10 декабря 2024, вторник02:24

Политика

Абараніць ад Расіі можа ўступленне ў Еўрасаюз

2 декабря 2014, 17:04

Неабходнасць супрацьстаяць вайсковай інтэрвенцыі Расіі — ёсць першасны матыў усіх маштабных рэформаў у грузінскай арміі, што праводзіліся цягам дзевяці год. За гэты час грузінскае войска дарасло да ўзроўню NATO.

Цяпер грузінская армія добра ўкамплектаваная. Істотна ўзрос прэстыж вайсковай прафесіі як за кошт як матэрыяльнага забеспячэння структуры, так і за кошт сацыяльных гарантый сем’ям вайскоўцаў. Асабісты склад грузінскага войска камплектуецца напалову тэрміновым прызывам, напалову — кантрактамі. Узброеныя сілы Грузіі ўключаюць у сябе Сухапутныя войскі, Сілы спецыяльных аперацый, Нацыянальную гвардыю, а таксама часткі і ўстановы цэнтральнага падпарадкавання.

 

Экс-намесніца дзяржміністра па пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Эленэ Хаштарыа

 

— Калі я працавала ў Міністэрстве абароны Грузіі ў 2004 годзе, то побач з маім кабінетам жыў сабака. І там жа спраўляў свае патрэбы, — яскрава апісвае стан абарончай структуры экс-намесніца дзяржміністра па пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Эленэ Хаштарыа.

 

Абраная ўрадам Міхаіла Саакашвілі на пачатку 2000-х ў якасці ўзору заходняя мадэль арганізацыі войска застаецца арыенцірам незалежна ад таго, хто знаходзіцца пры ўладзе. Так, прызначаны на пасаду міністра абароны Міндэн Джанелідзэ ў пачатку лістапада заявіў: «Курс развіцця Узброеных сіл застанецца нязменным, гэта выбар грузінскага народа, гэта выбар нашага народа, ён будзе арыентаваны на еўраатлантычную інтэграцыю. Мы зробім усё для таго, каб яшчэ больш наблізіць нашу краіну да NATO, каб адбылося павышэнне сумяшчальнасці нашых Узброеных сіл з NATO, а таксама актыўна працягнуць наша супрацоўніцтва і адносіны са стратэгічным партнёрам — з ЗША, а таксама з Вялікабрытаніяй, Францыяй, Германіяй, з іншымі дружалюбнымі Грузіі краінамі».

 

Рэфарматары з каманды Міхаіла Саакашвілі правялі з арміяй пераўтварэнні ў нечым падобныя да рэформаў у сістэме МУС.

 

Найперш склад войска быў істотна скарочаны прыкладна да 30 тысяч чалавек. Была пастаўлена задача стварыць вайсковую эліту — падрыхтаваць людзей па профілю ў прэстыжных заходніх інстытутах.

 

— Грузінскае войска, з аднаго боку, мусіць стрымліваць цягам некалькі дзён Расію ў выпадку ваеннай інтэрвенцыі. З іншага боку, яно арыентаванае на ўдзел у міжнародных вайсковых аперацыях. Досвед удзелу грузінскіх вайскоўцаў у аперацыях у Іране, Афганістане падняў армію на абсалютна іншы ўзровень.  Канешне, нам трэба развівацца далей, але войска цяпер дакладна не савецкае, — падкрэслівае Эленэ Хаштарыа.

 

АД ЛАХМАНОЎ ДА NATO

Натуральна, паўстае пытанне, за чый кошт была ўзнятая грузінская абаронка? Мае суразмоўцы падкрэслівалі, што рэформы ў войску праводзіліся за грошы, якія ўрад вывеў з ценявой эканомікі. Таксама не адмаўлялі і фінансавай падтрымкі з боку Захада, але канкрэтных лічбаў ці адсоткаў пачуць не атрымалася. Тлумачылі гэта тым, што міжнародная дапамога часта мела выгляд не наўпроставых фінансавых ўліванняў, а кансультацыйных паслуг, адукацыйных праграм і гэтак далей.

 

Экс-міністр абароны Грузіі Дзмітрый Шашкін

 

— На грузінскае войска было затрачана даволі многа грошай. У 2003 годзе армія не мела ні зброі, ні тэхнікі. Была некаторая колькасць людзей, апранутых-абутых у лахманы, якія былі годныя толькі для патрульна-паставой службы,  — тлумачыць Дзмітрый Шашкін, экс-міністр абароны Грузіі. — Цяпер нашы вайскоўцы ўваходзяць у сілы хуткага рэагавання NATO. Армія валодае і рэсурсамі, і досведам для вядзення баявых дзеянняў. Нам сапраўды дапамагалі амерыканскія і турэцкія партнёры. Нічога няма сакрэтнага ў гэтым. Напрыклад, усім вядома, што ёсць вайсковая база ў краіне, на якой рыхтавалі салдат для службы ў Афганістане”.

 

Так у 2002-2004 гадах у Грузіі праводзілася амерыканская праграма “Навучанне і абсталяванне”, пасля рэалізоўвалася праграма «Sustainment and Stability Operations». У рамках праграм, асноўнай мэтай якіх было прывесці грузінскую армію ў адпаведнасць са стандартамі NATO, былі падрыхтаваныя некалькі батальёнаў грузінскай арміі, а таксама фактычна цалкам рэарганізавана камандаванне Сухапутных войскаў.

 

У сваю чаргу Эленэ Хаштарыа падкрэслівае, што  Грузія не змагла б дасягнуць такога ўнушальнага выніку ў рэфармаванні войска, калі б гэта была лакальная рэформа, а не змена сістэмы кіравання дзяржавы цалкам. І з задавальненнем адзначае, што толькі Міністэрства абароны Грузіі змагло стварыць сістэму стратэгічнага планавання:

 

— Кожны год міністр абароны выступае са справаздачамі, раз на тры гады публікуецца дакумент ваенных пагроз і гэтак далей. Гэта заходняя сістэма планавання працы.

 

Дарэчы, у перыяд пасля 2003 г. Грузія паставіла рэкорд па росце ваеннага бюджэту, які ў 2003-2007 гады павялічыўся больш чым у 30 разоў, з 30 млн. долараў (0,7 % ВУП) у 2003 годзе да 940 млн. долараў (8 % ВУП) у 2007 годзе. Цяперашняе кіраўніцтва падтрымлівае расходы на абарону на ўзроўні 2 — 2,2 % ад ВУП.

 

З падтрымкай партнёраў Грузія мадэрнізавала старыя савецкія базы і пабудавала сучасныя, якія адпавядаюць стандартам NATO (у Сэнакі і Горы), стварыла школу падрыхтоўкі горных стралкоў, абсталявала навучальны цэнтр паблізу Тбілісі.

 

Важна яшчэ раз нагадаць, што ўсе гэтыя пераўтварэнні адбываліся пры падтрымцы NATO і з мэтаю ўступіць у NATO. “Рэвалюцыю ружаў” зрабілі празаходне настроеныя людзі,  і іх каштоўнасці падзяляла грамадства, то ламаць свядомасць і сілком набліжаць краіну да NATO тагачаснаму ўраду не давялося. У 2008 годзе Грузія правяла рэферэндум, на якім 77% выбаршчыкаў прагаласавалі за далучэнне да вайсковага блоку NATO.

 

Разам з тым вялася праца з насельніцтвам. Інфармацыйны цэнтр NATO ад 2004 года тлумачыў, якія мэты і задачы гэтая структура пераследуе, што яна дасць Грузіі. З аднаго боку, гэта ўзмацняла падтрымку абранага кірунку, з іншага – кіраўніцтва дзяржавы, а не чужая прапаганда, займаліся распаўсюдам інфармацыі па тэме.

 

СТРЫМЛІВАЮЧЫ ФАКТАР ДЛЯ РАСІІ

 

— Для Грузіі, апроч дэмакратычных, эканамічных, ваенных рэформаў, важны фактар Расіі, яе пазіцыя. Падзеі ва Украіне пасля падпісання дамовы аб асацыяцыі з ЕС паказалі, што наступнымі сталі наўпроставыя ваенныя дзеянні  з боку Расіі. Зразумела, наколькі гэтае пытанне звязана з бяспекаю. Але, нягледзячы на вайну 2008 года ў Грузіі і словы Дзмітрыя Мядзведзева ў 2011 годзе, што, як ні было б той вайны з Грузіяй, то NATO падышло б да межаў Расіі, інтэграцыя Грузіі ў Паўночнаатлантычны альянс ідзе сваім тэмпам. У краіне былі створаныя важныя інструменты, якія дазваляюць нам весці сталы дыялог з NATO, у прыватнасці гэта камісія “Грузія – NATO”, створаная пасля вайны 2008 года. Апошні саміт NATO дакладна абазначыў, што праблемай бяспекі Еўропы ёсць Расія. І NATO будзе клапаціцца пра абароназдольнасць Грузіі, то бок тое, наколькі мы абароненыя ад Расіі, клапоціць еўраатлантычны саюз, — тлумачыць экс-намесніца дзяржміністра па пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Эленэ Хаштарыа.

 

Пры ўсім негатыўным стаўленні да Расіі як да агрэсара і патэнцыйнага акупанта грузіны вельмі спакойна камунікуюць з расіянамі. Але калі тыя — турысты і госці, а не ўзброеныя салдаты з пастаўленымі задачамі.

 

Я прасіла прыгадаць свае ўражанні ў жніўні 2008-га года і высокапастаўленых таго часу чыноўнікаў, і звычайных абывацеляў, але ніхто не выгукнуў са злосцю “праклятыя рускія!”.

 

“Было вельмі страшна, вельмі, — расказвала гандлярка ў краме. — Але куды бегчы? Сабраліся некалькі сем’яў, сядзелі, чакалі, што будзе…”.

 

“Асабіста ў мяне было моцнае пачуццё крыўды, што ўжо які раз… Я памятаю свайго дзядулю, які быў расстраляны ў часы СССР, памятаю бацьку, які ўдзельнічаў у руху вызвалення Грузіі, і як у 1989 годзе забівалі грузін на праспекце Руставелі ў цэнтры Тбілісі. І ў XXI стагоддзі нічога не змянілася. Зноў рускі салдат прыходзіць на маю зямлю і гаворыць, што мне рабіць. У нас тады было вельмі кансалідаванае грамадства, урад. Мы фактычна не выходзілі з дома ўраду цягам месяца — працавалі. Канешне, было адчуванне, што мы змагаемся з нашмат больш магутнай сістэмай. Але дапамога, падтрымка Захаду, палітыкаў была вялікай. І гэта эмацыйна ўспрымала грузінскае грамадства”, — расказвала Эленэ Хаштарыа, і, падаецца, нават тэмбр голасу ў гэтай упэўненай, падцягнутай жанчыны змяніўся.

 

Эленэ Хаштарыа мяркуе, што ўсе пытанні бяспекі рэгіёна, канфліктаў з Расіяй вырашацца, калі Грузія, Украіна і Малдова ўступяць у Еўрасаюз. Без гэтага Расія заўсёды будзе пераследаваць мэту падпарадкаваць гэтыя дзяржавы, вярнуць кантроль над тэрыторыямі.

 

Экс-міністр абароны Грузіі Дзмітрый Шашкін у сваіх ацэнках, навошта Грузіі вайсковыя рэформы і NATO, менш дыпламатычны: “Адзіны фактар стрымлівання Расіі — колькасць цынкавых трун, якія яна атрымае ў выпадку рэалізацыі нейкага чарговага плана захопу. Галоўная мэта грузінскай арміі – абарона Грузіі ад Расіі. Таму адкрыта будавалася кола абароны Тбілісі. Наш праціўнік мусіць ведаць, што ён заплаціць, калі сюды прыйдзе. Цяперашні ўрад вельмі наіўны ў гэтым пытанні. Танцы, падхалімаж не зменяць Расію і не стрымаюць. Ілюстрацыя гэтага цяпер ёсць ва Украіне. Крым аддалі задарма. І добра, што хоць Данбас займеў цану. Маленькую цану, але тым не менш…”, — агучыў свае высновы наконт стасункаў з Расіяй былы кіраўнік грузінскай арміі.

 

Падсумоўваючы пытанне міждзяржаўных адносінаў, Шашкін упэўнена сказаў, што Грузія верне Абхазію і Асецію, але пасля таго, як адтуль сыдзе Расія, бо будзе занятая унутранымі праблемамі: “Цягам бліжэйшых пяці год Расію чакае сур’ёзны ўнутрыпалітычны крызіс. Імперыя выбухне знутры”.

 

А ШТО ПАТРЭБНА БЕЛАРУСІ?

 

Кіраўнік аналітычнага праекта  Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў больш скептычна ставіцца да абноўленай грузінскай арміі.

 

“Браць грузінскую рэформу за ідэал я б не стаў. І ўвогуле рэформы не было. Яны, можна сказаць, стваралі войска наноў, — адзначае Паратнікаў. — Можа, абноўленая структура і выглядае добра, але выпрабаванне канфліктам не прайшла. Грузія прайграла вайну 2008 года. Расіяне Тбілісі не ўзялі толькі дзякуючы знешняй дапамозе. Гэтая сістэма не спрацавала. Апроч абанаўлення матэрыяльнай базы, трэба ўлічваць і культурны і ментальны фактары.”

 

Паводле меркавання Паротнікава, удзел у міжнародных аперацыях таксама не ёсць аўтаматычным пацверджаннем ідэальнасці войска. “Грузіны ўдзельнічалі ва ўсіх аперацыях сумесна з больш дасведчанымі партнёрамі, але не самастойна. Я меў камунікацыі з асобамі з ЕС, якія мелі дачыненне да рэформаў у грузінскім войску, і не магу сказаць, што яны былі надта задаволеныя вынікам. Яны зразумелі, што нельга проста праводзіць тыповыя рэформы без уліку ментальнага фактару, культурнага асяроддзя. Мусіць быць адаптацыя, а не проста перанос практыкі”, — тлумачыць эксперт.

 

Што тычыцца рэформаў у беларускім войску, то патрэбныя грошы і яшчэ раз грошы. А вольных фінансаў пакуль не прадбачыцца, бо бліжэйшыя гандлёвыя партнёры Беларусі — Расія і Украіна скачваюцца ўніз.

 

“Калі рабіць рэформы беларускага войска, то трэба пераглядаць дзяржбюджэт, рабіць яго пераразмеркаванне, — дадае Андрэй Паротнікаў. Разам з тым ён перакананы, што ўвогуле не можа быць такога пытання як “патрэбнае нам войска ці не?”. — Калі беларусам патрэбная свая дзяржава, то яе мусіць нехта абараняць. Калі ж беларусам не патрэбная свая дзяржава, то будуць абараняць чужую ў іншых межах. Ёсць дзяржава і ёсць механізмы захоўвання яе бяспекі. Таму мусяць быць і спецслужбы, і паліцыя, і войска”.

 


Снимок носит иллюстративный характер / Фото из архива Медиа-Полесья
Светлана Тихановская
Сергей Чаботько