Міжнародная сацыяльна-творчая праграма «Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця» праходзіць ва ўсіх раёнах, вёсках, пасёлках, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Асноўная мэта праекта – прафесійнае супрацоўніцтва артыстаў краіны з таленавітымі дзецьмі і падлеткамі, што жывуць на тэрыторыі пацярпелых ад наступстваў аварыі раёнаў. На канцэртных пляцоўках разам са знакамітымі артыстамі выступаюць мясцовыя таленавітыя дзеткі.
Сутнасць праекта ў тым, каб ў далейшым дапамагчы юным талентам у іх творчым станаўленні. Дзякуючы гэтай праграме магчымасць выступаць на галоўных канцэртных пляцоўках краіны атрымалі Паліна Смолава, Андрэй Шумак, Вячаслаў Гаршкоў і іншыя.
Нязменным кіраўніком праекта ўсе 27 год запар з’яўляецца Кацярына Іванаўна Коплева. Мастацкія кіраўнікі – кампазітары Эдуард Ханок і Ігар Лучанок. Арганізатарамі праграмы з’яўляюцца Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускі фонд міру, ЦК ГА «БРСМ».
У нядзелю адбыўся чарговы сумесны канцэрт артыстаў беларускай эстрады і юных зорак у рамках гэтай праграмы. На гэты раз – з Фядоры. У пачатку канцэрта да гледачоў і артыстаў звярнулася кіраўнік праекта Кацярына Іванаўна Копелева, якая адзначыла важнасць, карысць праграмы, ўспомніла пра Яну Вышынскую – адну з вельмі таленавітых удзельніц праекта са Століншчыны.
Творчую праграму распачаў калектыў ансамбля песні і танца ўнутраных войскаў МУС РБ гурт “Паварот”. На сцэну выйшлі Вячаслаў Гаршкоў і Яна Цінь, якія таксама калісьці выступілі разам з дарослымі артыстамі ў рамках гэтай праграмы. Асабліва запомнілася гледачам (гэта было відаць па гучных, працяглых апладысментах) выступленне лаўрэата міжнародных конкурсаў, фестываляў з Брэста Генадзя Санько. А завяршыўся канцэрт выступленнем салістаў ансамбля танца і песні ўнутраных войск Міністэрства ўнутраных спраў Юрыя Ісаенка і Вольгі Алексінай.
У сярэдзіне праграмы выступілі выхаванцы Фядорскага СДК: Таццяна Барысевіч выканала песню «Далёка ад мамы», Наталля Гізмант спявала пра «Маленькую краіну», Вольга Туцкая і Алёна Барысевіч падарылі слухачам песню «Чорны кот».
Юныя артысты атрымалі не толькі гучныя апладысменты зала і памятныя календары ад кіраўніка праекта, а і пэўны сцэнічны вопыт выступлення на адной сцэне з прафесійнымі выканаўцамі.
У заключэнні старшыня Фядорскага сельсавета Марыя Арсенцьеўна Мельніковіч ад імя ўсіх жыхароў аграгарадка падзякавала арганізатарам і ўдзельнікам праекта са цёплую сустрэчу.
Як падзялілася з карэспандэнтам «Медыя-Палесся» Кацярына Копелева, у Фядорах яна адзначыла выступленне Таццяны Барысевіч, пахваліла выступленне астатніх дзяўчынак.
«У межах праграмы напярэдадні дня трагедыі на Чарнобыльскай АЭС адбудзецца творчая сустрэча таленавітых дзяцей, а ў верасні, напярэдадні Міжнароднага дня міру, пройдзе форум таленавітых зорак глыбінкі», – дадала Кацярына Копелева.