крытычна важна, каб беларусы, якія пражываюць у такіх краінах, дзе будзе разглядацца запыт на прызнанне, падтрымалі праз звароты да афіцыйных асоб, палітыкаў, экспертаў ды наўпрост праз медыя ці грамадзянскую супольнасць.
Хто будзе выдаваць пашпарт?
Нацыянальны пашпарт Беларусі будзе выдавацца АПК праз сетку пашпартных цэнтраў.
Што ўяўляе сабой нацыянальны пашпарт Беларусі?
Пашпарт будзе з’яўляцца біяметрычным машыначытальным дакументам, які адпавядае ўсім патрабаванням Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі. Пашпартная кніжка ўяўляе сабой папяровы буклет з полікарбанатнай старонкай даных і пашпартным чыпам у вокладцы.
Як будзе адбывацца падача заявы на пашпарт і атрыманне гатовага дакумента
Прыём заяваў на пашпарт будзе ажыццяўляцца сеткай офісаў, размешчаных у краінах з найбольшай колькасцю беларусаў, якія пражываюць у замежжы. Вывучаецца магчымасць арганізацыі мабільных цэнтраў па дакументацыі, якія змогуць наведваць іншыя краіны у адпаведнасці з вызначаным графікам.
Працэс збору неабходных даных будзе ўяўляць сабой стандартную працэдуру дакументавання (запаўненне формы заявы, фатаграфаванне, збор біяметрычных даных).
Выдача гатовага дакумента будзе ажыццяўляцца там жа, дзе і падача заявы, ці па пошце (пры магчымасці). Пры гэтым пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь узору 1996 года і біяметрычныя пашпарты ўзору 2021 года адбірацца не будуць, каб захаваць для нашых грамадзян магчымасць уезду ў Беларусь па гэтых дакументах.
Як будзе гарантавацца бяспека персанальных даных?
Бяспека пашпартных даных будзе забяспечвацца ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам Еўразвязу аб абароне персанальных даных (General Data Protection Regulation (2016/679), а таксама ўнутранымі дадатковымі пратаколамі бяспекі.
Які будзе кошт пашпарта?
Пашпарт будзе выдавацца на платнай аснове. Канчатковы кошт будзе сфарміраваны пасля завяршэння практычнага этапа працы па стварэнні сістэмы дакументавання.
Ці дае нацыянальны пашпарт Беларусі ўладальніку дадатковыя прывілеі?
Нацыянальны пашпарт Беларусі павінен замяніць “сіні” пашпарт для падцвярджэння грамадзянства і выкарыстання ў міжнародных паездках. Пашпарт – не замена для нацыянальных віз ці дазвол на пражыванне і працаўладкаванне ў краінах ЕЗ. Для падарожжаў уладальніку трэба будзе атрымліваць візы адпаведных краін, для пражывання ці працаўладкавання – адпаведныя дазволы згодна з нацыянальным заканадаўствам такіх краін.
Якія перспектывы для ўладальніка
Асноўная перавага для ўладальніка нацыянальнага пашпарта Беларусі – аўтаномнасць ад рэжыму. Працэс легалізацыі ў дзяржаве, якая прызнала нацыянальны пашпарт Беларусі, перастане быць праблемай у выпадках заканчэння тэрміну дзеяння, зрасходавання старонак, непрыдатнасці для выкарыстання або страты пашпарта.
Асаблівае значэнне гэта будзе мець для беларусаў ва Украіне, якіх рэжым пасля ўцёкаў амбасады Беларусі з Кіева пакінуў без неабходнай консульскай дапамогі і магчымасці абмену дакументаў.
На першым этапе намаганні Кабінета будуць сканцэнтраваны на прызнанні пашпарта краінамі-сябрамі ЕЗ і дзяржавамі з найбольшай колькасцю беларусаў, затым – на пытаннях бязвізавага рэжыму для ўладальнікаў пашпартоў новай Беларусі.
Прайдзіце апытанне на платформе «Голас», каб высветліць колькасць грамадзян Беларусі, якія хацелі б атрымаць новы беларускі пашпарт. Гэта дазволіць ацаніць аб’ём запыту на пашпарты, што неабходна для планавання вытворчага працэсу.
❗Удзел у галасаванні для тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, можа быць небяспечным.