Адна з арганізатарак, Настасся, распявяла карэспандэнту «Медиа-Полесья”:
– Апошні год арт-жыццё краіны сканцэнтравалася ў так званых "незалежных ДК". Шмат хто чуў пра Арт-сядзібу ў Мінску ці ДК "La mora". Нешта падобнае мы вырашылі стварыць і ў Лунінцы. Мне здаецца, што нашаму гораду не хапае такога месца, дзе моладзь можа сустракацца, знаёміцца, разам глядзець цікавыя стужкі ці дыскутаваць.
На жаль, хатку ў самім горадзе мы не знайшлі, але я не думаю, што гэта вялікая праблема. Кожны, хто захоча неяк прыняць удзел у жыцці "Хаткі", зможа проста звязацца з арганізатарамі.
Праца ў "Хатцы" ужо пачалася: фарбуюцца сцены, прыбіраецца смецце, але працоўных рук катастрафічна не хапае. Бо мы рамантуем не толькі саму хатку, але і дворык. Дарэчы, ён вельмі вялікі – вялікая прастора для рэалізацыі цікавых задумак.
Думаю, што атрымаецца вельмі цікавае месца, куды можна будзе прыехаць, сустрэцца з сябрамі ці проста паваляцца ў гамаку.
Таксама ў нас будзе існаваць буккросінг – навінка для горада – бібліятэка, дзе кнігі можна браць бясплатна, чытаць, пасля вяртаць ці перадаваць іншаму.
Плануем адчыніць "Хатку" ужо ў жніўні.
Каманда ініцыятныўных людзей запрашае ўсіх ахвотных далучыцца да стварэння ўнікальнай для рэгіёна пляцоўкі для правядзення кіна-праглядаў, дыскусій, сустрэч з цікавымі людзьмі, выстаў, майстар-класаў, летнікаў. У кожнага ёсць ўнікальная магчымасць стварыць альтэрнатыву сумнаму і нецікаваму лету!
Звязацца з арганізатарамі можна праз мэйл: [email protected].
Вітаюцца пажаданні, ідэі і новыя сябры!