Першы пісьмовы ўспамін пра Лагішын датуецца 1495 годам. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай мясціна ўвайшла ў склад Пінскага павета Берасцейскага ваяводства. У XVII стагоддзі дзяржаўная ўласнасць, пазней мястэчка зрабілася цэнтрам нягродавага староства ў валоданні Радзівілаў, пазней — Агінскіх, Любецкіх.
20 жніўня 1569 года і 28 мая 1570 года Лагішын атрымаў магдэбургскае права.
У 1634 годзе тут збудавалі мураваны касцёл на сродкі старосты пінскага Альбрэхта Радзівіла, пазней пры ім утварылася місія езуітаў і шпіталь. У касцёле захоўваўся абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі, які лічыўся цудадзейным.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Лагішын апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе зрабіўся цэнтрам воласці Пінскага павета Мінскай губерні. Указ Сената Расійскай імперыі ад 16 красавіка 1808 года прадпісваў пакінуць у мяшчанскім званні жыхароў Лагішына і вызваліць іх ад улады памешчыка: «па сіле даравальных тым мяшчанам ад каралёў польскіх прывілеяў і па тым, штояны ў лік зацверджаных за абшарнікам Хамінскім душ не ўваходзілі». Суседнія памешчыкі спрабавалі адсудзіць землі лагішынскіх мяшчан, але Сенат у 1828 годзе зноў захаваў за імі іх правы.
У 1870 годзе ўлады перавялі мяшчан Лагішына ў дзяржаўныя сяляне, канфіскаваўшы 2.133 дзесяціны зямлі, якія на льготных умовах набыў мінскі губернатар Уладзімір Токараў за «бездакорную службу», у прыватнасці за поспехі ў «абрусенні» Мінскай губерні. У 1874 годзе ў мястэчку адбыўся зямельны бунт местачкоўцаў супраць свавольства ўладаў, якое здушылі два батальёны пяхоты і сотня казакоў. Неўзабаве аднак лагішынцы здабылі поўнае апраўданне, а вінаватыя ў злоўжыванні панеслі пакаранне. Жорсткая расправа над жыхарамі мястэчка выклікала пратэст у дэмакратычнай грамадскасці краіны, а рэвалюцыянер-анархіст Пётр Крапоткін назваў Лагішынскую расправу адной з самых абуральных у гісторыі Расіі. Жыхары працягвалі дамагацца справядлівасці ў вышэйшых інстанцыях імперыі, і ў 1876 годзе ўлады вярнулі мяшчанам адабраную зямлю. У 1881 годзе ў мястэчку збудавалі мураваныя гандлёвыя рады.
У 1886 годзе цэнтр воласці. Станам на 1886 год існавалі школа, царква, капліца, сінагога, 10 крамаў. У 1893 годзе адкрылася яўрэйская малітоўная школа. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў паблізу Лагішына знаходзіўся фальварак Сімановічаў. У 1919 годзе ў мястэчку выбухнула антыбальшавіцкае паўстанне.
Згодна з Рыжскай мірнай дамовай Лагішын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіўся цэнтрам гміны Лагішын Пінскага павета Палескага ваяводства. 1 красавіка 1934 года паселішча страціла статус горада.
У 1939 годзе Лагішын увайшоў у БССР. 15 студзеня 1940 года стаў цэнтрам Лагішынскага раёна Пінскай вобласці. У Другую сусветную вайну з 27 чэрвеня 1941 года да 15 ліпеня 1944 года мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, за гэты час у Лагішынскім раёне загінула каля 2.000 чалавек.
22 снежня 1959 года паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу. З 1962 года знаходзіцца ў складзе Пінскага раёна.
10 мая 1997 года ў Лагішыне ўрачыста каранавалі абраз Маці Божай — Каралевы Палесся.
18 верасня 1998 года адбылося афіцыйнае зацверджанне гістарычнага герба пасёлка.
Падчас святкавання абласных «Дажынак» адкрылі помнік сімвалу Лагішына.
Чтобы следить за важными новостями, подписывайтесь на наш канал в Telegram и группы в социальных сетях: Вконтакте, Одноклассники, Facebook, Instagram.
Уважаемый читатель. Если Вы солидарны с журналистами, считаете этот материал важным, Вы можете поделиться ссылкой со своими друзьями и родными. Так Вы поддержите нашу работу и свободную прессу. Спасибо, что Вы с нами!