Нагадаем, 28 ліпеня суд Пінскага раёна і горада Пінска пачаў паўторны рзгляд справы ў дачыненні да Алеся Аўсеенка, якому інкрымінуецца ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве на плошчы Леніна 26 сакавіка.
Раней, 27 красавіка, спадар Аўсеенка ўжо быў завочна асуджаны за гэтыя дзеянні і пакараны штрафам у 20 базавых велічыняў. Аднак пінчук абскардзіў рашэнне мясцовага суда. Праз працэдурныя парушэнні Брэсцкі абласны суд адмяніў судовы вырак і вярнуў справу на перагляд у Пінск.
Пад час суду Алесь Аўсеенка зрабіў выступ, у якім падкрэсліў, што не рабіў ніякага правапарушэння і лічыць, што патрапіў пад палітычны пераслед. Згодна з Канстытуцыяй Беларусі, народ мае права на мірныя сходы. А чыноўнікі і праваахоўнікі павінны за грошы падаткаплацельнікаў абслуговываць свой народ.
11 жніўня было зачытана рашэнне – прызнаць Алеся Аўсеенка вынаватым у парушэнні часткі 1 артыкулу 23. 34 КоАПП РБ “Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў”. Яму прызначаны штраф у памеры 20 базавых велічыняў.
Пінчук ізноў не пагадзіўся з судовым выракам Пінскага суда і абскардзіў яго ў Брэсце. На гэты раз суд Брэсцкай вобласці пакінуў рашэнне Пінскага суда ў сіле.
– У кастрычніку прышло паведамленне з Брэста, што штраф ў памеры 20 базавых велічыняў мне прысуджаны правамерна. – распавядае спадар Алесь.
Аднак на гэтым жыхар Пінска спыняцца не збіраецца:
– Па словах юрыстаў, на падставе гэтых маючыхся ў мяне судовых рашэннях, я ўжо магу падаваць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Але ж я хачу прайсці ўсе прыступкі беларускай судовай сістэмы.
Для гэтага Алесь Аўсеенка павінен абскардзіць судовае рашэнне ў старшыні Брэсцкага абласнога суда і дайсці да Вярхоўнага суда краіны.
Спадар Алесь мяркуе, што ў Беларусі праўды не даб’ецца, і робіць гэта, каб паказаць, што правасуддзя ў нас няма:
– Нават па дзеючым заканадаўстве я ніякага правапарушэння не зрабіў. А па міжнародных законах, якія ў тым ліку і падпісвала Беларусь, – гэта увогуле абсурд.
Нават, калі пінчук дакажа сваю невінаватасць у Камітэце ААН па правах чалавека, то гэта будзе толькі маральнай кампенсацыяй:
– Ведаю, што ужо былі станоўчыя рашэнні гэтага камітэта па беларускіх справах, Беларусі прапаноўвалася выправіць несправядлівыя судовыя рашэнні. Аднак, кіраўніцтва краіны ніяк не рэагуе на патрабаванні міжнародных структур.
Алесь лічыць, што варта зафіксаваць прозвішчы людзей, якія фактычна займаюцца палітычным пераследам, таму раіць грамадзянам краіны, якія патрапілі ў падобныя сітуацыі, ісці да канца і звяртацца ў міжнародныя інстанцыі.
Спадар Аўсеенка таксама заўважыў, што праз судовыя пошліны доступ для правасуддзя ў Беларусі стаў абмежаваным:
-За кожнае абскарджванне я плачу па дзве базавых велічыні, грошы для незаможнага чалавека зоўсім не малыя. Некалькі гадоў таму ў мяне быў досьвед абскарджванняў судовых рашэнняў, і тады ніякіх пошлін з мяне не бралі.
То бок, калі у чалавека малы даход, то ён проста не здолее весці судовыя цяжбы. А небагатых людзей у нас большасць, – рэзумуе Алесь Аўсеенка.