26 ноября 2024, вторник10:07

Запись

Хлопчык, які запальвае зорачкі на вокладцы “Лучынкі”, жыве ў Лунінцы

9 декабря 2013, 7:29

У выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла дзіцячая кніга на беларускай мове “Лучынка”, аформіла якую мастак з лунінецкімі каранямі Мая Пракаповіч. А на вокладцы гэтага выдання запальвае зорачкі Ігар Пракаповіч, хлопчык, які жыве ў Лунінцы і вучыцца зараз у першым класе сярэдняй школы №4.

Укладальнікамі шыкоўнага беларускамоўнага выдання для дзяцей з’яўляюцца Зося Кустава і Валянціна Салаўёва. Тут і казкі, і паданні, і вершы, у тым ліку ў перакладзе з замежных моў. “Лучынку” можна назваць нашчадкам вядомага “Вераска”.

– Працаваць над мастацкім афармленнем гэтай кнігі было і пашанай, і задавальненнем, – гаворыць Мая Пракаповіч.

У выдавецтва “Мастацкая літаратура” Мая Вячаславаўна  Пракаповіч трапіла па размеркаванні пасля Мінскай акадэміі мастацтваў. Адразу – мастацкім рэдактарам.

– Працаваць мастацкім рэдактарам значна складаней, – дзеліцца спадарыня Мая. – Ў той час, калі  самой свярбіць узяцца за пэндзаль, мусіш ствараць кнігі з чужымі малюнкамі, дзе можаш толькі скіраваць мастака, як рэжысёр.

Мастачка прызнаецца, што вельмі любіць маляваць дзетак, пакуль яны яшчэ анёлкі, не абцяжараныя жыццёвым досведам. Чаму менавіта Ігар на вокладцы “Лучынкі”? “Таму што гэта мой самы маленькі брат, таму менавіта ён запальвае чароўныя зорачкі. Наогул зборнік “Лучынка “ – сямейная кніга-чытанка, якая нясе святло асветы, як ззянне начных зорачак”, – адзначае спадарыня Мая.

Герой вокладкі Ігар Пракаповіч прызнаецца, што яму вельмі падабаецца, як яго намалявала Мая. – “Толькі я там яшчэ малы, – гаворыць хлопчык. – А зараз я ўжо ў першым класе”.

Ігар распавёў таксама, што настаўніца чытае дзецям “Лучынку”, чытае і мама, і сам спрабуе, але пакуль беларуская мова даецца цяжкавата.

Дарэчы, мама Ігара – Тамара Міхайлаўна Пракаповіч – выкладае геаграфію ў той жа школе, дзе вучыцца сын. Яна вельмі ганарыцца пляменніцай.

Сама Мая прызнаецца, што зараз бывае на Лунінеччыне не так часта, як хацелася б:

– Лунінеччына – край, дзе нарадзілася мая матуля, дзе дагэтуль жыве мая любімая бабулечка Люба ў вёсцы, з амаль што аднайменнай назвай – Любань. Калі была малая, ездзіла да бабулі часцей, цяпер, на жаль, часу не стае.

Ёсць у скарбонцы Маі Пракаповіч і іншыя кніжкі, вельмі дарагія сэрцу. Напрыклад, зборнік Рыгора Барадуліна"Сябрына". Паэт выказаў ёй словы ўдзячнасці за радасць ад такой кнігі.

Зараз Мая Пракаповіч малюе кніжку з казкай Уладзіміра Караткевіча “Жабкі і чарапаха”. “Я там шмат дапрыдумвала, таму, можна сказаць, што па матывах казкі”, – гаворыць спадарыня Мая. Шмат у яе і іншых планаў.

Няхай усе яны спраўдзяцца! А мы з задавальненнем будзем чытаць і глядзець малюнкі!


Иллюстрация media-polesye.com
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: Kerem Uzel / Bloomberg
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: unsplash.com