25 ноября 2024, понедельник07:12

В стране и мире

Аб’яднаны пераходны кабінет абвясціў 2024 год Годам беларускай нацыянальнай традыцыі

24 декабря 2023, 12:02

Прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык 23 снежня ў відэазвароце з гэтай нагоды заклікала кожнага суайчынніка нанова паглядзець на культурную спадчыну, стаць у новым годзе “захавальнікам сваіх унікальных каранёў” і “супольнай беларускай традыцыі”.

 

“Беларусам ёсць чым ганарыцца: крыж Еўфрасінні, Біблія Скарыны, пейзажы Орды, п’есы Дуніна-Марцінкевіча, опера Манюшкі і вершы Геніюш, — адзначыла яна. — Беларуская культура з’яўляецца адной са старажытных і развітых еўрапейскіх культур. Наша летапісная гісторыя сягае больш як 12 стагоддзяў”.

Коўшык нагадала, што “многія арыгінальныя заняткі і звычаі” беларускай зямлі ёсць “сусветна прызнанымі аб’ектамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны пад аховай ЮНЕСКО”. Асобна яна звярнула ўвагу на “традыцыйны беларускі арнамент і нацыянальныя вышыванкі”. Паводле яе слоў, гэта “не проста гістарычны ўспамін”, а тое, што “аздабляе, упрыгожвае ды адрознівае” беларусаў і сёння.

“Наша культурная традыцыя — гэта адбітак надзвычай цікавай і багатай гісторы. Гэта народная сялянская традыцыя, але таксама шляхецкая і высокая арыстакратычная культура. Гэта цэрквы і касцёлы, сінагогі і мячэты. Гэта беларуская мова, на якой можна пісаць кірыліцай, лацінкай і нават арабіцай. Гэта пісьменнікі і паэты, якія стваралі свае творы на беларускай і рускай, польскай і ўкраінскай, літоўскай і ідыш. Наша нацыянальная традыцыя, як багата аздоблены слуцкі пас, у арнаментах якога зашыфраваная наша ўнікальная культурная гісторыя”.

“Сёння, калі беларусаў пазбаўляюць многіх прыкмет нацыянальнага, — вынішчаюць традыцыйную лацінку, падмяняюць нашыя традыцыі чужароднымі звычаямі, адпаведнымі “русскому миру” (“рускаму свету”), кожнаму з нас варта для сябе нагадаць, чым з’яўляецца наш сапраўдны беларускі скарб. Што для кожнага з нас з’яўляецца нацыянальнай традыцыяй? Што злучае нас, беларусаў, найбольш?”

Коўшык заклікала ў новым годзе “перадаць традыцыі дзецям і блізкім”, “захаваць багаты досвед”, які робіць беларусаў асаблівымі. “Гэта магчымасць усталяваць сувязі з продкамі, пераасэнсаваць каштоўнасці і стварыць мост паміж пакаленнямі. Гэта і ёсць наймацнейшы падмурак нашай нацыі, бо нам, беларусам, багата чым ганарыцца”, — падсумавала палітык.

Прэс-служба АПК паведаміла, што кабінет даручыў Коўшык сумесна з дэмакратычнымі сіламі, грамадскімі арганізацыямі, культурнымі ініцыятывамі і ўстановамі “распрацаваць план мерапрыемстваў па падтрымцы беларускай нацыянальнай традыцыі, яе вывучэнні і папулярызацыі”.


Иллюстрация media-polesye.com