У 14.00 ля мясцовага дома культуры пачалася канцэртная праграма, удзел у якой прынялі самадзейныя артысты вёскі, і разгарнуўся гандлёвы рад.
Да землякоў са словамі вітання і невялічкім экскурсам у гісторыю вёскі звярнуўся старшыня Рухчанскага сельсавета Валерый Ліс. Старшыня Столінскага райсавета дэпутатаў Аляксей Дзямко гаварыў пра тое, што кожнаму патрэбна берагчы родную вёску, клапаціцца аб захаванні чысціні і парадку на бацькоўскай зямлі. Аляксандры Палхоўскай, Уладзіміру Дзенісовічу і старшыні СПК “Рухчанскі” ўручаны ўзнагароды за парадак у асабістых дварах і на тэрыторыіі СПК.
У в.Рухча на сённяшні дзень ёсць 4 жыхары, якім ужо за 90 год: Марыя Калаур, Вольга Дзікавіцкая, Ганна Шаламіцкая і Надзея Качаноўская (ёй 93 гады і яна самая старэйшая сярод доўгажыхароў). 63 людзям ўжо за 80 год. І толькі адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны застаўся ў в.Рухча. Гэта Іван Паўлавіч Падвіцельскі. Самы маленькі жыхар вёскі – Улляна Шаміч, якая нарадзілася 19 лютага 2013 года, яе бацькам, як і старэйшаму жыхару вёскі і ветэрану ад сельсавета і дома культуры ўручаны падарункі.
Не абышлося без ушанавання працаўнікоў мясцовага СПК: віншавалі людзей, якія працуюць ўжо больш за 40 год, і моладзь. Гэта Іван Палхоўскі, Іван Шаламіцкі, Пётр Багатка, Аляксандр Кужко, Уладзімір Рамашка.
Вядучыя праграмы Аксана Дзямко і Эдуард Голышаў назвалі выхадцаў з Рухчы, якія сталі вучонымі, кандыдатамі навук. Не абмінулі ўвагай і Соф’ю Сцяпанаўну Матвяйчук, якая каля 40 год адпрацавала ў мясцовай бібліятэцы, і самую актыўную ўдзельніцу вясковых і раённых творчых свят – Таццяну Галух.
Ля летняй сцэны працавала выстава творчых работ вясковых умельцаў. Усе жадаючыя маглі пакаштаваць салодкую вату, халодны квас, розныя прысмакі. Для дзяцей працаваў батут.