Папяльцовая серада атрымала сваю назву ад абраду пасыпання галоваў попелам. У літургіі гэты сімвал суправаджаюць словы святара: «Ты прах і ў прах вернешся» або «Кайцеся і верце ў Евангелле».
Попел, які ў гэты дзень вернікі прымаюць на галовы, — знак прызнання сваёй недасканаласці і залежнасці ад Бога. Акт пасыпання галавы попелам сімвалізуе прыняцце закліку перамяніць сваё жыццё і падкарэктаваць паводзіны.
Попел, якім у гэты дзень святар пасыпае верніка мгаловы, паходзіць са спаленых вярбовых галінак, якія ў мінулы год неслі ў працэсіі ў Пальмовую нядзелю.
У Папяльцовую сераду кожны католік павінен прыняць удзел у святой Імшы. У гэты дзень неабходна ўстрымлівацца ад спажывання мяса і абмежавацца ў колькасці спажыванай ежы, чаго не патрабуюць астатнія дні посту, акрамя пятніц.
Папяльцовая серада і Вялікі пост – нагода, каб прыгледзецца да ўласных паводзінаў. Гэта нагода, каб здолець паглядзець на два асноўныя вымярэнні — адносіны з Богам і бліжнім, а потым на грамадскія адносіны ў дачыненні да большай супольнасці.
У першыя стагоддзі хрысціянства падрыхтоўка да велікодных святаў працягвалася толькі сорак гадзін. Пазней стала займаць тыдзень, пакуль у V стагоддзі пост не стаў больш працяглым.
Паводле catholic.by