– Назва даследчай працы – “Сучасныя антрапонімы аграгарадка Альшаны”. Мэта, якую ставіла, праводзячы даследаванне, – высветліць паходжанне прозвішчаў кожнага жыхара нашай мясцовасці. Лічу, што вывучэнне гісторыі ўзнікнення прозвішча патрэбна менавіта для таго, каб глыбей пасцігнуць гісторыю свайго роду. Працаваць над тэмай пачала год назад. Склала слоўнік антрапонімаў аграгарадка Альшаны, перадала яго сакратару Альшанскага сельскага Савета. Цяпер пры рэгістрацыі шлюбу сакратар сельсавета распавядае навабрачным пра значэнне іх прозвішчаў, – гаворыць Вольга аб асаблівасцях сваёй працы.
Работа над даследаваннем Вольгі доўжылася год. Дзяўчына зафіксавала 321 прозвішча сваіх аднавяскоўцаў (а гэта 7473 жыхары Альшан!) і даследавала паходжанне кожнага. Як адзначала Вольга, яна раней нават не ўяўляла, што ў Альшанах столькі прозвішчаў. Самыя папулярныя з іх – Лемяза (23%), Сыса (19%), Грыб (16%), Сімановіч і Чынікайла (па 15%), Андрусевіч (12%). 17% ад усёй колькасці альшанскіх прозвішчаў, а гэта 68 чалавек, не маюць аднафамільцаў. Анкетаванне сярод мясцовых жыхароў паказала, што большая палова нават і не ўяўляе, якое значэнне мае іх прозвішча.
У такой складанай працы любому маладому даследчыку нельга абысціся без дапамогі навуковага кіраўніка. Для Вольгі Лісавец такім дарадчыкам стала настаўнік беларускай мовы і літаратуры Аляксандра Уладзіміраўна Ралава. Менавіта яна і прапанавала дзяўчыне паспрабаваць свае сілы ў конкурсе даследчых работ сярод вучняў.
– Мой навуковы кіраўнік Аляксандра Уладзіміраўна – цудоўны чалавек. Я вельмі ўдзячна ёй за дапамогу, за ўсе яе парады на працягу правядзення даследавання і яго абароны, – канстатуе дзяўчына.
На абласным этапе работу ацанілі дыпломам другой ступені і запрасілі дзяўчыну ў склад каманды Брэсцкай вобласці для ўдзелу ў заключным, рэспубліканскім конкурсе. І там даследаванне таксама было годна ацэнена. Вольга ўспамінае, што перад пачаткам прэзентацыі крыху адчувала хваляванне, але, калі ўжо непасрэдна выступала ў ролі прамоўцы, то яно знікла, выступ атрымаўся ўпэўненым.
У школе Вольга вучыцца на “9” і “10”, калі не лічыць адну “8”. У вольны час любіць вязаць, спасцігае азы ігры на гітары, з задавальненнем спявае. Дзяўчына ўпэўнена, што для таго, каб нечага дасягнуць, трэба шмат працаваць. Яна раіць сваім аднагодкам:
– Тое, што нам падабаецца, не прыйдзе само. Тое, што не дасягнута, само не дасягнецца! “Калі не я, то хто?” – павінен думаць кожны перад значнай справай, вось тады будзе поспех.
З выбарам прафессіі дзяўчына ўжо вызначылася.
– Мару звязаць сваё жыццё з медыцынай. А навуковая мая праца на гэтым даследаванні не спыняецца, – дадае Вольга.
Тлумачэнні паходжання некаторых прозвішчаў жыхароў Альшан, вызначаныя ў працы Вольгі Лісавец
- Агіевіч. Асновай прозвішча Агіевіч паслужыла царкоўнае імя Агей. Огей – заходнеславянская форма кананічнага мужчынскага імя Агей. Гэтае імя было запазычана са старажытнаяўрэйскай мовы і ў перакладзе на рускую мову азначае “ўрачысты, святочны”.
- Лемяза. Прозвішча ўзыходзіць да гідроніма Лемяза (рака ў Башкартастане). Такім чынам, літаральна Лемяза азначае “глеістая рака”. Можна выказаць здагадку, што заснавальнік прозвішча Лемяза нарадзіўся ці доўгі час жыў на беразе ракі Лемяза. Паводле іншай гіпотэзы, прозвішча ўтворана ад аналагічнай мянушкі, якае мае этымалогію са словам “лемезга”. Так у цвярцскіх гаворках звалі плеўку на мясе. Гэта значыць, што мянушка “лемяза” адносіцца да “прафесійных” найменняў, якія змяшчаюць указанні на род дзейнасці продка: ён мог быць мяснік.
- Мазан. Прозвішча вядзе свой пачатак ад мянушкі “мазан”, у аснове якой ляжыць дзеяслоў “пэцкаць, мазаць”. Магчыма, Мазанам звалі таго, хто ўвесь час займаўся бруднай, чорнай працай. Найбольш праўдападобная наступная версія. Прозвішча ўзыходзіць да ўкраінскага намінальнага “мазанка” – хата з дробнага лесу ці чароту, абмазаная глінай. Таму мянушку Мазан мог атрымаць і чалавек, які будаваў мазанкі, і пячнік. У любым выпадку гэтае прозвішча змяшчае ўказанне на род заняткаў продкаў.