20 сентября 2024, пятница19:47

Запись

Гістарычная каштоўнасць на Століншчыне паступова знікае з вачэй

25 октября 2013, 18:24

Практычна ў кожнай вёсцы некалі быў млын. Калі ж яго не было, то людзі малолі зерне ручнымі жорнамі. Гэта праца з’яўлялася даволі цяжкай і маруднай. Таму наяўнасць млына (ветранога, вадзянога ці паравога) шмат значыла для вяскоўцаў. Калі ў другой палове ХХ ст пачалася электрафікацыя населеных пунктаў, стала магчымым будаўніцтва млыноў з электрарухавікамі.

Такі млын даволі працяглы час працаваў у вёсцы Калоднае. Гісторыя яго  цікавая, але мае сумнае заканчэнне. Краязнаўца з гэтай вёскі  Міхаіл Карсека расказаў пра з’яўленне ў ёй млына (мельніцы, як называюць яго мясцовыя жыхары).

Усё пачалося ў канцы ХІХ ст. Валасны пісар з Навагрудка Якаў Іванавіч Сазановіч стаў ініцыятарам пераезду людзей з Навагрудчыны на Палессе ў  маёнтак Калодна (былая ўласнасць Скірмунтаў). 1888 год стаў годам заснавання вёскі Калоднае. І ўжо, прыкладна ў 1900 г., Якавам  Сазановічам на тэрыторыі былой панскай сядзібы пабудаваны млын. У 1919 г. Якаў Сазановіч памёр, а яго справу прадоўжылі сын,  затым – унукі.

Ксенафонт  Сазановіч у 1923 г. з аднавяскоўцам Васілём Яваровічам  і Васілём Шаўчэнка з Дзераўной  арганізаваў таварыства для сумеснага стварэння паравога млына. У той час у вёсцы некаторыя гаспадары мелі ветраныя млыны: Васіль Мазала, Васіль Яваровіч, Іван Лічко.

Таварыства пабудавала паравы млын з лакамабілем у 12 конскіх сіл. Пры млыне працавала крупарушка. Перавага гэтага млына ў параўнанні з ветравымі – магчымасць працаваць у любое надвор’е.

У 1927 г. да лакамабіля падключылі малатарню  і сталі малаціць збожжа. У 1932 г. стары лакамабіль заменены на новы. Паравы млын Ксенафонта Сазановіча працаваў да 1936 года.

15 снежня 1936 года сыны Ксенафонта, Георгій і Сяргей, пазычыўшы ў людзей грошы, пабудавалі новы млын, больш прадуктыўны. Ён размясціўся на ўскраі вёскі,  якраз там, дзе знаходзіцца і па сённшні дзень: каля дарогі, якая ішла на Пінск цераз Калоднае. Зараз яна пралягае паралельна сучаснай аўтадарозе ў напрамку Столін-Пінск і млын восенню і зімою добра відаць з шашы.

Будынак зроблены на бетонным фундаменце, мае драўляны каркас, сцены якога запоўнены белай цэглай. Цікава, што да гэтага часу каркас бясхознай пабудовы не прагніў, не струхлеў і не разваліўся.

Новы млын працаваў добра, быў запатрабаваны. З цягам часу там зрабілі прыстасаванне, каб часаць воўну, сталі рэзаць дошкі на цыркулярцы. У левай частцы млына стаяў лакамабіль, ад якога ішоў вялікі вал. Яшчэ ў адным памяшканні знаходзілася ваўначоска.

У 1939 г. мясцовасць перайшла пад уладу Саветаў. Хутка пачалася  Вялікая Айчынная вайна. Млын не працаваў. Старажылы ўспаміналі, што ў час вайны ў дом да мясцовага галавы прыйшлі бандэраўцы, звярнуліся да яго па-руску і сталі пытацца, дзе зерне. Той падумаў, што гэта партызаны, і сказаў, што зерне нарыхтавалі, і яно знаходзіцца ў млыне. Галава быў пабіты бандэраўцамі так, што практычна 2 месяцы праляжаў нерухома, а зерне было забрана.

Паколькі млын не працаваў, малоць збожжа людзі вазілі ў в.Рухча. Калі немцы адступалі, яны ўзарвалі ветраны млын Васіля Мазала і раскамплектавалі млын Сазановічаў.

Пасля  вайны Еліферый Лічко і Георгій Сазановіч працягвалі працу ў млыне. Еліферый Лічко знайшоў дзесьці ў в.Відзібор няспраўныя вагі, якія былі адрамантаваны і прыстасаваны для працы ў млыне.

У хуткім часе млын нацыяналізавалі і перадалі ў Столінскі райпрамкамбінат, а затым аддалі калгасу. Малолі тут збожжа і для калгаса, і для насельніцтва. З цягам часу перавялі на электрычную цягу, а лакамабіль адправілі на металалом.

Прайшлі гады. Праца ў млыне спынілася, ён быў расцягнуты, разрабаваны і засталося тое, што маем на гэты час.

Як успамінаў некалі былы гаспадар Георгій Сазановіч (дзед `Юрко), калі млын працаваў, то сцены будынка варушыліся, але ён не развальваўся. Яшчэ ён расказваў, што, каб даведацца пра работу млына, ездзіў вучыцца на спецыяльныя курсы ў Варшаву.

Гэта сапраўдная культурная каштоўнасць, але, на жаль, бясхозная.  Такіх архітэктурных збудаванняў, па словах гісторыкаў, няма ва ўсёй Брэсцкай вобласці, а, можа, і ў краіне. Вядучы метадыст па ахове гіторыка-культурнай спадчыны раёна Аляксандр Марушка пацвярджае наяўнасць толькі адной такой пабудовы ў Столінскім раёне і ў Брэсцкай вобласці. А супрацоўнік Столінскага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Вярэніч адзначае, што ўнікальнасць гэтага млына ў тым, што на адным валу можна было выконваць  не менш 5 розных аперацый: малоць збожжа, рабіць крупы, ціснуць алей, часаць воўну, пілаваць дошкі і інш.

Зараз існуе толькі адзін экскурсійна-пазнаваўчы турыстычны маршрут “Па старажытнай Тураўскай зямлі”, шлях якога з Пінска да Турава  пралягае якраз цераз Калоднае. Дык вось у ім, падчас наведвання былой сядзібы Скірмунтаў, і ўпамінаецца гэты млын.

Калісьці супрацоўнікамі раённага краязнаўчага музея з аднадумцамі была зроблена спроба ўключыць гэты архітэктурны помнік у спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці раёна, але яна аказалася безвыніковай. Шкада, што такая спадчына не патрэбна нікому і паступова разбураецца ад дажджу, ветру, снегу і нядобрых людзей.


Фото иллюстрационное из архива МП
Фото: ТГ-канал РУПП
Фото: Shutterstock
Фото РОВД
Фото из архива МП
Фото из архива МП
Фото иллюстрационное
Фото: Пинский телеграм
Фото dpsu.gov.ua
Фото: Pexels.com
Фото использовано в качестве иллюстрации, из архива МП