25 ноября 2024, понедельник04:26

Культура

Выстаўка работ мастака Уладзіміра Уродніча адкрыецца 20 верасня ў Століне

19 сентября 2020, 13:42

Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

Яны застануцца ў горадзе назаўсёды.

20 верасня ў 13.00 у выставачным павільёне г.Століна (вул. Савецкая) адкрыецца выстаўка работ мастака Уладзіміра Уродніча, прысвечаная яго Малой Радзіме ў год 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Падрабязна пра мастака чытачам Медыя-Палессе рассказала дырэктар Столінскага раённага краязнаўчага музея Святлана Вярэніч.

– Нарадзіўся Уладзімір Уродніч ў 1942 годзе ў вёсцы Вялікія Арлы. У 1963 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1972 годзе – Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў такіх вядомых майстроў жывапісу, як А. Шаўчэнка, І. Ахрэмчык, Н. Воранаў.

Значнае месца ў  мастацкім арсенале жывапісца займае тэма малой Радзімы – Століншчыны. Сярод  палотнаў вылучаецца цыкл работ пад назвай “Людзі Століншчыны”, ў якім ён распавядае аб сваім поглядзе на жыццё і дзейнасць людзей, што жывуць паміж Прыпяццю і Гарынню. Створанныя ім палотны: “Дарога майго юнацтва”, “Апошнія яблыкі бабкі Тэклі”, “Гоман Палесся”, “Тумановая раніца”, “Расцвіталі яблыкі і грушы”, “Раніца Гарыні” і іншыя,  далучаюць яго творы да шматтомнай гісторыі культуры Палесся.

Мастак  верыць, што ў прыродзе існуе нейкая сіла, якая падхоплівае людскія галасы і аповяды аб іх справах, падымае над зямлёй і нясе ў сіняе неба, ў вечнасць, разам з блакітнымі аблокамі, туды ў касмічную прастору. Доказам таго, што гэта так, сведчыць белакрылы бусел, які штогод вясною, пад куванне зязюлі і шчэбет жаваранкаў, з музычным клёкатам кружыць над нашымі квітнеючымі палеткамі, зазываючы нас да новых стваральных спраў і мелодый аб родным краі.

Уладзімір Васільевіч, павандраваўшы па  свету, пагаджаецца з паэтам А. Ставерам, які гаворыць што: “… каб любіць Беларусь нашу мілую трэба ў розных краях пабываць, разумею цяпер чаму з выраю журавы на Палессе ляцяць.” Так, яны ляцяць разам з аблокамі і паміж імі, але ляцяць да нас. Гэты бясспрэчны, на думку мастака факт вабіць яго да бацькоўскіх каранёў, натхняе, дапамагае трымацца родных берагоў, сустракацца з землякамі, успамінаць сваё дзяцінства, апаленае вайною. Напэўна і па гэтай прычыне, побач з тэмай Палесся, жывапісец развівае батальны жанр у беларускім мастацтве.

Зараз мастак з’яўляецца кіраўніком секцыі “Традыцыя” Беларускага саюза мастакоў і членам студыі ваенных мастакоў Міністэрства абароны РБ. Створаныя ім палотны “На магілёўскім накірунку”, “На маршы “галоўнага ўдару”, “Час квітнення лілей”, “Вогненны Днепр 1941 г.”, “Непрачытанныя пісьмы” і іншыя з’яўляюцца заметным укладам мастака ў скарбонку сучаснага жывапісу Беларусі. З мальберта У. Уродніча ў год 75-годдзя Вялікай Перамогі выйшла кампазіцыя “Час прылёту дзікіх гусей”, прысвечаная камандзіру партызанскага атрада імя Чкалава П. Тамілаву – паплечніку яго загінуўшага бацькі.

Творы мастака экспанаваліся з 1973 года практычна на ўсіх рэспубліканскіх, шэрагу ўсесаюзных, а таксама замежных выставах мастакоў Беларусі. Многія з іх захоўваюцца ў музейных фондах вядучых музеяў дзяржавы.

Заслужаны дзеяч мастацтваў РБ (1992 г.), лаурэат спецыяльнай Прэміі Прэзідэнта РБ (2005 г.) – ён узнагароджаны шэрагам Дзяржаўных узнагарод. Нягледзячы на сталы ўзрост, мастак працягвае і сёння плённа працаваць на ніве мастацтва. Яго дэвіз: “створанае павінна належыць народу”.

Творы гэтай выставы мастак назаўсёды і бескарысна перадае на пастаяннае захоўванне  нашаму раённаму краязнаўчаму музею. У экспазіцыі 28 работ, створаныя ім у розныя гады. Партрэты землякоў пры жыцці былі напісаныя з натуры. Шкада, што ніводнага з іх ужо няма сярод нас.

Працуючы з эцюднікам на сваёй радзіме, ці ў іншых мясцінах, мастак заўсёды адчувае дыханне ў спіну сваёй маці Вольгі Кандратаўны, якая не пабаялася адправіць у вялікі мегаполіс шаснадцацігадовага хлапчука шукаць сваё шчасце. І ён не згубіўся сярод люду, не забыўся дарогі дахаты…

Мастак зноў вярнуўся да нас, і ў гэтым ён бачыць сэнс свайго жыцця. Адкрыццё выставы майстра адбудзецца 20 верасня 2020 года ў выставачным павільёне па вуліце Савецкай. Чакаем вас!


Иллюстрация media-polesye.com