Супрацоўніца музея Жанна Верыч распавяла Медиа-Полесью аб тым, як заслужыць пачэсны статус “народны”:
– Гэта прэстыжнае званне і прызнанне нашага прафесіяналізма. Да гэтага мы iшлі шмат гадоў. Музей, спачатку як школьны, быў заснаваны ў 1962 годзе. Ён займаў адзін невялікі пакойчык і першыя матэрыялы аб жыцці пісьменніка збіралі мясцовыя шкаляры пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Івана Калошы.
У 1990 годзе быў заснаваны Літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа. У ім ужо стала тры экспазіцыйныя залы. Паступова колькасць экспанатаў дасягнула 600, а колькасць наведвальнікаў больш за 2000 у год. Штогод на базе музея праходзяць літаратурныя гасцёўні, школы юных экскурсаводаў, калектыў музея ўдзельнічае ў шматлікіх конкурсах. Нашу працу заўважылі ў Міністэрстве культуры і надалі званне “народны”.
Па меркаванні Жанны Верыч, званне “народны” азначае яшчэ і тое, што народ дапамагаў збіраць экспанаты, і пінкаўцы (саманазва жыхароў вёскі Пінкавічы – аўт.) любяць гэты музей і называюць яго Коласава хата. Якуб Колас сапраўды жыў у будынку школы, бо ў тыя часы для настаўнікаў было выдзелена тры пакоі.
– У Коласаву школу прыязджаюць шмат дэлегацый,і не толькі з Беларусі. А нядаўна пабываў у музеі ўнук вучня, якога вучыў Якуб Колас. Таму налетагэтага года мы задумалі такі праект, каб сабраць інфармацыю аб лёсах пінкаўцоў, якія вучыліся ў Коласа, – расказвае спецыяліст. – Магчыма ў іх засталіся знакамітыя нашчадкі. Дарэчы, мала хто ведае, што Якуб Колас парадніўся з адной сям’ёй з нашай вёскі – ён хрысціў дзіця і стаў кумам.
Па словах спадарыні Жанны, музей у шырокім сэнсе разумеецца, як “прастора памяці”. Сёння людзі прыходзяць у музей не толькі дзеля таго, каб атрымаць новыя веды, але і каб пацвердзіць свае веды, дакрануцца да сапраўдных сведкаў гісторыі і эмацыянальна адчуць мінулае.