27 ноября 2024, среда10:21

Запись

Алесь Краўцэвіч прэзентаваў сваю новую кнігу ў Пінску

3 апреля 2015, 23:25

2 красавіка вядомы беларускі гісторык Алесь Краўцэвіч правёў у сталіцы Палесся прэзентацыю сваёй новай кнігі “Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага 1248-1377 г.г.”.

Дарэчы, імпрэза магла і не адбыцца. Кіраўніцтва гарадской бібліятэкі, нягледзячы на папярэднюю згоду, ў апошні момант нечакана адмовіла ў прадстаўленні памяшкання для прэзентацыі, таму дзея адбылася ў прыватным будынку.

Прысутным была прадстаўлена гісторыя ста гадоў існавання Вялікага Княства Лістоўскага (ВКЛ) ад 1248 да 1377 г.г. пры князях Віцені і Гедыміне, якую Алесь Краўцэвіч пісаў цэлых дзесяць год. Кніга напісана у даступным літаратурным стылі і накіравана на шырокае кола чытачоў.

Па словах аўтара, ён першым у Беларусі зрабіў сінтэз гісторыі ВКЛ з пункту гледжання беларуса:

– Гісторыю ВКЛ нашы суседзі: палякі, летувісы, украінцы, расіяне – пішуць праз сваю прызму. І гэта, напэўна, правільна. Беларускую гісторыю важна паказваць вачыма беларусаў таму, што нашу гісторыю ў свой час пісалі ў Маскве. У нашай краіне і зараз выкарыстоўваюцца напрацоўкі расійскіх навукоўцаў, а ў ВНУ выкладаюць гісторыкі, якія распавядаюць аб Беларусі з пазіцыяў Расійскай імперыі.

Алесь Краўцэвіч распавёў, як выкладалі гісторыю у савецкіх ВНУ:

Я за савецкім часам з чырвоным дыпломам скончыў гістфак БДУ і шмат чаго не ведаў, напрыклад, пра БНР, белчырвонабелы сцяг і Пагоню. А што тычыцца ВКЛ, то нас вучылі, што летувісы нас захапілі, але духоўна мы былі з Масковіяй і ўвесь час імкнуліся да яе. І толькі пасля, калі я пачаў працаваць у архівах і бібліятэках, зразумеў, што гэта былі розныя дзяржавы, якія ўвесь час ваявалі паміж сабой.

Праз няведанне сваёй гісторыі атрымліваюцца недарэчнасці ў разуменні месца беларусаў у свеце, нават на пабытовым узроўні:

Напрыклад, кажуць, што першым бульбу ў Беларусь завёз Пётр І, альбо імператар Аляксей Міхайлавіч у 17 стагоддзі ўвёў у нас пошту… Ну, як яны маглі гэта зрабіць, калі мы знаходзіліся ў іншай дзяржаве, ваявалі з імі, а ўсе перадавыя здабыткі з Еўропы да нас прыходзілі значна раней,  – кажа беларускі гісторык.

Гісторык прэзентаваў і іншыя свае кнігі

Алесь Краўцевіч выказаў сваю пазіцыю наконт супрацы з суседзямі:

У 1991 годзе, пасля атрымання незалежнасці, у Беларусі пачалася праца па выпрацоўцы сваёй канцэпцыі нацыянальнай гісторыі, і нашыя летувіскія калегі пачыналі супрацоўнічаць з намі і выпрацоўваць агульныя падыходы да гісторыі ВКЛ. Аднак, пасля 1994 года, ў Беларусі была вернута савецкая канцэпцыя гісторыі. Летувісы перасталі прыслухоўвацца да нашых заўваг і прыпісалі сабе ўсе здабыткі гістарычнай Літвы. Таму я лічу, што нам трэба самім пільнаваць свае. Тым больш, што супраца не вельмі атрымоўваецца не толькі з летувісамі, а і з палякамі, і расіянамі. Як ні  дзіўна, расіяне не могуць чытаць па-беларуску, у іх навуковым асяродку ёсць знаўцы польскай гісторыі, якія ведаюць польскую мову, а Беларусь для іх невядомая краіна.

Гісторык не пакрыўдзіўся на “халодны” прыём у Пінску:

Не разумею, чаму так адбылося (нечакана адмовілі у памяшканні бібліятэкі. – Авт.). Гэтая кніга прысвечана гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, і чым яна можа замінаць мясцовым уладам, шчыра кажучы, не ведаю. Але ж імпрэза атрымалася. Незалежныя беларускія гісторыкі працуюць на будучыню краіны, а афіцыйныя – за ўвесь гэты час, негледзячы на дзяржаўную падтрымку, не стварылі нічога вартага. На жаль, нас не дапускаюць да сістэмы беларускай адукацыі. Аднак моладзь цягнецца да нас, і даволі шмат студэнтаў наведваюць нашыя мерапрыемствы. Дарэчы, праз год  планую напісаць працяг гэтай кнігі пра часы панавання князёў Альгерда і Кейстута, так што яшчэ сустрэнемся.

Аляксей Наздрын з асабістай калекции падараваў госцю муляж мяча 14 ст.

Даведка МП: 

Алесь Краўцэвіч нарадзіўся ў 1958 годзе на Гарадзеншчыне. Працаваў у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, на пасадзе намесніка Дзяржінспекцыі аховы гісторыка-культурнай спадчыны (1993 год), першы прарэктар Гарадзенскага дзяржуніверсітэта (1994-1995 годы). Выкладае ў ВНУ Польшчы. Аўтар шматлікіх кніг па гісторыі Беларусі.

 

 

 

 

 

 

 

 

 


Фото: polsha.org
Фото ua.depositphotos.com