Пра неабходнасць
На абодвух сустрэчах новапрызначаны біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка падзякаваў уладам за віншаванні, якія атрымаў у сувязі з прызначэннем на пасаду.
Пры размове з Канстанцінам Сумарам біскуп закрануў пытанні з’яўлення месцаў культу ў новых мікрараёнах гарадоў, куды ў сувязі з унутранай міграцыяй з вёсак перамясцілася частка каталіцкага насельніцтва.
На думку краязнаўцы Эдварда Злобіна, які даследваў гісторыю Пінска за часы ІІ Рэчы Паспалітай (1921-1939), у палескай сталіцы даўно наспела неабходнасць пабудовы касцёлу ў новым мікрараёне:
“Гэта неабходна. Я не кажу аб тым, што трэба вялікі касцёл. Можна ўзвесці досыць сціплы будынак на некалькі дзесяткаў вернікаў і гэтага будзе дастаткова. Не ўсе маюць магчымасці заехаць у цэнтр месца”.
Каталіцкія вернікі характарызуюць Антонія Дзем’янка як чалавека энергічнага, адказнага. Многія звязваюць з ім ажыццяўленне доўгачаканых планаў.
Касцёл на могілках
У Пінску на старажытных каталіцкіх могілках XIX стагоддзя, якія рэгулярна пакутуюць ад вандалаў, калісьці быў касцёл. Зруйнавалі яго ў часы панавання атэістычнай улады бальшавікоў. З пачатку 90-х гадоў больш старэйшыя вернікі не аднаразова выказваліся за аднаўленне, але гэта засталося на ўзроўні размоў.
Штогод на месцы праходзіць малебен.
Аднавіць было б добра. Па двух прычынах. Па-першае, само месца гаворыць за сябе. Па-другое, у раёне могілак пражываюць вернікі, якім з-за ўзросту ўжо цяжка дабірацца ў катэдру.
Касцёл Святога Станіслава
(…) У сувязі з тым, што будынак па сваім тэхнічным стане не можа быць адноўлены для выкарыстання пад культурна-побытавае памяшканне, а таксама не з'яўляецца архітэктурным помнікам (…), так у ліпені 1953 года прагучала матывацыя старшыні Пінскага гарвыканкама Фёдара Пастухова (1904-1967) аб неабходнасці знесці касцёл св.Станіслава на гарадской плошчы. У жніўні таго ж году катэдру падарвалі. Пінск назаўжды згубіў архітэктурны шэдэўр, які захапляў гасцей з усяго свету.
Гэта быў буйнейшы касцёл у Рэчы Паспалітай.
Цяпер на яго месцы ГДК і плошча, на якой час ад часу праходзяць народныя гулянні.
У 2007 годзе, ў момант рэстаўрацыйных прац на плошчы, дэмакратычная супольнасць і аматары мінуўшчыны прапанавалі аднавіць катэдру, але адказ быў прадказальны. Галоўная прычына – адсутнасць фінансаў, а ўжо пасля – жаданне і патрэба.
Касцёл Карла Барамеўша
Захаваны да нашых часоў, але з 1960-х камуністычныя ўлады зачынілі касцёл і выкарыстоўвалі памяшканне ў гаспадарчых мэтах. У 1980 годзе аддалі пад канцэртную залу.
У пачатку 90-х улады прапанавалі Казіміру Свёнтку перадаць будынак Пінскай дыяцэзіі, але кардынал адмовіўся з-за цяжкага фінансавага стану. Тады не было грошай, каб нават утрымоўваць касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Вядома, што касцёл Карла Барамеўша вымагае шмат сродкаў на яго ўтрыманне, а прыбытак ад канцэртаў мізэрны. Магчыма, што Міністэрства культуры пры жаданні каталіцкіх іерархаў магло б зноў прапанаваць перадаць ва ўласнасць дыяцэзіі.
Размоў шмат, чутак яшчэ больш, але ці пачнуцца рэальныя змены пакажа час. Ва ўсялякім выпадку, з’яўленне новага касцёлу ў Пінску ніякім чынам не пашкодзіць гораду, а будзе толькі моцным плюсам для развіцця рэлігійнага жыцця.